Беларуская стужка «Вышэй за неба» – сярод найлепшых фільмаў СНД


Моладзевая драма «Вышэй за неба» Андрэя Курэйчыка і Дзмітрыя Марыніна ўвайшла ў праграму найлепшых фільмаў СНД 2012–13 гадоў на фестывалі «Залаты абрыкос» ў Арменіі.

Як паведамляе прэс-служба Курэйчыка, 10-ы міжнародны кінафестываль «Залаты абрыкос» прайшоў у Ерэване 7–13 ліпеня і стаў найбуйнейшым форумам кінамастацтва ў рэгіёне Закаўказзя і Сярэдняй Азіі. На юбілейны фестываль прыехалі кіназоркі сусветнага маштабу: Шарль Азнавур, Сяргей Лазніца, Кшыштаф Зануссі, Ульрых Зайдль, Іштван Саба, прадстаўнікі Канскага, Маскоўскага, Сафійскага, Гамбургскага кінафестываляў, больш як 400 міжнародных гасцей.

Адборшчыкі фестывалю і армянскія крытыкі адзначылі адмысловае месца фільму «Вышэй за неба» ў развіцці сучаснага беларускага кінематографу. Паказы стужкі прайшлі ў галоўнай зале фестывалю ў Ерэване і ў Гюмры.

Архіўны відэаматэрыял “Аб’ектыву” пра стужку “Вышэй за неба”:{movie}Архіўны матэрыял “Аб’ектыву” пра стужку “Вышэй за неба”|right|11612{/movie}

«Крытыкі, якія прэзентавалі фільм, асобна адзначылі яго гуманістычную скіраванасць і псіхалагічную праўдзівасць, прафілактычную місію, асобнага згадвання ўдастоены саўндтрэк фільму, напісаны кампазітарам Дзмітрыем Фрыгам і беларускімі гуртамі «Аkute», Vinsent, «Ляпіс Трубяцкі» і Н.Р.М.», – адзначаецца ў паведамленні.

«Бачна, што «Вышэй за неба» – гэта твар новага беларускага кінематографу для навакольнага свету. Аналагаў проста няма. Усіх цікавіць, што такое Беларусь сёння, – а ў нашым фільме ўдалося паказаць гэта шчыра, бескампрамісна, але нетэндэнцыйна», – сказаў рэжысёр фільму Дзмітрый Марынін.

Моладзевая драма пра жыццё беларускіх музыкаў стала адзіным беларускім фільмам, адабраным для «Залатога абрыкосу». На думку Курэйчыка, «Вышэй за неба» мог бы быць прэзентаваны на міжнароднай арэне значна шырэй. «Цікавасць да фільму велізарная, – адзначыў ён. – На жаль, гэта не заўсёды магчыма. Фільм застаецца забароненым, нягледзячы на яўную шкоду і для прафілактыкі ВІЧ, і для іміджу ПРААН і Беларусі».

{movie}Трэйлер фільму “Вышэй за неба”|right|11611{/movie}

«Залаты абрыкос» стаў ужо пятым фестывалем для «Вышэй за неба». Да гэтага карціну паказвалі на міжнароднай прэміі «Знята» ў Маскве, польска-беларускім фестывалі «Бульбамуві», «First Time Fest» у Нью-Ёрку, Фестывалі фільмаў Усходняй Еўропы ў Катовіцэ. Акрамя гэтага, спецыяльныя паказы фільму адбыліся ў Маскве, Вільні, Менску, Краснадары.

Стужка мае стаць першым беларускім моладзевым серыялам, але з-за канфлікту паміж чыноўнікамі Праграмы развіцця ААН у Беларусі і творчым калектывам з’явілася толькі аўтарская поўнаметражная версія. У чэрвені 2012 года ў офісе ПРААН прайшоў прэс-паказ першага эпізоду серыялу, але абяцаная чыноўнікамі прэм’ера гэтак і не адбылася. Поўнаметражная версія выйшла ў інтэрнэце і сабрала больш як 300 тысяч спампоўванняў і праглядаў. «Вышэй за неба» быў прызнаны найлепшым беларускім фільмам 2012 года паводле версіі парталу «Кінапошук».

МЯ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Стужка навінаў