Ці рыхтуецца Лукашэнка да паразы Расеі ў вайне?


Што азначаюць апошнія рашэнні Аляксандра Лукашэнкі, да чаго ён рыхтуецца: да ўдзелу беларускага войска ў вайне ці да паразы Расеі? У Беларусь прыляцеў самалёт, які быў заўважаны за два дні да пачатку вайны супраць Украіны. Апошнімі днямі ў краіне адбываецца перасоўванне расейскай вайсковай тэхнікі ды праверка баявой гатоўнасці беларускіх вайскоўцаў. Сам жа Лукашэнка заняты ўзмацненнем рэжыму рэпрэсіямі супраць сваіх апанентаў. Ці расейскія войскі рыхтуюцца да наступу на Украіну з Беларусі, а можа нават з удзелам беларускага войска? Каментуюць Павел Усаў і Вадзім Мажэйка у сюжэце праграмы «ПраСвет».

«Уралы», танкі, бензавозы – з 8 снежня ў Беларусь прыехала 60 адзінак расейскай вайсковай тэхнікі, паведамляе маніторынгавая група «Беларускі Гаюн». Але галоўную ўвагу варта звярнуць зусім на іншае – 14 снежня на аэрадроме ў Мачулішчах прызямліўся самалёт дальняга радыёлакацыйнага выяўлення, 76-ы ІЛ А-50У. Такія самалёты даюць пункты для ўдараў пілотам знішчальнікаў. Такі ж самы, з тым жа бартавым нумарам, бачылі ў Беларусі за два дні да пачатку паўнавартаснай вайны ва Украіне.

Эскалацыя адбываецца на фоне раптоўнай праверкі боегатовасці арміі Лукашэнкі.

«У першую чаргу будуць правераныя вайсковыя часткі, якія ўваходзяць у камплект сілаў неадкладнага рэагавання. То бок тыя вайсковыя часткі, якія ў першую чаргу будуць вырашаць задачы ў выпадку абвастрэння абстаноўкі як на межах Рэспублікі Беларусь, гэтак і ўнутры краіны», – заявіў дзяржаўны сакратар Савету бяспекі Беларусі Аляксандр Вальфовіч.

Найбуйнейшая пагроза для рэжыму, разам з NATO, – гэта план «Перамога» ды полк Кастуся Каліноўскага. Прычым, паводле сверхсакрэтнай выведкі рэжыму, «каліноўцаў» – менш за 100 асобаў. Маўляў, несур’ёзна. Але ж рыхтуюцца да іх нападу, як да высадкі замежнага дэсанту.

«Усе добра памятаюць 1961 год, красавік, Куба, затока Свінняў – добра, што яна так называецца, – прыгадаў намеснік міністра ўнутраных справаў Беларусі Мікалай Карпянкоў. – Дэсант, які падрыхтаваны з контррэвалюцыянераў, 750 асобаў, за імі армія, цэлая армія амерыканская знаходзіцца, урад ужо падрыхтаваны. І вось яны ўрываюцца, і іх проста знішчаюць, яны трапілі ў капкан. Артылерыя кагосьці змыла, каму пашанцавала, у палон здаўся. Тут я скажу ім: чытайце гісторыю».

Беларускі камандантэ не дарма так гаворыць: грошы трэба адпрацоўваць. Гэтак, у бюджэце на 2023 год выдаткі на МУС павышаныя больш чым на 12 мільёнаў рублёў. Да таго яшчэ ільготы на кватэры. Арэнднае жытло ў маёмасць міліцыянты цяпер могуць атрымаць бясплатна.

«Пытанне забеспячэння жытлом бюджэтнікаў і асабліва людзей, якія стаяць на абароне Беларусі, асабліва ў гэты час, заўсёды будзе ў прыярытэце дзяржаўнай жыллёвай палітыкі», – заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Вядома ж, на абароне Лукашэнкі. Бо посттраўматычны сіндром ад 2020-га ў Лукашэнкі застаўся даволі моцны, амаль паўтары тысячы палітзняволых – таму пацверджанне. Штодзённымі зачысткамі сілавікі даказваюць Лукашэнку, што недарэмна ядуць свой хлеб. Развіваць ягоную параною цяпер прасцей простага. Запужалі настолькі, што з пыльных паліцаў цяпер дастаюць «цяжкую артылерыю» – байцоў запасу і ветэранаў спецпадраздзяленняў. Называцца гэта будзе батальёнам спецыяльнага прызначэння, які будзе змагацца з гэтак званымі дыверсантамі і выведнікамі. То бок дадатковыя сілы ў зачыстцы. Не менш важную ролю мае так званае патрыятычнае выхаванне. Такім чынам, на думку беларускага палітолага Паўла Усава, Лукашэнка забяспечвае сваю будучыню:

«Напэўна, Лукашэнка праз гэта разлічвае, што нават не адзін, не два, не тры, а дзесяць год зможа пратрымацца пры ўладзе. Нават калі абрынецца сістэма ў самой Расеі. І ён такім чынам падрыхтоўвае сябе і сваё атачэнне і грамадства да таго, што, калі Расея прайграе ў вайне і адбудзецца калапс рэжыму Пуціна, ён здолее ўтрымаць уладу ўнутры Беларусі. Дзеля гэтага рыхтуе дадатковыя рэсурсы для забеспячэння ўнутранага кантролю».

Забеспячэннем унутранага кантролю акурат можа быць гэтак званая прыхаваная мабілізацыя, пра якую чуваць усё часцей. Беларусы дагэтуль атрымоўваць позвы ў ваенкаматы на праверку звестак.

«Той факт, што ў беларускіх ваенкаматах вельмі танная сістэма зверкі дадзеных, мне здаецца, гэта яскрава прадэманстравала сітуацыя Расеі, якая нават у момант такога напружвання не здолела асабліва якасна арганізаваць вельмі складаны працэс, і выглядае, што вельмі складана ён ішоў, – каментуе аналітык Беларускага інстытуту стратэгічных даследаванняў Вадзім Мажэйка. – Таму, канечне, слушна, калі ў цябе каравая сістэма, ты бачыш, што ў таго, у каго падобная сістэма, яна дрэнна спрацавала ў крытычны момант, то цалкам лагічна штосьці са сваёй сістэмай зрабіць, неяк яе апдэйціць».

Гэтая імітацыя бурлівай дзейнасці ў першую чаргу разлічаная на Пуціна. Атрымаць ад сітуацыі максімум выгады, папужаць Захад удзелам у вайне, тым самым улагодзіць Пуціна, папужаць Пуціна арміяй NATO каля беларускіх межаў, атрымаць чарговыя грошы і падняць беларускія прадпрыемствы па рамонце вайсковай тэхнікі – у гэтым увесь Лукашэнка.

«Мы бачым, што гэтая інфармацыйная аперацыя Лукашэнкі даволі паспяховая. А што тычыцца нейкай там падрыхтоўкі да вайны, я ў першую чаргу раю глядзець за дадзенымі «Беларускага Гаюна», дадзенымі па перасоўванні расейскай тэхнікі. Вось апошні раз сказалі, там 28 адзінак, здаецца, вайсковай тэхнікі падвезлі бліжэй да мяжы. Ці хапае 28 адзінак вайсковай тэхнікі, каб штурмаваць Украіну, дапамагаць? Я не вайсковы аналітык, сказаць не магу, але выглядае, што не вельмі», – кажа Вадзім Мажэйка.

Вайсковыя аналітыкі з гэтым пагаджаюцца. Гэтак, Амерыканскі інстытут вывучэння вайны сцвярджае, што пакуль не бачна падрыхтоўкі войскаў Лукашэнкі да ўварвання ва Украіну. Таму прынамсі пакуль гэта ўсё элементы гульні, мэта якой стварыць ілюзію пагрозы Украіне з Беларусі. Гульні, у якой Лукашэнка пераследуе прыхаваную мэту. Ён можа рыхтавацца да паразы Расеі.

Надзея Бельская для праграмы «ПраСвет»

Стужка навінаў