Франак Вячорка: «Мы ў кантакце з польскім урадам у справе аднаўлення праграмы Poland Business Harbour»


Старэйшы дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка пракаментаваў у сваім тэлеграм-канале закрыццё праграмы Poland Business Harbour і спыненне выдачы адпаведных візаў і распавёў, што цяпер Офіс вядзе перамовы з Польшчай адносна яе аднаўлення ці адкрыцця альтэрнатыўнага праекту.

Франак Вячорка
Галоўны дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка падчас візіту абранай прэзідэнткі Беларусі ў Сейм і Сенат Рэспублікі Польшча. Варшава, Польшча. 9 студзеня 2024 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

«Сапраўды шкада, што Польшча прыпыніла праграму Poland Business Harbour. Праграма цудоўная і патрэбная. Але няварта пасыпаць галаву попелам, – зазначае Вячорка. – Наколькі нам вядома, адна з асноўных праблемаў для візаў Poland Business Harbour – нізкая канвертацыя візаў. То бок людзі рабілі масава візы PBH і толькі каля 35-40% атрымальнікаў імі скарысталіся і ўехалі ў Польшчу. Агулам Польшча выдала беларусам больш за 600 тысяч візаў розных тыпаў за апошнія 30 месяцаў».

У якасці другой магчымай прычыны спынення праграмы дарадца Ціханоўскай называе леташні візавы скандал у Польшчы, калі пацвердзілася, што многія візы выдаваліся без належных працэдураў і праверак, у тым ліку за хабар. Акрамя таго, паводле палітыка, справа можа быць у тым, што цяпер новы польскі ўрад праводзіць перагляд усіх праектаў і праграмаў, якія фінансуюцца дзяржавай.

«Цяпер мы знаходзімся ў кантакце з прадстаўнікамі польскага ўраду ў справе аднаўлення праграмы Poland Business Harbour ці запуску яе альтэрнатывы, прызначанай для высокакваліфікаваных працоўных для Беларусі і рэгіёну. Гэта важна і для беларускага прыватнага сектару, гэтаксама важна для польскага боку», – зазначае Франак Вячорка.

Прадстаўнік дэмсілаў Беларусі падкрэслівае, што адбылося прыпыненне, а не спыненне праграмы, і яно не значыць, што Польшча перастала выдаваць візы. Кваліфікаваныя спецыялісты могуць па-ранейшаму падавацца і атрымліваць візы, зараз выпрацоўваецца механізм паскоранай выдачы, сцвярджае старэйшы дарадца беларускай лідаркі.

Hавiны
МЗС Польшчы: Праграма «Poland. Business Harbour» не апраўдала ўскладзеных на яе надзей
2024.01.26 17:43

26 студзеня 2024 года міністр замежных справаў Польшчы Радаслаў Сікорскі прыняў рашэнне прыпыніць удзел МЗС Польшчы ў праграме Poland Business Harbour, пакуль не будуць прынятыя рашэнні па забеспячэнні належнага правярання кампаніяў і замежнікаў, якія з’яўляюцца бенефіцыярамі праграмы. Міністэрства замежных справаў заявіла, што PBH «не спраўдзіла ўскладзеных на яе спадзяванняў».

«Паводле ацэнкі МЗС, праграма «Poland Business Harbour» не апраўдала ўскладзеных на яе надзеяў. Сярод іншага, у грамадскай прасторы былі выказаныя пярэчанні з нагоды выкарыстання візаў, выдадзеных у рамках праграмы, у мэтах, несумяшчальных з яе ўмовамі», – падкрэсліваюць у польскім ведамстве.

Замежнікі, у тым ліку беларусы, якія прэтэндуюць на працу ў IT-сектары ў Польшчы, па-ранейшаму могуць падаваць заявы на польскую візу на агульных падставах. Для прадстаўнікоў бізнес-сектару (асабліва ў галінах, найбольш запатрабаваных польскай эканомікай) абяцаюць спрашчэнне візавых працэдураў, тлумачаць у МЗС.

Hавiны
Польшча выдала беларусам амаль 90 тысяч візаў «Poland Business Harbor». Але з’язджаюць не ўсе
2023.11.03 17:07

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў