Без самалётаў, але з танкамі, снарадамі і СПА. Чым Захад дапаможа Украіне ў «пераломны момант»


14 лютага ў штаб-кватэры NATO у Бруселі адбылося чарговае паседжанне Кантактнай групы па каардынацыі заходняй дапамогі для Украіны (так званы фармат «Рамштайн»). Прарыўных рашэнняў на сустрэчы прынята не было, але ў Бруселі былі расстаўлены прыярытэты ў вайсковых пастаўках на найбліжэйшы час.

Пасяджэнне кантактнай групы ў штаб-кватэры NATO ў Бруселі. 14 лютага 2023 года.
Фота: AA/ABACA / Abaca Press / Forum

Сустрэча ў фармаце «Рамштайн» адбылася ў сітуацыі, калі на Захадзе ўсё больш кажуць пра надыход вырашальнага этапу канфлікту. Газета The Washington Post паведаміла, што ў Белым Доме ўпэўнены: настаў «пераломны момант», калі вайна можа змяніць сваю траекторыю. Маецца на ўвазе перш за ўсё шырокамаштабнае расейскае наступленне і ўкраінскае контрнаступленне, якія, як чакаецца, будуць разгортвацца гэтай вясной.

Кіраўнік Пентагону Ллойд Осцін таксама заявіў у Бруселі, што цяпер ідзе гаворка пра «крытычна важны момант». Ён паабяцаў, што ЗША дапамогуць Украіне ў вясеннім контрнаступленні і працягнуць аказваць падтрымку ў доўгатэрміновай перспектыве.

Hавiны
NATO: Украіна мае акно магчымасцяў, каб пахіснуць баланс у вайне
2023.02.15 17:54

Аднак з некаторымі рашэннямі Захад не мае намеру спяшацца.

Самалётаў пакуль не будзе

Афіцыйны Кіеў, імаверна, чакаў ад сустрэчы ў Бруселі прарыву ў пытанні паставак авіяцыі. Міністр абароны Аляксей Рэзнікаў у пачатку лютага выказаў упэўненасць, што Украіна атрымае ад сваіх саюзнікаў тактычную авіяцыю (тэрміны паставак ён, праўда, не назваў). Паводле міністра, пытанне цяпер толькі ў тым, што гэта будуць за самалёты – F-16, Gripen або нешта іншае. Перад пачаткам перамоваў у Бруселі Рэзнікаў паказаў журналістам нагрудную хустачку колеру хакі, на якой быў намаляваны чарцёж самалёта – відавочны намёк на тое, чаго чакае ад Захаду ўкраінскія ўлады.

Аднак рашэнне па самалётах 14 лютага прынятае не было. Ллойд Осцін па выніках сустрэчы заявіў журналістам, што яму пакуль няма чаго паведаміць пра пастаўкі авіяцыі. Генеральны сакратар Енс Стольтэнберг падкрэсліў, што гэтае пытанне цяпер «не самае актуальнае». Міністр абароны Нямеччыны Борыс Пісторыўс заявіў Tagesschau, што цяпер больш важна забяспечыць бяспеку паветранай прасторы Украіны сродкамі СПА. «Калі неба над Украінай будзе бяспечным бліжэйшыя тры-чатыры месяцы, тады можна будзе казаць пра ўсе далейшыя крокі», – падкрэсліў ён. Осцін у сваю чаргу нагадаў, што Украіне атрымае ад саюзнікаў сістэмы СПА Patriot і SAMP/T, а Пісторыўс паабяцаў ў бліжэйшыя месяцы перадаць IRIS-T.

Міністр абароны Аляксей Рэзнікаў паказвае журналістам нагрудную хустачку з намаляваным чарцёжом. 14 лютага 2023 года.
Фота: Joanna Geron / Reuters / Forum

Чаму Захад пакуль не гатовы пастаўляць Украіне авіяцыю? Як і раней, саюзнікі Кіева не хочуць справакаваць Крэмль на далейшую эскалацыю і таму схільныя праяўляць асцярожнасць у пытаннях паставак новых відаў зброі і тэхнікі, асабліва наступальнай. Аднак таксама важнай прычынай з’яўляецца тэхнічны фактар. Для таго, каб скарыстацца заходнімі самалётамі, украінскія пілоты і тэхнічны персанал мусяць прайсці як мінімум некалькі месяцаў падрыхтоўкі, а таксама павінна быць створана матэрыяльная база і лагістычныя ланцужкі для абслугоўвання гэтай тэхнікі. То бок гэта ў любым выпадку не тая дапамога, якой Украіна здолее выкарыстаць падчас вясенняга наступлення. Таму краіны Захаду сапраўды маюць падставы казаць, што самалёты на сённяшні дзень не самая актуальная праблема для Украіны і яе вырашэнне можна адкласці.

Праўда, гэта не значыць, што пытанне аб пастаўках авіяцыі знятае з парадку дня – абмеркаванне будзе працягвацца. Віцэ-прэм’ер і міністр абароны Польшчы Марыюш Блашчак выказаў упэўненасць, што рашэнне ў выніку будзе станоўчым.

«Я лічу, што перамовы маюць сэнс. У якасці прыкладу нагадаю пра сістэмы «Patriot» для Украіны, пра танкі «Leopard». Шматкротнае нагадванне і прасоўванне гэтага прывяло да кансэнсусу. Так і ў гэтым выпадку, таксама пагадненне будзе», – падкрэсліў Блашчак, адказваючы на пытанне «Белсату».

Танкі будуць, але тэрміны і колькасць – пад пытаннем

Практыка паказвае, што змена падыходаў можа адбыцца вельмі хутка. Напрыклад, падчас мінулай канферэнцыі «Рамштайн» ў студзені 2023 года кантактная група не здолела дамовіцца наконт паставак танкаў. Аднак неўзабаве ў гэтым пытанні адбыўся прарыў і Нямеччына нарэшце ўхваліла перадачу «Leopard» Украіне. Цяпер Берлін ужо і сам прыспешвае еўрапейскія краіны як мага хутчэй выканаць свае абяцанні.

Паводле Ллойда Осціна, з моманту студзеньскай канферэнцыі «Рамштайн» агулам саюзнікі паабяцалі перадаць Украіне бранятэхніку ў аб’ёме «больш чым восем баявых брыгад». Гаворка ідзе аб амерыканскіх бронемашынах Bradley і Stryker, танках M1 Abrams, брытанскіх танках «Challenger 2», канадскіх бронеаўтамабілях Senator, нямецкіх танках «Leopard», а таксама аб мадэрнізаваных савецкіх танках Т-72.

Якая менавіта колькасць бранятэхнікі і калі паступіць на ўзбраенне ЗСУ – пакуль не да канца зразумела. Прынамсі амерыканскія Abrams у лепшым выпадку трапяць ва Украіну ў канцы 2023 года, бо танкі перададуць не са складскіх запасаў – плануецца замовіць іх вытворчасць.

Пастаўкі «Леапардаў» не патрабуюць столькі часу. Украінскія экіпажы ўжо пачалі трэнавацца на гэтай тэхнікі. Паводле Spiegel, калі ўсё пойдзе па плану, першыя ўкраінскія экіпажы на «Leopard 2» адправяцца на фронт ужо напрыканцы сакавіка. Але колькі іх будзе? Міністр абароны Нямеччыны, напрыклад, скептычна выказаўся наконт магчымасці хутка сфармаваць батальён сучасных танкаў «Leopard 2A6» для Украіны.

Падрыхтоўка ўкраінскіх танкавых экіпажаў «Leopard» на тэрыторыі Польшчы. 13 лютага 2023 года.
Фота: Krzysztof Zatycki / Forum

Акрамя таго, на фоне сустрэчы ў Бруселі ў медыях з’явілася інфармацыя, што з астатнімі «Леапардамі» таксама могуць узнікнуць пэўныя праблемы. Нямецкая газета Die Welt паведаміла пра «глыбокія расколіны ў танкавай кааліцыі». Паводле выдання, урады Даніі і Нідэрландаў раптоўна перадумалі адпраўляць ва Украіну свае «Леапарды». Аднак удзельнікі канферэнцыі «Рамштайн» пра гэта нічога не заяўлялі.

У публічнай прасторы ўкраінскі бок пазітыўна ацаніў вынікі паседжання 14 лютага. У інтэрв’ю выданню LIGA.net сябра абароннага камітэту Вярхоўнай Рады, прадстаўнік прэзідэнта Украіны Фёдар Веніслаўскі распавёў, што пытанне танкаў нібыта вырашана на 100% і ў тым ліку былі ўзгоднены пастаўкі запчастак, што дазволіць ЗСУ эфектыўна эксплуатаваць бранятэхніку. «Танкавая тэма поўнасцю нас задавальняе», – адзначыў Веніслаўскі.

Боепрыпасаў паабяцалі шмат

Важным пунктам «Рамштайна» стала пытанне паставак боепрыпасаў – некаторыя эксперты мяркуюць, што снарады патрэбныя ЗСУ нават больш, чым танкі і авіяцыя.

Ёнс Стольтэнберг адзначыў, што Украіна расходуе падчас баявых дзеянняў значна больш боепрыпасаў, чым вырабляюць на Захадзе. Таму, каб забяспечыць ЗСУ, краіны NATO мусяць істотна нарошчваць вытворчасць у сваёй абароннай прамысловасці. Раней The New York Times паведамляла, Пентагон плануе шасціразовае павелічэнне вытворчасці артылерыйскіх снарадаў – такой колькасці ў ЗША не выраблялі з часоў вайны ў Карэі.

Адразу пасля сустрэчы ў Брусэлі стала вядома, што ўлады Злучаных Штатаў аформілі заказ на вытворчасць артылерыйскіх боепрыпасаў для ЗСУ на суму ў $ 522 млн. У адпаведнасці з графікам, першую партыю снарадаў накіруюць ва Украіну ўжо ў сакавіку. Ллойд Осцін паведаміў, што Францыя і Аўстралія таксама дамовіліся сумесна нарошчваць вытворчасць буйнакаліберных снарадаў для ЗСУ.

«Мы зробім усё магчымае, каб забяспечыць так шмат боепрыпасаў і так хутка, як гэта магчыма», – заявіў Осцін.

Прэзідэнт Уладзімір Зяленскі заявіў, што ў цэлым на сустрэчы былі прыняты моцныя рашэнні: партнёры паабяцалі перадаць Украіне больш СПА, больш танкаў, артылерыі, снарадаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Reuters / Forum

«Не ўсё пра Рамштайна можна паведамляць публічна. Значную частку дамоўленасцей і дыскусіяў варта пакінуць за зачыненымі дзвярыма. Але я магу сказаць упэўнена: базавыя тэндэнцыі застаюцца нязменнымі», – падкрэсліў Зяленскі.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў