«Чым больш такіх фільмаў, тым лепш». Delfi лічыць, што публікацыя стужкі пра пратэсты была карысная беларусам


Літоўскі партал Delfi апублікаваў калонку, у якой тлумачыць, чаму лічыць, што рэдакцыя не нясе ніякай адказнасці за наступствы публікацыі фільму пра беларускія пратэсты 2020 года «Хронікі сучаснасці» Мікалая Мамінава. У матэрыяле аўтар таксама задае пытанні беларускім дэмакратычным сілам, што яны зрабілі дзеля бяспекі ўдзельнікаў пратэстаў.

Пратэсты 2020 года ў Менску.
Фота: Рада БНР/Facebook

Выпуск на Youtube-канале Delfi стужкі з несхаванымі тварамі ўдзельнікаў пратэстаў выклікаў шмат крытыкі на адрас парталу і аўтара фільму, дыскусіяў, абмеркаванняў. ГУБАЗіК заявіў, што дзякуючы фільму ўдалося ідэнтыфікаваць і затрымаць некаторых пратэстоўцаў.

Аўтар калонкі Кірыл Касцян сцвярджае, што «ў фільме няма новых кадраў, паколькі ён базуецца на матэрыялах, якія пры жаданні можна было і раней знайсці ў інтэрнэце», такім чынам, яшчэ адна іх публікацыя не зменіць сітуацыю. Аўтар прыгадвае кнігу «Я выходжу», якая была апублікаваная ўвесну 2021 года і зрабілася падставай для затрымання больш чым 50 чалавек.

«Просты інтэрнэт-пошук па запыце «пратэсты ў Беларусі 2020 г.» на любой мове выдасць масу фота- і відэаматэрыялаў, на якіх можна ідэнтыфікаваць твары пратэстоўцаў», – піша аўтар Delfi і зазначае, што большая частка гэтых матэрыялаў распаўсюджвалася незалежнымі медыямі. Што ў сваю чаргу было карысна, бо пра беларускія пратэсты даведаўся ўвесь свет, лічыць журналіст.

Каментар
Фільм «Delfi» пра пратэсты ў Беларусі рэтушавалі тры разы
2023.07.25 22:58

Далей у калонцы падымаецца пытанне бяспекі пратэстоўцаў і таго, што дэмакратычныя сілы зрабілі для яе гарантавання яшчэ ў 2020 годзе.

«Мне згадваецца адна канферэнцыя ў Вільні ўвосень 2021 года, дзе некаторыя ўдзельнікі казалі пра дыгітальны бок беларускіх пратэстаў. Слухаючы іх, я задаўся пытаннем, наколькі абароненыя героі Тэлеграму і іншых сацсетак ў святле ўсё большай лавіны рэпрэсіяў? Але канкрэтнага адказу я тады не пачуў. Не будзе яго і цяпер, бо ратаванне тых, хто тоне, – клопат тых, хто тоне», – піша Кірыл Касцян.

Дыскусію вакол фільму ён называе «бравадай тых, хто пакінуў Беларусь, перад тымі, хто застаўся», а датычна прэтэнзіяў да аўтараў фільму і парталу Delfi кажа: «позна піць баржомі». «Хайп» вакол фільму журналіст лічыць карысным, бо «Delfi – гэта літоўскі партал і тым самым праблема беларускага грамадства выйшла за ўнутрыбеларускі «міжсабойчык».

Разбор
Чым небяспечны фільм пра беларускі пратэст, у якім не схаваныя твары ўдзельнікаў
2023.07.25 18:25

Публікацыя фільму, паводле аўтара калонкі, лішні раз нагадала Захаду, што людзі ў Беларусі пратэставалі супраць Лукашэнкі, такім чынам нібыта была перабітая афіцыйны лукашэнкаўскі парадак дня, за якім цяпер медыі сочаць актыўней.

Напрыканцы аўтар робіць выснову, што «чым больш будзе з’яўляцца такіх фільмаў, як «Хроніка сучаснасці», тым лепш. Таму што горш – гэта толькі ніяк».

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў