Праваабаронцаў «Вясны» пакаралі максімальнымі штрафамі


Уладзімір Лабковіч і Таццяна Равяка мусяць заплаціць штрафы памерам 30 базавых велічыняў (Br 3 млн) за тое, што ўчора раздавалі ўлёткі з выявамі Алеся Бяляцкага.

Праваабаронцаў затрымалі, калі тыя раздавалі паштоўкі з выяваю зняволенага Алеся Бяляцкага. Пасля кароткага азнаямлення са справамі (парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў), суд Савецкага раёну адправіў пратаколы на дапрацаванне, а праваабаронцаў вызвалілі ў зале суда. Сёння судовае разбіральніцтва працягнулася.

Падчас працэсу Уладзімір Лабковіч не адмаўляў, што раздаваў мінакам паштоўкі з выяваю Бяляцкага, аднак не пагадзіўся з тым, што гэта можна расцэньваць як несанкцыянаванае мерапрыемства. Нягледзячы на гэта, суддзя Паўлючэнка ахарактарызаваў дзеянні Лабковіча як «пікетаванне шляхам раздачы паштовак, што – выражэнне грамадзянскай пазіцыі» і прызначыў праваабаронцу максімальны штраф, прадугледжаны першаю часткаю артыкулу 23.34 Кодэксу адміністратыўных парушэнняў.

Суддзя Савецкага раёну Менску Марына Фёдарава аштрафавала Таццяну Равяку таксама на 30 базавых велічынь.

МЯ, belsat.eu, паводле spring96.org

Глядзі таксама
Каментары