«Будзем спяваць да перамогі!» У Варшаве адкрылі «ІнБелКульт 2.0»


16 траўня ў Варшаве абвясцілі аб адкрыцці Інстытуту беларускай культуры «ІнБелКульт 2.0». Ён мае аб’яднаць вакол сябе беларускіх дзеячаў культуры і калектывы, што апынуліся ў эміграцыі. Актуальныя і меркаваныя праекты прэзентавалі ў варшаўскім «Доме спатканняў з гісторыяй».

Урачыстае абвяшчэнне ўтварэння Інстытуту беларускай культуры «ІнБелКульт 2.0». 16 траўня 2022 года. Варшава, Польшча.
Фота: ЯМ / Белсат

Імпрэза пачалася без прадмоваў і папярэджанняў. Стаіш, чакаеш, адным вокам назіраеш, як Лявон Вольскі налівае сабе ў кубачак каву – і раптам цябе ўцягвае ў вір: глыбока-пранізлівая «Пры крайчыку» ў выкананні «Concordia Chor». А потым – «Туман ярам»: «Нічога не відна…» Прабірала да дрыжыкаў.

Амаль адразу пасля гэтага ўдзельнікі імпрэзы ўшанавалі хвілінай маўчання памяць загінулага ваяра батальёну імя Каліноўскага Паўла Волата.

Нашчадкі славутага «Інбелкульту»

«Сёння мы абвяшчаем аб стварэнні Інстытуту беларускай культуры «ІнБелКульт 2.0» Гэта для нас незвычайная і гістарычная падзея. Мы адчуваем сябе нашчадкамі тых людзей, якія роўна 100 гадоў таму запачаткавалі ўнікальны інстытут «Інбелкульт» і за шэсць гадоў існавання зрабілі столькі, што гэтым дагэтуль карыстаемся ўсе мы. У прыватнасці – стварылі вайсковую тэрміналогію», – нагадала на самым пачатку сустрэчы адна з ініцыятарак стварэння «ІнБелКульту 2.0», заснавальніца ЦБС і журналістка «Белсату» Аліна Коўшык.

Урачыстае абвяшчэнне ўтварэння Інстытуту беларускай культуры «ІнБелКульт 2.0». 16 траўня 2022 года. Варшава, Польшча.
Фота: ЯМ / Белсат

Тое, што «ІнБелКульт 2.0» ствараецца не на радзіме – вельмі балюча, зазначыла яна. «Але мы адчуваем важнасць таго, каб беларуская культура працягвала існаваць, і верым у тое, што беларускія музыкі, мастакі, літаратары мусяць быць разам», – сказала Аліна Коўшык.

«Гэта не будзе беларускае гета»

Дырыжорка «Concordia Chor» Галіна Казіміроўская расказала, што Інстытут беларускай культуры ў Варшаве ствараецца не на пустым месцы. Усё пачалося з прыезду ў польскую сталіцу Вольнага хору, які стаў у выніку цэнтрам прыцягнення ўсіх культурніцкіх сілаў. На базе фундацыі Вольнага хору і ствараецца «ІнБелКульт 2.0».

Урачыстае абвяшчэнне ўтварэння Інстытуту беларускай культуры «ІнБелКульт 2.0». 16 траўня 2022 года. Варшава, Польшча.
Фота: ЯМ / Белсат

«Перад намі стаяў выбар: заставацца ў Беларусі і не мець магчымасці дзейнічаць – ці працягваць спяваць і рабіць тое, што мы рабілі, крычаць аб Беларусі з-за мяжы. Мы выбралі другое. І ў такім становішчы апынуліся многія і многія дзеячы. Тады пабачылі патрэбу стварыць нешта сістэмнае, каб сабраць сілы і працягваць рабіць беларускія праекты. Так што стварэнне такой арганізацыі было пытаннем часу», – патлумачыла Галіна Казіміроўская.

Яна таксама зазначыла, што «гэта не будзе нейкае беларускае гета – самі сабе і для сябе». Наадварот: гэта будзе інстытуцыя, якая мае на мэце ў тым ліку расказваць пра беларускую культуру іншым – «адкрыць сябе іншым». Палякам, украінцам, немцам і г. д. «Будзем спяваць да перамогі!» – паабяцала Галіна Казіміроўская.

«Сэрца Еўропы бʼецца ў беларускіх вязніцах»

Ідэю стварэння Інстытуту беларускай культуры ў Варшаве падтрымаў, у прыватнасці, польскі Інстытут Пілецкага. Дырэктарка Інстытуту ў Нямеччыне Ганна Радзеёўска заўважыла, што ў гэты час «зменаў у Еўропе» палякі атрымалі шанц лепш спазнаць сваіх суседзяў. І выказала спадзяванні, што польская дзяржава заінвестуе ў гэты праект, каб інстытут паўстаў як структура. Будуць таксама ажыццяўляцца супольныя праекты з Інстытутам Пілецкага.

Урачыстае абвяшчэнне ўтварэння Інстытуту беларускай культуры «ІнБелКульт 2.0». 16 траўня 2022 года. Варшава, Польшча.
Фота: ЯМ / Белсат

Ганна Радзеёўска прызналася, што ейная мара – арганізаваць у Варшаве Кангрэс беларускай культуры.

«Сэрца Еўропы бʼецца ў вязніцах беларускіх, сэрца Еўропы бʼецца ў Кіеве. Цана, якую плацяць беларусы і ўкраінцы, – страшная, але, можа, Еўропа вернецца нарэшце туды, дзе мусіць быць…» – сказала дырэктарка Інстытуту Пілецкага ў Нямеччыне.

Школа, капэла, іншыя праекты

На сустрэчы былі прэзентаваныя ўжо існыя праекты «ІнБелКульту 2.0».

Пра беларускую дзіцячую школу мастацтваў імя Міколы Равенскага расказала яе куратарка Таццяна Галуза. Усё таксама пачалося з песень – са стварэння дзіцячага хору. Потым утварыўся тэатр. Цяпер плануецца адкрыццё мастацкага і літаратурнага аддзяленняў. Школа мастацтваў дзейнічае ў Старамейскім Доме Культуры (Рынак Старога мяста, 2).

Урачыстае абвяшчэнне ўтварэння Інстытуту беларускай культуры «ІнБелКульт 2.0». 16 траўня 2022 года. Варшава, Польшча.
Фота: ЯМ / Белсат

«Мяне вельмі цешыць, што дзеці могуць займацца са знакамітымі настаўнікамі, з найлепшымі прафесіяналамі. Але галоўнае там – беларускамоўнае асяроддзе. Чуць мову і спяваць на ёй. Хоць да нас прыходзяць і ўкраінцы. Мы спяваем і ўкраінскія песні, і польскія», – кажа Таццяна Галуза.

Ідэяй стварэння беларускай капэлы ў Варшаве падзяліўся экс-дырыжор Нацыянальнага тэатру оперы і балету Іван Касцяхін.

Беларуская акторка і спявачка Святлана Зелянкоўская казала, што ў сітуацыі, у якой усе апынуліся, трэба «будаваць маленькую Беларусь» тут. І прапанавала адрадзіць у Варшаве легендарны фальклорны тэатр «Госціца» пад кіраўніцтвам кампазітаркі Ларысы Сімаковіч, якой у Беларусі працаваць ужо не даюць. Гаворка, каб у межах «ІнБелКульту 2.0» ажыццявіць яе пластычна-музычны праект «Дыхай!».

Урачыстае абвяшчэнне ўтварэння Інстытуту беларускай культуры «ІнБелКульт 2.0». 16 траўня 2022 года. Варшава, Польшча.
Фота: ЯМ / Белсат

Прадстаўніца НАУ Наталля Задзяркоўская павіншавала арганізатараў з адкрыццём Інстытуту беларускай культуры і запрасіла ўдзельнікаў праекту ў «Музей Вольнай Беларусі», які мае адкрыцца ў Варшаве. У памяшканні плошчай больш за 370 квадратных метраў можна будзе ладзіць і камерныя канцэрты, паведаміла яна.

Словы падтрымання ад Святланы Ціханоўскай

Даслала словы падтрымання стваральнікам «ІнБелКульту 2.0» і беларуская лідарка Святлана Ціханоўская. У сваім пасланні яна прызнаецца, што належыць «да тых беларусаў, якія адкрылі для сябе беларушчыну толькі ў 2020 годзе», і шмат чаго да таго часу не заўважала.

Урачыстае абвяшчэнне ўтварэння Інстытуту беларускай культуры «ІнБелКульт 2.0». 16 траўня 2022 года. Варшава, Польшча.
Фота: ЯМ / Белсат

«А цяпер і я разумею, што паўстанне, якое пачалося ў 2020 годзе і працягваецца да гэтага часу – гэта вынік вялікай працы некалькіх пакаленняў беларусаў. Я ўдзячная ўсім, хто працаваў над гэтым столькі гадоў, нягледзячы на страх і рэпрэсіі. Я вельмі спадзяюся што «Інбелкульт 2.0» працягне важную справу ўмацавання беларускай культуры і гістарычнай памяці», – напісала Святлана Ціханоўская.

Урачыстае абвяшчэнне ўтварэння Інстытуту беларускай культуры «ІнБелКульт 2.0». 16 траўня 2022 года. Варшава, Польшча.
Фота: ЯМ / Белсат

«ІнБелКульту 2.0» афіцыйна адкрыты. Імпрэза скончылася канцэртам «Five-Storey Ensemble».

Гісторыі
«Мы зможам прывезці Беларусь дадому». Музыка Сяргей Доўгушаў пра ЗША, новы альбом і цяслярства
2022.05.15 08:30

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў