Расея ўначы атакавала тры вобласці Украіны, ёсць разбурэнні і пацярпелыя


Уначы з 13 на 14 снежня расейскія войскі атакавалі ўкраінскія тэрыторыі ў трох кірунках дронамі і ракетамі. Найбольш дасталася Адэскай вобласці: ёсць разбурэнні і пацярпелыя.

Ліквідацыя наступстваў падзення абломкаў расейскіх дронаў у Адэскай вобласці.
Фота: ДСНС

Як паведамляюць украінскія Паветраныя сілы, з 19:00 учорашняга вечара расейскія войскі пачалі абстрэл украінскіх тэрыторыяў. Запускі адбываліся хвалямі.

Усяго за ноч было выпушчана 42 дроны тыпу «Shahed-136/131», украінскай СПА ўдалося збіць 41 беспілотнік. Тым не менш у выніку падзення абломкаў быў пашкоджаны інтэрнат, 11 чалавек атрымалі раненні, пяцёра былі шпіталізаваныя, трое з іх – дзеці.

Агулам жа разбурэнні зазналі 11 будынкаў.

Мабільны пункт абагравання, арганізаваны для пацярпелых.
Фота: ДСНС

Ратавальнікі арганізавалі на месцы мабільны пункт абагравання, пацярпелым дапамагаюць псіхолагі, Чырвоны Крыж забяспечыў іх ежай і цёплымі рэчамі.

Акрамя таго, паведамляецца, што шэсць крылатых ракетаў С-300 было выпушчана з акупаванай Херсоншчыны ў бок Мікалаеўскай і Херсонскай вобласцяў. Пра вынікі атак не паведамляецца.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў