У Махачкале 35 асобаў загінулі ад выбуху на аўтазапраўцы


Увечары 14 жніўня адбыўся выбух на аўтазапраўцы на выездзе з Махачкалы (Дагестан, РФ). У выніку загінулі больш як тры дзясяткі асобаў, у тым ліку і дзеці.

Пажар на АЗС у Дагестане.
Фота: МЧС России / Telegram

Выбух адбыўся на аўтазапраўцы «Нафта-24» у Кумтаркалінскім раёне на поўначы Махачкалы каля 22:00. Паводле МНС, першапачаткова загарэўся будынак аўтасэрвісу, затым агонь перакінуўся на запраўку, а потым на АЗС узарвалася газапаветраная сумесь. Пажар удалося патушыць толькі праз чатыры гадзіны.

РИА «Новости» адзначае, што колькасць загінулых скала 27 асобаў, сярод іх трое дзяцей. Пацярпелі 75 чалавек. Пазней МНС паведаміла, што колькасць загінулых узрасла да 30 чалавек, а затым – яшчэ да 35.

Кіраўнік рэгіёну Сяргей Мелікаў патлумачыў выбух на запраўцы дэтанацыяй ёмістасцяў насупраць АЗС. Пракуратура Дагестану пачала праверку па факце здарэння, а мясцовыя ўлады перакрылі падачу газу ў Кумтаркалінскім раёне.

Апошнім часам у Дагестане рэгулярна адбываюцца акцыі пратэсту. У канцы мінулага тыдня жыхары рэспублікі заблакавалі рух на адной з вуліц у Махачкале, пратэстуючы супраць адключэнняў электрычнасці. Таксама яны перакрывалі трасу праз адсутнасць вады. Апроч гэтага, жыхары патрабавалі адрамантаваць дарогу да сяла, па якой яны ездзяць на працу.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў