Смерць Навальнага: прапаганда кажа пра тромб і хуткую за 7 хвілінаў, але лекары не вераць


Паводле звестак прапагандыстаў, у Аляксея Навальнага ў калоніі адарваўся тромб. Рэаніматолаг Аляксандр Палупан, які ўваходзіў у кансіліум лекараў пасля атручвання палітыка ў 2020 годзе ў Омску, а затым рэгулярна кансультаваў паплечнікаў апазіцыянера, заявіў у эфіры «Белсату», што адарваны тромб – гэта дыягназ, які на дадзены момант немагчыма даказаць.

Суд у Маскве адхіліў апеляцыю расейскага апазіцыйнага палітыка Аляксея Навальнага, Масква, Расея. 20 лютага 2021 года. Крыніца: прэс-служба суда

Для выстаўлення дыягназу, паводле лекара, пакуль няма ніякіх звестак.

Каб паставіць дыягназ тромбаэмбалія, патрэбныя прыжыццёвыя даследаванні, якія б дазвалялі яго верыфікаваць. Але такіх даследаванняў не было. Таксама дыягназ можа быць пастаўлены на падставе вынікаў патолагаанатамічнай экспертызы, якая яшчэ не была выкананая. У медыкаў, што праводзілі рэанімацыйныя дзеянні, умоваў для выстаўлення такога дыягназу не было.

«Тое, што нам даюць ужо гатовы дыягназ, не можа не выклікаць дастаткова абгрунтаваных падазрэнняў у тым, што гэты дыягназ хоць крыху аб’ектыўны», – заявіў Аляксандр Палупан.

Пакуль жа любыя меркаванні з’яўляюцца спекуляцыяй, дадаў лекар.

Hавiны
Ціханоўская: Навальнага мэтанакіравана забіў пуцінскі рэжым
2024.02.16 15:30

На ягоную думку, прычыны смерці могуць быць рознымі: як натуральнымі, так і ненатуральнымі. Пры гэтым у лекара ёсць сумневы ў незалежнасці экспертызы, якая будзе высвятляць прычыны смерці, бо «напісаць можна ўсё што заўгодна».

«Я баюся, падчас ускрыцця ў Расейскай Федэрацыі мы не можам быць упэўненыя ў тым, што выснова адлюстроўвае сапраўдную карціну, якая была выяўленая», – сказаў лекар.

Ранейшае атручванне Навальнага «навічком» наўрад ці магло прывесці да смерці палітыка праз такі працяглы час, мяркуе Палупан. Паводле яго, было або новае ўздзеянне, або пагаршэнне стану здароўя праз рэгулярнае змяшчэнне ў штрафны ізалятар.

Дыягназ, якім «можна растлумачыць усё»

У сваю чаргу, былая супрацоўніца Федэральнай сістэмы выканання пакаранняў (ФСВП) Ганна Карэтнікава заявіла ў Facebook, што адарваны тромб – гэта дыягназ, якім у месцах пазбаўлення волі «можна растлумачыць усё».

«ТЭЛА, тромбаэмбалія лёгачнай артэрыі – гэта назва захворвання, якое прынамсі турэмнымі медыкамі ўжываецца як бы ў такім… пераносным трохі, пашыраным сэнсе. Неяк вось так: “Чаму хворы памёр?” – “Ды забудзься, усё роўна ТЭЛу напішуць, хто разбірацца будзе”», – напісала яна.

Хуткая ехала 300 кіламетраў у гадзіну

Агенцтва «Интерфакс» сцвярджае, што хуткая дапамога даехала да калоніі за сем хвілінаў, пасля чаго паўгадзіны спрабавала рэанімаваць Навальнага.

«Час брыгады хуткай у дарозе заняў менш як сем хвілінаў. На тэрыторыю калоніі да пацыента медыкі патрапілі за дзве хвіліны. Медыкі, якія прыбылі на месца, працягнулі рэанімацыйныя мерапрыемствы, якія ўжо праводзілі медыкі калоніі. І працягвалі іх больш як паўгадзіны. Аднак пацыент памёр», – сказалі ў Лабытнангскай гарадской больніцы.

Shot сцвярджае, што лекары выехалі да Навальнага з філіялу Лабытнангскай больніцы ў пасёлку Харп, дзе і знаходзіцца калонія. Адлегласць паміж двума пунктамі – менш за кіламетр, адзначае канал.

На пытанне, які папярэдні дыягназ быў пастаўлены Навальнаму, у прэс-службе Лабытнангскай гарадской больніцы заявілі РИА Новости, што «хуткая не ставіць дыягназы». 

Калі і дзе пройдзе ўскрыццё?

Аднак выданне «Новая газета» адзначае, што адлегласць паміж горадам Лабытнангі і пасёлкам Харп, дзе ў калоніі знаходзіўся Навальны, складае каля 35 кіламетраў. Каб пераадолець такую адлегласць за сем хвілінаў, трэба ехаць з хуткасцю 300 кіламетраў у гадзіну.

Крыніцы «Новая газета Европа» кажуць, што ўсталяванне прычын смерці Навальнага можа расцягнуцца на некалькі тыдняў. Пры гэтым правядзенне ўскрыцця ў Харпе ці Салехардзе можа прадэманстраваць, што ФСВП ёсць што хаваць. Крыніцы таксама не выключаюць, што цела могуць адразу знішчыць.

Абнаўляецца
У расейскай калоніі памёр Аляксей Навальны
2024.02.16 14:33

Пра тое, што Навальны памёр у папраўчай калоніі № 3 у Ямала-Ненецкай аўтаномнай акрузе, 16 лютага паведаміла мясцовае ўпраўленне федэральнай службы выканання пакарання (ФСВП). Яму нібыта стала кепска пасля прагулкі.

Прэс-сакратар прэзідэнта Расеі Дзмітрый Пяскоў паведаміў, што «медыкі разбіраюцца» з тым, што адбылося, і ўдакладніў, што прэзідэнту ўжо паведамілі пра смерць Навальнага.

Міжнародныя і беларускія дэмакратычныя лідары ўсклалі адказнасць за смерць палітыка на расейскія ўлады. На апошнім відэа за дзень да смерць Навальны выглядаў бадзёрым.

Hавiны
У апошняй публікацыі Навальны прызнаваўся ў каханні жонцы, а на відэа выглядаў бадзёрым
2024.02.16 15:10

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў