Галоўнай рэдактарцы «Новага часу» прысудзілі 2,5 года «хіміі»


Аксану Колб пасля суда вызвалілі, але яна мусіць быць cкіраваная ў папраўную ўстанову для адбывання тэрміну.

Аксана Колб (у цэнтры) пасля суда. Менск, Беларусь. 15 чэрвеня 2022 года.
Фота: Новы час

У судзе Цэнтральнага раёну Менску 15 чэрвеня абвясцілі вырак галоўнай рэдактарцы газеты «Новы час» Аксане Колб: як і прасіў пракурор, 2,5 года «хіміі» – абмежавання волі са скіраваннем у папраўную ўстанову адкрытага тыпу, піша «Новы час».

Абвінавачанне выставілі паводле арт. 342 ч. 1 Крымінальнага кодэксу – «Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх». Аксана Колб цалкам прызнала віну – яе вінавацяць ва ўдзеле ў шэсці 16 жніўня 2020 года. «Менсктранс» патрабаваў з яе сплаціць 5980 руб. 11 кап. за «перашкоду руху транспарту».

Аксана Колб узначаліла рэдакцыю газеты «Новы час» у 2015 годзе. Летась, у жніўні, выхад папяровай версіі газеты быў спынены, а ў напрыканцы кастрычніка 2021 года ўлады правялі ператрусы ў выдання і заблакавалі сайт novychas.by. Аксану Колб тады даставілі ў Следчы камітэт, але ў той жа дзень адпусцілі. Яе зноў затрымалі 20 красавіка 2022 года – і ўжо змясцілі ў ізалятар на Акрэсціна.

На пратэсты 16 жніўня 2020 года выйшлі сотні тысяч людзей, як у Менску, так і ў шмат якіх іншых гарадах Беларусі. У адрозненне ад першых паслявыбарчых акцыяў, у той дзень сілавікі амаль не чынілі гвалту. У той самы дзень праходзіла акцыя прыхільнікаў Лукашэнкі, удзельнікі якой таксама выходзілі на праезную частку. Пратэстоўцы не перакрывалі руху транспарту цалкам ва ўсім цэнтры Менску, як бачна з шэрагу відэа, а толькі мірна ішлі па вуліцах.

Гісторыі
Кацярына Колб: Галоўнае, чаму навучыла мяне мама, – разумець важнасць свабоды выбару і змагацца за гэта
2022.06.07 15:09

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў