Вайна Украіны і РФ скончыцца ў 2023-м або зацягнецца на гады? Аргументы «за» і «супраць»


У чарговай порцыі «злітых» у сеціва сакрэтных дакументаў журналісты знайшлі прагноз амерыканскай выведкі наконт далейшага развіцця канфлікту Украіны і РФ. Найбольш рэальным сцэнаром у ЗША лічаць сітуацыю, калі ні адзін з бакоў не дасягне вырашальнай перавагі ў 2023 годзе і вайна стане зацяжной. Belsat.eu разбіраўся, якія фактары могуць сведчыць на карысць «тупіковага прагнозу» і якія супраць.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскія вайскоўцы глядзяць у біноклі ля Бахмуту, Украіна. 24 сакавіка 2023 года.
Фота: Aris Messinis / AFP / East News

Паводле «The Washington Post», у «злітых» дакументах амерыканскай выведкі гаворыцца пра тое, што нават калі Украіна адваюе значную частку сваёй тэрыторыі і нанясе вялікія страты расейскаму войску, то мірныя перамовы ў 2023 годзе ўсё роўна будуць малаверагодным. Прычым у істотным поспеху контрнаступу ЗСУ амерыканцы сумняюцца, а найбольш імаверным сцэнаром лічаць нязначныя тэрытарыяльныя набыцці абодвух бакоў. Вайна, мяркуюць спецслужбы ЗША, можа зацягнуцца «далёка пасля 2023 года».

У такой ацэнцы няма нічога новага. Думку пра тое, што вайна Украіны і РФ набудзе зацяжны характар, неаднаразова выказвалі некаторыя заходнія палітыкі, аналітыкі і журналісты. Украінскае кіраўніцтва ў сваю чаргу выказвае ўпэўненасць у тым, што дасягнуць вырашальнай перамогі над РФ у 2023 годзе магчыма. «Я вельмі веру, што мы здолеем перамагчы ў 2023 годзе», – заявіў ў студзені прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. Аднак так лічаць далёка не ўсе. Нават сярод 93% украінцаў, якія ўпэўнены ў канчатковай перамозе над Расеяй, толькі палова лічыць, што гэта адбудзецца да канца 2023 года.

Якія фактары гуляюць на карысць кожнага са сцэнароў?

Аргументы «за» тое, што вайна зацягнецца мінімум да 2024 года

Недахоп рэсурсаў

У «злітых» у сеціва дакументах амерыканскай выведкі падкрэсліваецца, што і Украіна, і Расея проста не маюць дастаткова войскаў і тэхнікі для эфектыўных аперацыяў.

Адпаведныя высновы наконт Расеі ўжо можна лічыць пацверджанымі. Няздольнасць на дадзеным этапе прарваць украінскую абарону расейская армія прадэманстравала падчас няўдачнага зімне-вясенняга наступлення, якое фактычна пераўтварылася ў крывавае таптанне на месцы.

Што тычацца ЗСУ, то тут высновы амерыканскай выведкі на практыцы пакуль не правераны: вялікае контрнаступленне, пра якую вядуцца размовы з канца 2022 года, дагэтуль не распачалося. Разам з тым, абмежаванасць украінскіх рэсурсаў не з’яўляецца сакрэтам.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Мясцовы жыхар махае ўкраінскай БМП-1 па дарозе на лінію фронту недалёка ад Бахмуту, Украіна. 17 сакавіка 2023 года.
Фота: Aris Messinis / AFP / East News

Расея захоўвае колькасную перавагу ў артылерыі, танках і авіяцыі, хаця ў параўнанні з пачаткам вайны ЗСУ здолелі ў значнай ступені гэтую перавагу нівеляваць. Сітуацыя з бранятэхнікай неўзабаве можа для Украіны істотна палепшыцца за кошт паставак заходніх танкаў. Але разлічваць на змену сітуацыі ў паветры не выпадае: да канца 2023 года сучасныя заходнія самалёты Украіна наўрад ці атрымае. Акрамя таго, Украіна таксама адчувае недахоп боепрыпасаў для артылерыі і сілаў СПА.

ЗСУ ў сваю чаргу маюць перавагу ў выведцы, сродках сувязі і высокадакладнай зброі. Важнасць гэтых складнікаў ужо прадэманстравалі падзеі 2022 года. Аднак адсутнасць перавагі па колькасці тэхнікі і людскіх рэсурсаў ставяць пад сумнеў здольнасць украінцаў цалкам разграміць расейскае войска ў 2023 годзе. Тым больш, што цяпер, у адрозненні ад восені 2022 года, да контрнаступлення ЗСУ расейцы планамерна рыхтуюцца.

Асцярожнасць Захаду

Ад самага пачатку поўнамаштабнай вайны ЗША і іх саюзнікі паступова пашыраюць рамкі вайсковай дапамогі для Украіны. Але нягледзячы на відавочны прагрэс на гэтым кірунку Захад усё ж пакуль не гатовыя кінуць на чашу вагаў усе існыя сродкі. Саюзнікі Кіева не хочуць справакаваць Крэмль на далейшую эскалацыю і таму схільныя праяўляць асцярожнасць у пытаннях паставак новых відаў зброі і тэхнікі, асабліва наступальнай. Пры цяперашніх тэмпах паставак забяспечыць крытычную перавагу Украіны над Расеяй у 2023 годзе наўрад ці атрымаецца.

Стрыманасць заходняй дапамогі тлумачыцца не толькі суб’ектыўнымі, але і аб’ектыўнымі прычынамі. Пасля завяршэння халоднай вайны краіны Захаду зыходзілі з таго, што маштабны франтавы канфлікт у Еўропе проста немагчымы і ў адпаведнасці з гэтым меркаваннем ставілі задачы перад сваім ВПК. Да новых выклікаў саюзнікі Украіны аказаліся проста не падрыхтаваныя.

У лютым 2023 года на канферэнцыі ў фармаце «Рамштайн» генеральны сакратара NATO Ёнс Стольтэнберг заявіў, што Украіна расходуе падчас баявых дзеянняў значна больш боепрыпасаў, чым вырабляюць на Захадзе. Таму, каб забяспечыць ЗСУ, краіны NATO мусяць істотна нарошчваць вытворчасць у сваёй абароннай прамысловасці. Натуральна, што імгненна пашырыць маштабы вытворчасці таксама немагчыма, у тым ліку пра недахоп базавых матэрыялаў, выраб якіх трэба будзе наладзіць асобна.

Бескампраміснасць Масквы і Кіева

Паколькі перадумоваў для канчатковай і безумоўнай ваеннай перамогі аднаго з бакоў пакуль не назіраецца, дасягнуць міра ў 2023 годзе можна было б толькі за кошт узаемных палітычных саступак. Аднак ні Кіеў, ні Масква не дэманструюць гатовасці ісці на кампраміс.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Handout / Ukrainian Presidential Press Service / AFP / East News

Украінскае кіраўніцтва настойвае на поўным вызваленні акупаваных тэрыторыяў, у тым ліку Крыма. Без аднаўлення сваёй тэрытарыяльнай цэласнасці Украіна нават размаўляць з Расеяй аб мірным урэгуляванні не гатовая.

Расейскае кіраўніцтва часам заяўляе, што ніякіх папярэдніх умоваў для перамоваў яно не выстаўляе. Але абмяркоўваць статус Крыма, Данецкай, Луганскай, Запарожскай і Херсонскай вобласцей яны не збіраюцца – гэтыя ўкраінскія тэрыторыі расейцы лічаць сваімі. Акрамя таго, аналітыкі мяркуюць, што насамрэч Уладзімір Пуцін яшчэ не адмовіўся ад максімалісцкіх мэтаў па акупацыі ўсёй Украіны.

Аргументы «за» перамогу Украіны ў 2023 годзе

Маральны фактар

Важна падкрэсліць, што высновы амерыканскай выведкі наконт немагчымасці дасягнуць вырашальнай перамогі ў 2023 годзе грунтуюцца «на ўважлівым вывучэнні ЗША колькасці войскаў, узбраення і абсталявання кожнага з бакоў».

Практыка паказвае, што прагнозы выключна на аналізе колькасных паказнікаў далёка не заўсёды спраўджваюцца. Перад пачаткам поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну старшыня Аб’яднанага камітэту начальнікаў штабоў ЗША генерал Марк Мілі казаў, што Кіеў падзе цягам 72 гадзінаў пасля пачатку вайны. «Камп’ютарныя разлікі прагназавалі, што Расея пераможа за 72–96 гадзінаў», – успамінаў потым камандуючы Корпусам марской пяхоты ЗША генерал Дэйвід Бэргер.

Камп’ютарныя разлікі не ўлічваюць маральны дух вайскоўцаў і ўзровень кампетэнтнасці камандавання, а менавіта гэтыя фактары мелі вырашальнае значэнне ў пачатку канфлікту. Нельга выключаць, што і цяпер яны стануць больш важнымі, чым колькасць узбраення і тэхнікі.

Аб’ектыўна ацаніць маральную трываласць войска звонку вельмі цяжка. Разам з тым, існуюць сур’ёзныя сумневы ў матываванасці расейскіх вайскоўцаў. Пра праблемы з баявых духам і дысцыплінай у расейскім войску яшчэ ўлетку 2022 года казалі заходнія выведкі. Былы лідар узброеных фармаванняў «ДНР» Ігар Гіркін (Стралкоў) у канцы 2022 года наракаў, што большасць расейскіх жаўнераў проста не ведаюць, за што яны ваююць. Трывожным сігналам для расейскага камандавання можна лічыць і шэраг вайсковых бунтаў, што мелі месца ў канцы 2022 года. Акрамя таго, у красавіку брытанская разведка звяртала ўвагу на «надзвычай вялікую» колькасць інцыдэнтаў, злачынстваў і смерцяў, звязаных з ужываннем алкаголю расейскімі вайскоўцамі.

Аналітыка
«Яны людзей завуць мясам». Чаму ў Расеі бунтуюць вайскоўцы
2022.11.07 15:52

Да таго ж падзеі 2022 года высветлілі праблемы расейскага войска з камандаваннем, сувяззю і аператыўнымі рашэннямі ў крытычных сітуацыях.

У выпадку паспяховага прарыву фронту ЗСУ ўсе гэтыя фактары разам узятыя могуць нівеляваць перавагу Расеі ў людскіх рэсурсах, узбраенні і тэхніцы. Крытычнае падзенне баявога духу, страта кіравання і паніка можа зрабіць войска проста небаяздольным і справакаваць развал тылу.

У гісторыі нямала прыкладаў, што падобныя працэсы на фронце прыводзілі да хуткай ваеннай паразы, хаця сітуацыя на мапе баявых дзеянняў у той момант выглядала зусім не пагрозліва. Самы яскравы прыклад – параз блоку Цэнтральных дзяржаваў у Першай сусветнай вайне. Германская імперыя тады была вымушана капітуляваць, хаця ніводны жаўнер саюзнікаў нават не наблізіўся да нямецкай мяжы.

Тэхналагічны рэгрэс

Яшчэ адным важным фактарам, які паскорыць завяршэнне вайны, з’яўляецца абмежаванасць магчымасцяў расейскага ВПК, асабліва ва ўмовах заходніх санкцыяў.

Дэфіцыт снарадаў адчувае не толькі ЗСУ, але і расейская арміі. Прыкметы крызісу сталі назірацца яшчэ мінулай восенню: калі ўлетку 2022 года расейцы часам трацілі да 30 тысяч снарадаў у содні, то зімой толькі да 10 тысяч. У сакавіку 2023-га Пуцін прызнаў сур’ёзнасць праблемы, паведаміўшы пра ўвядзенне «пэўных лімітаў» на выкарыстанне снарадаў на фронце.

Украіне пераадолець снарадны голад будзе дапамагаць прамысловасць краінаў Захаду, а Расеі прыходзіцца разлічваць толькі на сябе, да чаго агрэсар не рыхтаваўся. «Нельга, калі ты 30 гадоў нічога не рабіў, за адзін дзень ва ўмовах вайны і ва ўмовах дзеяння санкцыяў зрабіць гэтак, як табе хочацца», – каментаваў сітуацыю кіраўнік ГУР Украіны Кірыл Буданаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.Украінскія вайскоўцы страляюць са 105-мм гаўбіцы па расейскіх пазіцыях ля Бахмуту, Украіна. 4 сакавіка 2023 года.
Фота: Aris Messinis / AFP / East News

Да таго ж агрэсар не мае магчымасці адэкватна папоўніць страты ў бранятэхніцы. Незалежныя назіральнікі заўважылі, што ў сакавіку 2023 года Расея пачала здымаць з захоўвання танкі Т-54/55, першыя мадыфікацыі якіх былі распрацаваныя яшчэ ў 40-50-х гадах XX стагоддзя. Таксама на фронт Расея кідае БТР-50П сталінскіх часоў і іншую састарэлую тэхніку. Усё гэта сведчыць пра відавочны тэхналагічны рэгрэс расейскай арміі.

ЗСУ ў сваю чаргу наадварот тэхналагічна развіваецца за кошт заходніх паставак, што будзе нівеляваць колькасную перавагу расейскага боку. Нямецкі вайсковы эксперт Маркус Койп, напрыклад, мяркуе, што да кастрычніка 2023 года рэзервы арміі РФ вычарпаюцца настолькі, што ёй застанецца толькі акопвацца, ні аб якіх далейшых вайсковых аперацыях не можа быць і гаворкі.

Пагроза рэвалюцыі

Ваенныя няўдачы і развал фронту ў сваю чаргу могуць прывесці да палітычнага крызісу ўнутры краіны.

Абвесціўшы пра далучэнне акупаваных тэрыторыяў да Расеі, Пуцін паставіў сябе ў безвыходную сітуацыю: фактычна любыя саступкі, нават вяртанне да межаў 24 лютага 2022 года (не кажучы ўжо пра межы 1991 года) цяпер для яго будзе катастрафічнай паразай, якую ніякая прапаганда не схавае. Няўдачы на фронце не рэдка ў гісторыі станавіліся прычынай падзення аўтарытарных рэжымаў. Часам, як гэта было ў перыяд Лютаўскай рэвалюцыі ў Расеі ў 1917 годзе, уладу зносілі нават не праціўнікі, а прыхільнікі «вайны да пераможнага канца». Аднак унутраныя ўзрушэнні ўсё роўна рабілі далейшае вядзенне вайны фактычна немагчымым.

Бываюць і адваротныя прыклады – напрыклад, у Іраку рэжым Садама Хусейна пасля паразы ў вайне ў Персідскай заліве ў 1991 годзе здолеў выстаяць і праіснаваў яшчэ 12 гадоў. Але ваенныя паразы ў любым выпадку значна павышаюць пагрозы для ўнутранай стабільнасці. Асабліва гэта актуальна для такой краіны як Расея, якая да татальнай вайны першапачаткова не рыхтавалася. Той факт, што Пуцін цягнуў з першай хваляй мабілізацыі сем месяцаў, а на ўсеагульную пакуль дагэтуль не вырашыўся, сведчыць пра тое, што да рызыкі ўнутраных хваляванняў у Крамлі ставяцца вельмі сур’ёзна.

Глеб Нержын belsat.eu

 

Стужка навінаў