У Беларусі з’явіўся першы айчынны цёмны эль (фота)


Абмежаваную партыю цёмнага элю пад назвай «Юбілейнае» вырабіла да свайго 150-годдзя кампанія «Аліварыя». Новы гатунак беларускага піва хоць і з замежных інгрэдыентаў, але ўпершыню звараны ў Беларусі.

Прэзентацыя новага гатунку адбылася ў карпаратыўным музеі «Аліварыі». Наведнікі перанесліся да вытокаў піўзаводу, у 1864 год: іх сустракалі гаспадары ў стылізаваных пад 18 стагоддзе строях. Арганізатары хацелі падкрэсліць сувязь мінуўшчыны і сучаснасці, бо даўней на заводзе выраблялі цёмны эль.

Аформілі бутэльку таксама пад даўніну. Этыкетка адрозніваецца ад асноўнай лініі вырабаў заводу, яе распрацавалі з дапамогаю галандскай агенцтва «Cartlis». З агульнага дызайну выбіваецца толькі звычайная металічная накрыўка.

Вараць беларускі эль, за выключэннем вады, з замежных інгрэдыентаў. Карамельны солад і элевыя дрожджы верхавога браджэння набылі ў кампаніі «Carlsberg», хмель прывезлі з Баварыі. Таксама ў складзе прысутнічае патака крухмальная мальтозная і памякчаная фільтраваная вада.

Навінка ўжо з’явілася ў крамах, але ненадоўга. Юбілейная партыя – 500 тысячаў бутэлек. Паводле прагнозаў кіраўніцтва, яе раскупяць прыблізна за паўтара месяца. Каштуе беларускі эль Br 11 200.

Алег Ражкоў, belsat.eu

Стужка навінаў