Шольц параіў Орбану выйсці з залы пры галасаванні наконт пачатку перамоваў пра ўваход Украіны ў ЕЗ


15 снежня еўрапейскія лідары прынялі важную пастанову для Украіны і Малдовы пра пачатак перамоваў наконт іх уваходу ў Еўразвяз. Галасавалі без удзелу вугорскага прэм’ера Віктара Орбана, які на гэты час наўмысна выйшаў з залы.

Прэм’ер-міністр Вугоршчыны Віктар Орбан на саміце ЕЗ у Бруселі, Бельгія. 14 снежня 2023 года.
Фота: Omar Havana / AP Photo / East News

З ідэяй даць магчымасць Віктару Орбану ўхіліцца ад галасавання, каб не заблакаваць прынятую пастанову, выступіў канцлер Нямеччыны Олаф Шольц, сцвярджаюць крыніцы «Deutsche Welle».

Пацвярджаюць гэта і іншыя прадстаўнікі Еўрапейскай рады, якія кажуць, што Орбан выйшаў з залы, цудоўна ведаючы, што будзе адбывацца за дзвярыма ў ягоную адсутнасць.

Галоўнае, што «ніхто не выступіў супраць пастановы» пра пачатак перамоваў з Украінай і Малдовай і пра наданне статусу кандыдата для Грузіі, прыводзіць словы аднаго з суразмоўцаў, які працуе ў структурах ЕЗ, «Українська правда».

«Юрыдычна гэта абсалютна адпавядае правілам. Так, мы прынялі пастанову без прысутнасці Орбана, але не за ягонай спінай. Ён ведаў, што адбудзецца галасаванне наконт гэтай пастановы, і выйшаў з пакою», – адзначыў прадстаўнік каманды прэзідэнта Еўрапейскай рады Шарля Мішэля.

Сам жа Орбан пазней апублікаваў відэа ў сваім Facebook-акаўнце, дзе адзначыў, што ўстрымаўся ад галасавання, бо не хацеў браць удзелу ў «кепскай пастанове». Яшчэ падчас прыбыцця на саміт ён заяўляў, што няма прычынаў весці перамовы пра наданне чалецтва Украіне, бо тая не выканала ўсе сем умоваў, выстаўленых Еўрапейскай камісіяй.

Рада Еўропы 23 чэрвеня 2022 года падтрымала наданне Украіне і Малдове статусу кандыдатаў на ўваход у Еўразвяз. Грузія тады такога статусу не атрымала.

Hавiны
Еўразвяз пачынае перамовы з Малдовай і Украінай пра ўступленне. Вугоршчына была супраць
2023.12.14 21:24

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў