Польшча працягне дзеянне гуманітарнага каналу і выдачу візаў беларусам


Дзеянне польскага гуманітарнага каналу для атрымання візаў беларусамі будзе працягнутае з выкананнем усіх неабходных візавых правілаў, паведаміла намесніца міністра замежных справаў Польшчы Хенрыка Масціцка-Дэндзіс падчас сустрэчы з намеснікам Святланы Ціханоўскай, кіраўніком Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Паўлам Латушкам.

Хенрыка Масціцка-Дэндзіс і Павел Латушка.
Фота: Аб’яднаны пераходны кабінет / Telegram

Падчас сустрэчы атрымалася дасягнуць дамоўленасці пра працоўную камунікацыю для вырашэння праблемаў, звязаных з пытаннямі ўезду і легалізацыі беларусаў у Польшчы. Польскі бок запэўніў прадстаўнікоў Аб’яднанага пераходнага кабінету Беларусі, што дзеянне гуманітарнага каналу для атрымання візаў беларусамі будзе працягнутае з выкананнем усіх неабходных візавых правілаў. Таксама дасягнутая дамоўленасць аб развіцці працоўных кантактаў для вырашэння праблемных пытанняў беларусаў, якія знаходзяцца ў гэтай краіне.

Акрамя таго, абмяркоўваліся наступныя пытанні:

  • сітуацыя з палітзняволенымі ў Беларусі;
  • падтрымка незалежных беларускіх медыя – Польшча пацвердзіла гатовасць яе аказання;
  • падыходы ў кірунку прыцягнення да адказнасці рэжыму Лукашэнкі за здзейсненыя злачынствы. Прадстаўнікі каманды НАУ перадалі польскаму боку матэрыялы, якія пацвярджаюць здзяйсненне ваенных злачынстваў і злачынстваў супраць чалавечнасці Лукашэнкам і ягоным атачэннем.
Hавiны
Беларусаў з візамі PBH перасталі пускаць у Польшчу без працоўнага запрашэння ці кантракту
2024.02.14 18:18

Таксама закраналася тэма гарманізацыі санкцыяў у дачыненні рэжыму Лукашэнкі і кантроль за іх выкананнем. Каманда НАУ перадала прадстаўнікам МЗС Польшчы прапановы па ўзмацненні санкцыйнага ціску. Дасягнутыя дамоўленасці аб працягу працоўных кантактаў па гэтай тэме ў адказным дэпартаменце. Як адзначылі прадстаўнікі міністэрства, пытанні гарманізацыі санкцыяў і ўзмацнення кантролю за іх выкананнем «знаходзяцца пад пільнай увагай» МЗС Польшчы.

«Пытанне Беларусі знаходзіцца ў цэнтры ўвагі польскага боку. Ёсць адзіны падыход – падтрымліваць дэмакратычныя памкненні беларусаў», – адзначыла Хенрыка Масціцка-Дэндзіс.

Удзел у сустрэчы таксама прынялі спецпасланнік Польшчы па сувязях з дэмакратычнай Беларуссю, Малдовай і Украінай Артур Міхальскі і прадстаўнікі МЗС Польшчы, адказныя за асобныя кірункі дзейнасці: дырэктар консульскага дэпартаменту Юстына Хшаноўская, намеснік дырэктара консульскага дэпартаменту Міхал Светлік, намесніца дырэктара Усходняга дэпартаменту Ганна Костшэва-Мішталь, дырэктар дагаворна-прававога дэпартаменту Артур Гаразім, намесніца дырэктара дэпартаменту публічнай і культурнай дыпламатыі Ёана Стахіра.

26 студзеня 2024 года Польшча без папярэджання прыпыніла выдачу візаў «Poland. Business Harbour», якія прызначаліся найперш для айцішнікаў і стартапаў. Замест іх у МЗС цяпер раяць афармляць працоўныя візы.

Hавiны
Польшча ўводзіць змены ў тыпах візаў, каб рэжыму было цяжэй вылічыць уладальнікаў карты паляка
2024.01.29 22:10

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў