«Вы кажаце мне пра санкцыі?..» Лукашэнка «як былы футбаліст» узяўся «стымуляваць» спорт


Аляксандр Лукашэнка 15 снежня на сустрэчы са спартовымі функцыянерамі заявіў, што санкцыі, накладзеныя на Беларусь, павінны стаць асноўным стымулам для спартоўцаў, «але гэтага няма». «Як былы футбаліст» прызнаўся, што яму «проста страшна».

«Вы кажаце мне пра санкцыі. Дык калі на цябе ціснуць, я ў спорце так гэта разумею, то аддача яшчэ больш магутная будзе. Калі людзі бачаць, што іх несправядліва караюць, яны імкнуцца і паказваюць яшчэ лепшыя вынікі. У нас гэта ёсць? У нас гэтага няма.

Там, дзе звяртаем найбольшую ўвагу на спорт, там у вас найгоршыя вынікі», – сказаў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да міністра спорту Сяргея Кавальчука, прэзідэнта НАК Віктара Лукашэнкі ды іншых кіраўнікоў сферы.

Лукашэнка запытаўся таксама ў падначаленых, якіх спартовых пляцовак і збудаванняў бракуе, каб на Алімпіядзе заваёўваць 20–30 медалёў. З ягоных словаў, «мы калісьці гэта мелі, калі не было наагул ніякіх спартовых збудаванняў».

У сваёй прамове закрануў футбольны мундыяль у Катары.

«Я штосьці не заўважыў там нашых футбалістаў. Ці я проста кепска сачу за чэмпіянатам свету? І блізка няма!

Больш за тое, я параўноўваю гульню нашых футбалістаў з тым футболам, які сёння паказваюць там, і пры гэтым паказваюць у зімовы перыяд. І, як былы футбаліст, які займаўся шмат футболам, – мне проста страшна становіцца».

На апошняй Алімпіядзе ў Пекіне (2022) беларусы заваявалі ўсяго два срэбныя медалі. Зборная Беларусі ў футболе не прабілася на чэмпіянат свету ў Катары, бо заняла апошняе, пятае, месца ў сваёй адборачнай групе (пасля Эстоніі) і апошняе месца ў сваёй групе Лігі нацыяў.

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў