12-я рэзідэнцыя Лукашэнкі ў лічбах і фактах


Адкуль бяруцца грошы на новыя шыкоўныя рэзідэнцыі кіраўніка дзяржавы? Не з бюджэту – запэўнівае сам Аляксандр Лукашэнка. Верыць, праўда, можна толькі на слова, бо кантрольных органаў, якія сачылі б за прэзідэнцкімі прыбыткамі ды выдаткамі, у краіне няма. Таму палітычныя апаненты Лукашэнкі заклікалі праверыць праўдзівасць ягоных словаў пракуратуру. Тым больш, калі грошы не з бюджэту, то сапраўды – адкуль жа?

Палац незалежнасці ў цэнтры сталіцы. Таямнічае спачатку было яго будучае прызначэнне, таямнічыя засталіся крыніцы яго фінансавання. Ці магла такая вялікая будова такога дзяржаўнага аб’екту весціся без грошай з дзяржбюджэту? Магла. Так прынамсі заяўляе Аляксандр Лукашэнка.

АЛЯКСАНДР ЛУКАШЭНКА, ПРЭЗІДЭНТ БЕЛАРУСІ:
“Нас часцяком крытыкуюць за Палац незалежнасці. Палац незалежнасці мы потым народу пакажам – ён будзе народу адкрыты, гэта не рэзідэнцыя прэзідэнта, там адзіны кабінет, праўда, ёсць для прэзідэнта, але там усё зроблена нашымі людзьмі, на 90 % з нашых матэрыялаў”.

Да таго ж – без капейкі грошай з дзяржбюджэту. Тады адкуль? Гэтага Лукашэнка ўжо не сказаў. Але на думку ягоных палітычных апанентаў, сказаў дастаткова…

АНАТОЛЬ ЛЯБЕДЗЬКА, СТАРШЫНЯ АГП:
“Аляксандр Лукашэнка хлусіць, калі кажа, што там выключна ўсё будуецца з мясцовых матэрыялаў. А італьянскі мармур, а ўсё абсталяванне, звязанае з тэхнікаю? Гэта ўсё не мясцовае”.
{movie}12-я рэзідэнцыя Лукашэнкі|right|12963{/movie}
Але гэта дробязі. Галоўнае пытанне – менавіта тое, на якое кіраўнік дзяржавы вырашыў сам сабе не адказваць: за чый кошт ідзе будоўля ўжо 12-й рэзідэнцыі кіраўніка краіны. А звесткі на гэты конт даволі супярэчлівыя. Словаў Лукашэнкі не пацвярджае ліст за подпісам намесніка міністра фінансаў, які атрымаў Анатоль Лябедзька. З дакументу вынікае, што будаўніцтва на скрыжаванні вуліцы Арлоўскай і праспекту Пераможцаў фінансуецца ўсё ж такі з дзяржаўнага бюджэту.

АНАТОЛЬ ЛЯБЕДЗЬКА, СТАРШЫНЯ АГП:
“Будаўніцтва новай рэзідэнцыі Лукашэнка вядзецца за кошт рэспубліканскага і менскага гарадскога бюджэтаў, 50 на 50. Хто хлусіць?”

Арбітрам у гэтай спрэчцы апаненты ўладаў заклікаюць выступіць Генпракуратуру. Толькі летась Менгарвыканкам выдаткаваў на будоўлю новай рэзідэнцыі Лукашэнкі 50 млрд рублёў – то бок, 6 млн долараў. Агулам, згодна з неафіцыйнымі падлікамі, кошт будоўлі можа перавышаць 100 млн долараў.

Будаваць Палац незалежнасці пачалі ў 2011-м. Напачатку ўлады наагул адмаўляліся казаць, навошта гэтая будыніна ў Менску. Цяпер Лукашэнка заяўляе, што хоча там і ў піянеры прымаць, і нават выстаўляць падарункі прэзідэнту. З іншага боку, ёсць і больш прагматычная мэта новай будоўлі. Былыя працаўнікі спецслужбаў гавораць, што рэзідэнцыя адмыслова вынесеная з самага цэнтру, і ў выпадку масавых пратэстаў сілавікам будзе нашмат прасцей абараняць будынак.

Аркадзь Несцярэнка, “Аб’ектыў”

Стужка навінаў