У Беларусі задумалі «зачыстку» рэлігійных арганізацыяў. З’явіўся адпаведны законапраект


Законапраект «Аб зменах законаў у пытаннях дзейнасці рэлігійных арганізацыяў» быў унесены ў Палату прадстаўнікоў 29 верасня, 11 кастрычніка яго прынялі ў першым чытанні. Выданне «Zerkalo» падазрае, што прапісанае ў праекце сведчыць аб рыхтаванні масавай ліквідацыі рэлігійных установаў на ўзор ліквідацыі палітычных партыяў.

Аляксандр Лукашэнка наведвае храм у камуфляжнай камізэльцы
Аляксандр Лукашэнка наведвае царкву ў камуфляжнай камізэльцы. Ветка, Беларусь. 28 красавіка 2023 года.
Фота: president.gov.by

На момант публікацыі законапраект не прайшоў нават першага чытання ў Палаце прадстаўнікоў – ніжняй палаце лукашэнкаўскага «парламенту». Гэта значыць, што ў праекце яшчэ могуць быць змены, яго можа не ўхваліць Савет Рэспублікі (верхняя палата) і яго можа не падпісаць Аляксандр Лукашэнка. Але ж у беларускай палітычнай сістэме такое здараецца нячаста.

Абноўлена. Днём 11 кастрычніка законапраект прынялі ў першым чытанні ў Палаце прадстаўнікоў. Даты далейшага разгляду не анансавалі.

У законапраекце зменены шэраг фармулёвак. Гэтак, у праекце рэлігія – гэта не проста «светапогляд», як цяпер, а «гістарычны тып светапогляду» (нібы новыя рэлігійныя рухі не з’яўляюцца). Бацькам дазволяць выхоўваць дзяцей не адпаведна «свайму ўласнаму стаўленню да рэлігіі», а «адпаведна свайму рэлігійнаму светапогляду» (нібы без дапушчэння атэізму). Таксама ў праекце прапаноўваюць прыбраць пункт аб забароне пазначэння ў афіцыйных дакументах стаўлення грамадзяніна да рэлігіі без жадання грамадзяніна.

Але адзін з найвялікшых артыкулаў у законапраекце – пра ліквідацыю рэлігійных установаў. Парадак такой ліквідацыі апісаны ўпершыню. Рэлігійнымі арганізацыямі збіраюцца прызнаваць толькі тыя, што зарэгістраваныя як юрыдычныя асобы і маюць статут, а дзейнасць незарэгістраваных прапаноўваюць забараніць.

Усе рэлігійныя ўстановы, калі праект будзе прыняты, цягам года будуць абавязаныя прайсці перарэгістрацыю, а тыя, што не пройдуць, будуць ліквідаваныя. Падобны працэс ужо прывёў да ліквідацыі ў Беларусі ўсіх апазіцыйных палітычных партыяў.

Hавiны
Менгарвыканкам просіць суд ліквідаваць царкву «Новае жыццё», якая выступала супраць гвалту
2023.09.28 18:42

Падставамі для ліквідацыі цэркваў таксама прапаноўваюць зрабіць:

  • дзейнасць супраць суверэнітэту Беларусі, канстытуцыйнага ладу, грамадскай згоды і «асноўных кірункаў унутранай і вонкавай палітыкі» (так завецца афіцыйны дакумент, ухвалены ўладамі);
  • дзейнасць, скіраваную на «дыскрэдытацыю» Беларусі, прапаганду вайны, сацыяльнай, нацыянальнай, рэлігійнай, расавай варожасці і «іншую экстрэмісцкую дзейнасць»;
  • дзейнасць, скіраваную на нанясенне шкоды здароўю і «маральнасці» грамадзянаў;
  • перашкоды для рэалізацыі грамадзянамі іхных правоў на выкананне дзяржаўных, грамадскіх, сямейных абавязкаў;
  • перашкоды для атрымання абавязковай сярэдняй адукацыі;
  • прымус чальцоў і паслядоўнікаў рэлігійнай установы і іншых асобаў да адчужэння маёмасці на карысць установы;
  • пагрозы гвалтам і пашкоджаннем маёмасці пры жаданні выйсці з арганізацыі.

Цяпер для пазову ў суд аб ліквідацыі ўстановы трэба здзейсніць два парушэнні цягам года, а ў праекце прапаноўваюць дазволіць уладам падаваць пазовы аб ліквідацыі адразу і без папярэджання, калі былі вышэйназваныя парушэнні. Пры іншых парушэннях прапаноўваюць спачатку выносіць папярэджанне, а ўжо калі іх не выправілі ў вызначаны тэрмін, падаваць пазоў у суд аб ліквідацыі.

Аналітыка
Будуць адбіраць Бібліі і Караны? У Беларусі рыхтуюць рэпрэсіўны закон аб рэлігіі
2023.06.16 14:24

Ад кіраўнікоў рэлігійных арганізацыяў хочуць патрабаваць грамадзянства Беларусі і пастаяннае жыхарства ў Беларусі (раней Беларускаю праваслаўнаю царквою кіраваў грамадзянін Расеі). Таксама збіраюцца забараніць кіраваць рэлігійнай арганізацыяй тым, каго ўключылі ў спісы «экстрэмістаў» і «тэрарыстаў».

Рэлігійным установам сярод іншага па-ранейшаму забараняюць палітычную дзейнасць і падтрыманне палітычных партыяў, але прапаноўваюць выкрасліць забарону на падтрыманне «іншых грамадскіх аб’яднанняў, якія пераследуюць палітычныя мэты».

Таксама рэлігійным установам у праекце забароненае выкарыстанне не толькі дзяржаўнай сімволікі ў месцы службаў, а любой сімволікі, што «не адносіцца да гэтай рэлігіі».

Гісторыі
Забраны і забыты: год таму ўлады зачынілі Чырвоны касцёл. Чаго рэжым хоча ад каталікоў?
2023.09.26 08:00

У месцах службаў збіраюцца забараніць не толькі «мерапрыемствы палітычнага характару» (як цяпер), але і пікетаванне, распальванне варожасці і прапаганду вайны (чым цяпер займаюцца прадстаўнікі Беларускай праваслаўнай царквы), распаўсюд тэкстаў і выяваў, скіраваных на прапаганду вайны і распальванне варожасці, выкарыстанне культавай маёмасці ў палітычных, тэрарыстычных і экстрэмісцкіх мэтах.

У праекце няма і раней прапанаванай забароны чыноўнікам і сілавікам выкарыстоўваць службовае становішча для фармавання ў грамадзянаў пэўнага стаўлення да рэлігіі, але ёсць забарона ствараць рэлігійныя арганізацыі ў дзяржаўных органах, вайсковых частках, навучальных установах.

Дзейную забарону на ўцягванне непаўналетніх у рэлігійныя арганізацыі і навучанне іх рэлігіі супраць іхнай волі ў праекце прапаноўваюць скасаваць.

Hавiны
Царкоўны супрацоўнік атрымаў штраф за няўзгоднены хрэсны ход
2023.09.30 23:24

Адукацыя ў Беларусі, згодна праекту, па-ранейшаму свецкая, але школам збіраюцца дазволіць свабодна весці рэлігійную асвету, ствараць паводле заяваў бацькоў нядзельныя школы і групы для дарослых. Але рэлігійную асвету прапаноўваюць дазволіць толькі на дзяржаўных мовах. Праграмы нядзельных школаў хочуць забараніць, калі яны супярэчаць дзяржаўнай ідэалогіі (артыкул 4 Канстытуцыі Беларусі, дарэчы, забараняе ўсталёўваць абавязковую ідэалогію).

Рэлігійныя службы і абрады збіраюцца дазволіць «па месцы жыхарства грамадзянаў на іхную просьбу», але місіянерскую дзейнасць у жылых памяшканнях прапаноўваюць забараніць.

Атрыманне дзяржаўнай дапамогі рэлігійнымі арганізацыямі хочуць дазволіць на мэты дабрачыннасці, рэлігійна-асветніцкай дзейнасці і на культурныя падзеі. Таксама рэлігійным арганізацыям могуць дазволіць ствараць юрыдычныя асобы для надання сацыяльных паслуг пажылым асобам, людзям з інваліднасцю і тым, хто пакутуе на алкагалізм і наркаманію.

Рэлігійным установам таксама прапаноўваюць дазволіць стварэнне дзіцячых дамоў пры манастырах, дзяржаве ж хочуць дазволіць фінансаванне такіх дзіцячых дамоў.

Аналітыка
Пры ператрусе ксяндзоў білі, застаўся сіняк. Што вядома пра рэйд у менскую архікатэдру
2023.07.21 17:33

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў