Другасныя санкцыі дзейнічаюць. Казахстан патлумачыў, чаму не пускае беларускія «боінгі»


Амбасадар Казахстану ў Беларусі Ерлан Байжанаў на прэс-канферэнцыі ў Менску 14 снежня патлумачыў, чаму беларускія самалёты маркі «Boeing» не могуць лятаць у Казахстан. Пра гэта паведамляе БелТА.

Boeing 737-800 беларускай авіякампаніі «Белавія».
Фота: belavia.by

«Казахстан не ўводзіў забаронаў і абмежаванняў на палёты «Белавія». Гэта звязана з санкцыямі, прыведзенымі ў дзеянне ЗША. Гэта краіна – вытворца гэтых «боінгаў». Мы, беручы да ўвагі гэтую акалічнасць, натуральна, не хочам рызыкаваць і атрымаць другасныя санкцыі ў дачыненні да свайго парка «боінгаў» і гэтак далей», – сказаў дыпламат.

Ён адзначыў, што на іншых самалётах «Белавія» можа лятаць і лятае ў Казахстан. Пры гэтым казахстанскія авіякампаніі не могуць лятаць у Беларусь, бо іх парк складаецца з амерыканскіх самалётаў.

«Нашы авіякампаніі не могуць атрымаць страхоўку на гэтыя палёты і забеспячэнне рамонту», – заявіў амбасадар.

Паводле яго, Казахстан хоць і выступае супраць санкцыяў, але «вымушаны прымаць да ўвагі магчымыя наступствы».

Пракаментаваў Ерлан Байжанаў і той факт, што іншыя краіны ЕАЭС і СНД такіх абмежаванняў адносна Беларусі не ўводзяць.

«Магчыма, гэтыя партнёры любяць рызыкаваць. Казахстан не будзе рызыкаваць у гэтым пытанні», – сказаў ён.

На сённяшні дзень у парку «Белавіі» восем лайнераў «Boeing»: пяць «Boeing 737-800», два «Boeing 737-300» і адзін «Boeing 737-8». Сёлета ў Беларусі было ліквідаванае ТАА «Боінг БЛР» – падраздзяленне аднаго з найбуйнейшага ў свеце авіявытворцы, «Boeing Europe» і «Boeing Netherlands».

Hавiны
«Boeing» ліквідуе сваю беларускую кампанію «Боінг БЛР»
2023.04.26 13:33

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў