news
Аналітыка
Царква імя Лукашэнкі. Якім рэлігійным арганізацыям Беларусі падрыхтавацца да ліквідацыі
Законапраект рыхтуецца да другога чытання ў Палаце прадстаўнікоў.
16.10.202318:52

Рэлігійную сферу Беларусі чакае масавая ліквідацыя арганізацыяў, якім не знойдзецца месца ў лукашэнкаўскай Беларусі. Тым жа, каму дазволяць працягнуць дзейнасць, варта падрыхтавацца да ўзмоцненага кантролю з боку сілавікоў і чыноўнікаў. У тым ліку ў тых кірунках, да якіх раней апошнім не было справы.

Католики празднуют Рождество Христово в Красном костёле в Минске, Костёл святого Симеона и святой Елены, богослужение
Каталікі святкуюць Божае нараджэнне ў Чырвоным касцёле. Менск, Беларусь. 25 снежня 2021 года.
Фота: Белсат

11 кастрычніка Палата прадстаўнікоў прыняла ў першым чытанні праект закону «Аб змяненні законаў у пытаннях дзейнасці рэлігійных арганізацыяў», унесены Саветам Міністраў на падставе ўказу Аляксандра Лукашэнкі ад 30 снежня 2022 года.

Законапраект уводзіць мноства абмежаванняў, якіх не было раней (на выкарыстанне сімволікі, тэкстаў і малюнкаў), дазваляе кантраляваць пропаведзі і нядзельныя школы ды забараняе дзейнасць рэлігійных арганізацыяў, накіраваную «супраць суверэнітэту Рэспублікі Беларусь, яе канстытуцыйнага ладу і грамадзянскай згоды».

Абноўлена
У Беларусі задумалі «зачыстку» рэлігійных арганізацыяў. З’явіўся адпаведны законапраект
2023.10.11 10:00

Таксама ўскладняецца парадак дзяржаўнай рэгістрацыі рэлігійных арганізацыяў і пашыраецца пералік выпадкаў для іх ліквідацыі, абмяжоўваецца місіянерская і паломніцкая дзейнасць, уводзіцца абавязковая перарэгістрацыя ўжо дзейных арганізацыяў. Больш падрабязна «Белсат» ужо разбіраў тэкст законапраекту раней, калі ён быў фармальна вынесены на грамадскае абмеркаванне.

«На нашую думку, прыняцце праекту закону будзе спрыяць далейшаму ўдасканаленню прававога поля з улікам сучасных выклікаў і рэаліяў, што дасць магчымасць рэлігійным арганізацыям паўнацэнна дзейнічаць і развівацца з улікам забеспячэння інтарэсаў, устойлівага развіцця краіны і беларускага грамадства», – заявіла былая настаўніца расейскай мовы з Магілёва, а цяпер дэпутатка парламенту Людміла Здорыкава, адказная за рыхтаванне законапраекту.

Але апытаныя «Белсатам» эксперты прытрымліваюцца супрацьлеглай думкі. Паводле іх, законапраект стаўся адказам рэжыму на актыўны ўдзел рэлігійнай супольнасці ў пратэстах супраць фальсіфікацыяў і гвалту ў 2020 годзе.

«Вяртаюцца савецкія часы, калі людзям рэлігійным, вернікам даводзілася хавацца», – адзначыў протаіерэй Георгій Рой з беларускага праваслаўнага прыходу ў Вільні, што ў складзе Канстанцінопальскага патрыярхату.

«Закон і так быў рэпрэсіўным, але робіцца яшчэ больш рэпрэсіўным. Уводзяцца патрабаванні нават ідэалагічнай чысціні. Уводзіцца тое, што рэлігія не проста не павінна быць у палітыцы, а павінна падтрымліваць палітыку рэжыму. Закон дае падставу для таго, каб пераследаваць нават з ідэалагічных прычынаў», – кажа праваслаўны святар Аляксандр Шрамко.

Прыляціць усім, або закон з ног на галаву

Мадэратарка групы «Хрысціянская візія» Наталля Васілевіч падкрэсліла, што ў прававых дзяржавах закон пра рэлігію дае гарантыі рэлігійным арганізацыям мець пэўныя правы і звяртацца да ўладаў, каб тыя іх забяспечвалі.

«Тут прапісанае тое, што ўлады хочуць ад рэлігійных арганізацыяў. Усё перавернута з ног на галаву», – падкрэсліла Васілевіч.

На ейную думку, гэты закон пашкодзіць усім рэлігійным арганізацыям:

«Ніхто не застанецца незакранутым ім. Усім прыляціць – не толькі дысідэнтам».

Экспертка мяркуе, што ад новага закону пацярпіць у тым ліку Беларуская праваслаўная царква, што, як лічыць Шрамко, ужо «фактычна стала часткай дзяржавы – адной з галін выканаўчай улады».

Праваслаўныя вернікі ў Свята-Духавым кафедральным саборы. Менск, Беларусь. 6 студзеня 2021 года.
Фота: Белсат

Новыя падставы для ліквідацыі

Законапраект істотна пашырае магчымасці для ліквідацыі рэлігійных арганізацыяў, а афіцыйныя фармулёўкі дазваляюць вельмі шырокае трактаванне падставаў для гэтага. У прыватнасці, рэлігійныя арганізацыі можна будзе закрыць за:

  • неадпаведнасць іх дзейнасці «асноўным кірункам унутранай і вонкавай палітыкі Рэспублікі Беларусь, яе канстытуцыйнага ладу і грамадзянскай згоды»;
  • дзейнасць, накіраваную «на дыскрэдытацыю дзяржаўнай улады ў Рэспубліцы Беларусь, прапаганду вайны, сацыяльнай, нацыянальнай, рэлігійнай, расавай варожасці, іншай экстрэмісцкай дзейнасці»;
  • прыніжэнне нацыянальнага гонару і годнасці;
  • нанясенне шкоды здароўю і маральнасці грамадзянаў.

Асабліва падкрэсліваецца, што дзейнасць незарэгістраваных рэлігійных арганізацыяў забараняецца. Для гэтага ў Крымінальным кодэксе ёсць адмысловы артыкул 193.1, які карае на тэрмін да двух гадоў зняволення «незаконную арганізацыю дзейнасці грамадскага аб’яднання, рэлігійнай арганізацыі або фонду альбо ўдзел у іх дзейнасці».

Кіраваць рэлігійнай арганізацыяй цяпер зможа толькі грамадзянін Беларусі, які не мае дачынення «да тэрарыстычнай, экстрэмісцкай дзейнасці» і пастаянна жыве ў краіне. То бок гэтага права будуць пазбаўленыя тыя рэлігійныя лідары, якія былі рэпрэсаваныя ці вымушаныя пакінуць краіну праз пагрозу рэпрэсіяў.

Ускладняюцца і ўмовы стварэння новых рэлігійных супольнасцяў. Гэтак, ад спісу заснавальнікаў цяпер патрабуюць таксама згадак іхнага месца працы (навучання) і кантактных тэлефонаў, на што могуць пагадзіцца не ўсе.

Абавязковай умовай стварэння рэспубліканскага рэлігійнага абʼяднання будзе наяўнасць у яго складзе не менш як 15 рэлігійных суполак ува ўсіх вобласцях і Менску. Раней было дастаткова 10 суполак у большасці вобласцяў.

Царква Менскай іконы Божай Маці ў Чыжоўцы. Менск, Беларусь. 1 ліпеня 2021 года.
Фота: Белсат

Больш за тое, прыняцце новай версіі закону прадугледжвае перарэгістрацыю ўсіх рэлігійных арганізацый цягам года. Нават галоўны чыноўнік у пытаннях рэлігіі – упаўнаважаны ў справах рэлігіяў і нацыянальнасцяў Аляксандр Румак – мяркуе, што яе пройдуць не ўсе.

«Можна прагназаваць, што колькасць гэтых рэспубліканскіх аб’яднанняў зменшыцца, паколькі не ўсе рэспубліканскія абʼяднанні, якія маюць сёння такі статус, пацвердзяць яго, таму што асобныя рэспубліканскія абʼяднанні ў цяперашнім іх выглядзе не маюць ува ўсіх рэгіёнах нашай рэспублікі свае рэлігійныя абшчыны», – заявіў ён.

Святар Шрамко ў гэтым плане больш катэгарычны: «Перарэгістрацыя – гэта нагода для чысткі». Як адзначыла Васілевіч, перарэгістрацыя стварае магчымасць праверыць усіх рэлігійных лідараў, кіраўнікоў рэлігійных арганізацыяў і нават актыўных прыхаджанаў. Кожнага са спісу заснавальнікаў супольнасці можна дадаткова праверыць, каб гарантаваць, што тыя, хто падпісваўся за альтэрнатыўных кандыдатаў, удзельнічаў у масавых акцыях, меў адміністратыўныя спагнанні, не зоймуць ніякіх пазіцыяў унутры рэлігійных арганізацыяў.

«Фактычна гэта пастаноўка рэлігійных арганізацыяў пад поўны кантроль і самакантроль», – заявіла мадэратарка групы «Хрысціянская візія».

На ейную думку, з дапамогай гэтага закону будзе прасцей ціснуць на царкоўную іерархію, прымушаючы яе больш актыўна кантраляваць сваіх святароў і вернікаў, каб іх дзейнасць не стала прычынай для пераследу ўсёй супольнасці.

«Я думаю, што ў першую чаргу трапяць пад гэты прэс пратэстанцкія супольнасці, якія не маюць належнай колькасці паслядоўнікаў ці грамадаў. Бо да пратэстантаў традыцыйна насцярожанае стаўленне ўладаў», – адзначыў святар Рой.

Таксама, паводле яго, кропкава пад дзеянне новага закону трапяць і праваслаўныя, і каталікі, і грэка-каталікі. Як заявіў Шрамко, нягледзячы на саступкі з боку Ватыкану, ніякіх саступак з боку рэжыму ў бок каталікоў не будзе:

«Ён не залежыць ад рэжыму, але абраў тактыку патураць рэжыму. Ідуць насустрач уладам. Магчыма, думаюць, што нейкімі саступкамі яны нейкія палёгкі атрымаюць, але я думаю, што гэта з такімі рэжымамі не працуе. Яны ведаюць толькі цвёрдасць і моц. І калі ім будуць патураць, то яны, як той казаў, узяўшыся за палец, і руку адхопяць».

Спроба прагнозу

Агулам ужо цяпер можна прагназаваць, якія канкрэтна рэспубліканскія рэлігійныя аб’яднанні могуць быць ліквідаваныя ў Беларусі. Хоць канкрэтнага і актуальнага іх спісу знайсці не ўдалося, пэўныя высновы можна зрабіць на падставе складу Міжканфесійнага кансультатыўнага савету пры ўпаўнаважаным у справах рэлігіяў і нацыянальнасцяў.

Напрыклад, на сёння зарэгістраваныя два аб’яднанні мусульманскіх абшчынаў: Мусульманскае рэлігійнае абʼяднанне ў Рэспубліцы Беларусь і рэспубліканскае рэлігійнае абʼяднанне «Духоўнае кіраўніцтва мусульманаў у Рэспубліцы Беларусь». Апошняе на сваім сайце згадвае адрасы толькі дзвюх абшчынаў, чаго відавочна недастаткова для далейшага існавання. Таму варта чакаць, што працягне дзеяць толькі першае абʼяднанне, тым больш што яго кіраўнік, муфтый Абу-Бекір Шабановіч, актыўна ўдзельнічае ў праўладных акцыях.

Намаз у саборнай мячэці ў Менску, Беларусь. 14 траўня 2021 года.
Фота: Белсат

Не маюць сваіх суполак ува ўсіх вобласцях і лютэране, а значыць, знікне рэспубліканскае рэлігійнае абʼяднанне «Самастойная евангелічна-лютэранская царква ў Рэспубліцы Беларусь». А рэлігійнае абʼяднанне кансерватыўных цэркваў евангельскіх хрысціянаў баптыстаў у Рэспубліцы Беларусь на сваім сайце пералічвае толькі 11 суполак, чаго недастаткова паводле новага законапраекту.

На мяжы ліквідацыі будзе і рэлігійнае абʼяднанне абшчынаў прагрэсіўнага юдаізму ў Рэспубліцы Беларусь, якое мае 15 суполак ува ўсіх вобласцях і Менску, што ёсць мінімальнай умовай паводле законапраекту. Яшчэ два юдэйскія аб’яднанні – Юдэйскае рэлігійнае абʼяднанне ў Рэспубліцы Беларусь і Абʼяднанне юдэйскіх рэлігійных абшчынаў у Рэспубліцы Беларусь – маюць на дваіх толькі 36 суполак. Што ставіць прынамсі адну з іх пад пагрозу існавання. Толькі 16 суполак належаць да Грэка-каталіцкай царквы, прадстаўнікоў якой актыўна пераследуюць улады і на якіх ідзе ціск з боку Праваслаўнай царквы. І ліквідацыя супольнасцяў, напрыклад, у Магілёве ці Гомлі можа спрычыніцца да ліквідацыі ўсяго аб’яднання.

Вядома, могуць быць ліквідаваныя і асобныя супольнасці ў іншых рэлігійных аб’яднанняў, асабліва, калі іх прадстаўнікі, а тым больш лідары падлягалі рэпрэсіям уладаў ці былі вымушаныя пакінуць Беларусь, а замены ім знайсці не ўдасца.

Невядома, як складзецца і лёс рэспубліканскага рэлігійнага абʼяднання абшчынаў хрысціянаў поўнага Евангелля ў Рэспубліцы Беларусь. Фармальна, у ХПЕ хапае суполак у Беларусі для далейшага існавання і пры новым законе. Але 17 кастрычніка Менскі гарадскі суд будзе разглядаць ліквідацыю нібыта за «экстрэмізм» царквы «Новае жыццё» – найбольш вядомай прадстаўніцы аб’яднання. І ці не стане яе ліквідацыя нагодай для далейшай забароны ўсяго аб’яднання – пытанне адкрытае.

Што датычыць самога законапраекту, то цяпер ён рыхтуецца да другога чытання ў Палаце прадстаўнікоў. Дата паўторнага разгляду пакуль не называецца. У выпадку прыняцця дакументу, яго мусіць зацвердзіць яшчэ Савет Рэспублікі, пасля чаго законапраект перададуць на подпіс Лукашэнку.

Аналітыка
Будуць адбіраць Бібліі і Караны? У Беларусі рыхтуюць рэпрэсіўны закон аб рэлігіі
2023.06.16 14:24

Макар Мыш belsat.eu