Папа Рымскі заклікае Пуціна да мірнага развязання сірыйскага канфлікту


Пантыфік даслаў адмысловы ліст расейскаму прэзідэнту – гаспадару пецярбургскага саміту “вялікай дваццаткі”, паведамляе апостальскі пасад.

«Усіх прысутных на саміце й кожнага з іх індывідуальна з глыбіні сэрца заклікаю знайсці спосаб, як завяршыць канфлікт і спыніць памкненні да збройнага умяшання», – падкрэсліў пантыфік у лісце да расейскага прэзідэнта, які прымае ў Пецярбурзе лідараў 19 найбуйнейшых сусветных эканомік.

У сваім звароце Францішак выказвае меркаванне, што да гэтае пары ў Сірыі пераважалі «аднабаковыя інтарэсы» – гэта не дазваляла мірна развязаць канфлікт і спрыяла «бессэнсоўнаму вынішчэнню нацыі».

Незалежнае аргентынскае штодзённае выданне «Clarin» паведаміла ў чацвер, што напярэдадні Францішак меў тэлефонную размову з сірыйскім прэзідэнтам Башарам аль-Асадам. Пантыфік меўся прасіць Асада, каб той спыніў атакаваць паўстанцаў, падала газета са спасылкаю на крыніцу ў Ватыкане. Аднак сёння Фэдэрыка Лёмбардзі, прэс-сакратар Ватыкану, зняпраўдзіў гэтую інфармацыю.

У чацвер Ватыкан выклікаў усіх амбасадараў, акрэдытаваных пры апостальскім пасадзе, каб тыя выказалі сваю пазіцыю адносна Сірыі.

Караліна Русіновіч, belsat. eu

Стужка навінаў