Судзяць Ягора Лебядка, Насту Лойку асудзілі 4-ы раз запар. Хроніка пераследу за 14 снежня


Штодня ў Беларусі ўлады працягваюць палітычны тэрор супраць грамадзянаў краіны. Сілавікі хапаюць людзей, у турмах катуюць палітвязняў, а суддзі прызначаюць тэрміны паводле палітычных матываў. «Белсат» сабраў вядомыя факты пераследу за 14 снежня.

У Менскім абласным судзе пачаўся працэс над палітзняволеным вайсковым экспертам Ягорам Лебядком. Пра гэта паведамляе Праваабарончы цэнтр «Вясна».

Судовы працэс вядзе суддзя Алена Міснік. Абвінавачанне Лебядку выстаўленае паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 КК («Спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці»).

Ягор Лебядок.
Фота: Праваабарончы цэнтр «Вясна»

Чацвёрты раз запар у Менску арыштавалі праваабаронцу Насту Лойку. Суд Першамайскага раёну сталіцы прызначыў ёй чарговыя 15 содняў арышту, піша Telegram-канал «humanconstanta».

Праваабаронца Наста Лойка за кратамі з 28 кастрычніка. Яе прызналі вінаватай паводле арт. 19.1 КаАП («Дробнае хуліганства»). Пасля адбывання тэрміну пакарання суд агучвае ёй чарговы содні арышту.

Наста Лойка. Менск, Беларусь, 2 верасня 2021 года.
Фота: ПБ / Белсат

Сілавікі затрымалі былога інжынера Дэпартаменту аховы. Следчыя распачалі супраць мужчыны крымінальную справу паводле ч. 6 арт. 16 і ч. 3 арт. 130 («Дапамога ў распальванні варожасці, учыненая групай асобаў»). Следчыя сцвярджаюць, што мужчына перадаў адміністратарам «дэструктыўных» рэсурсаў асабістыя звесткі каля 30 былых калегаў, гэтая інфармацыя потым публікавалася ў Telegram-каналах.

Жыхара Наваградчыны Віктара Пільжыса асудзілі за рэпост паведамлення пра двух сілавікоў з Ваўкавыску. Мужчыну пакралі 2-ма гадамі калоніі. У каментарах пра сілавікоў, рэпост якіх зрабіў Віктар Пільжыс, вялося, што адзін з іх, оперупаўнаважаны папраўчай калоніі № 11 Кірыл Дырында, з’яўляецца «удзельнікам здзекаў з палітычных зняволеных у Ваўкавыскай калоніі». А пра міліцыянта папраўчай установы адкрытага тыпу № 29 Максіма Жука згадвалася як пра «саўдзельніка здзекаў з палітычных вязняў на Ваўкавыскай хіміі».

Суд таксама абавязаў Пільжыса выплаціць міліцыянтам 10 тысячаў рублёў у якасці кампенсавання іх маральнай шкоды.

У Віцебску сілавікі зладзілі хапун. Праваабаронцам вядома пра затрыманне Пятруніна, Кульмана, Ларкова. Затрыманыя былі звязаныя з мясцовым гастрапабам «ROK’I PUB».

Роўна год таму агучылі вырак Сяргею Ціханоўскаму: 18 гадоў пазбаўлення волі. Ягоная жонка, абраная прэзідэнтка Святлана Ціханоўская, распавяла «Белсату», як пачуваецца палітвязень і як сям’я падтрымлівае з ім сувязь.

Святлана Ціханоўская кажа, што ейны муж у кепскім стане: Сяргей два месяцы правёў у штрафным ізалятары, дзе было вельмі халодна, ён хварэў. Двойчы яму спрабавалі перадаць лекі, але ў турме медыкаментаў не прынялі. Таксама ў зняволенні ў Сяргея Ціханоўскага стаў пагаршацца зрок.

Сяргей і Святлана Ціханоўская. Фота прадастаўлена Офісам Святланы Ціханоўскай

Алена Аляксандрава belsat.eu

Стужка навінаў