Святлана Ціханоўская распавяла пра стан мужа і ліставанне з дзецьмі


Роўна год таму быў агучаны вырак Сяргею Ціханоўскаму: 18 гадоў пазбаўлення волі. Ягоная жонка, абраная прэзідэнтка Святлана Ціханоўская, распавяла «Белсату», як пачуваецца палітвязень і як сям’я падтрымлівае з ім сувязь.

Сяргей і Святлана Ціханоўскія. Фота прапанаванае Офісам Святланы Ціханоўскай

Светлана Ціханоўская кажа, што ейны муж у кепскім стане: Сяргей два месяцы правёў у штрафным ізалятары, дзе было вельмі халодна, ён хварэў. Двойчы яму спрабавалі перадаць лекі, але ў турме медыкаментаў не прынялі. Таксама ў зняволенні ў Сяргея Ціханоўскага стаў пагаршацца зрок.

«Ён вельмі моцны чалавек, і ён не будзе ніколі скардзіцца, нават калі яму вельмі цяжка. Але ж я разумею, што тыя ўмовы, у якіх ён знаходзіцца, у якіх знаходзяцца тысячы палітвязняў, – гэта нечалавечыя ўмовы, і здароўя там не здабудзеш», – канстатуе Святлана Ціханоўская.

Святлана распавяла, што падтрымлівае з Сяргеем сувязь праз адвакатаў – такім чынам можна перадаць маленькую вестачку, атрымаць інфармацыю пра стан здароўя. Наўпрост Святлана і Сяргей ліставацца не могуць. Але дзецям і маці палітвязень пісаць мае магчымасць. «Толькі так, праз лісты дзецям, ён перадае і мне прывітанне. Я чытаю паміж радкоў», – тлумачыць яна.

Малюнак, які дзеці Сяргея Ціханоўскага даслалі яму ў адным з лістоў. Фота прапанаваў Офіс Святланы Ціханоўскай

Святлана распавядае, што дзеці кожны тыдзень пішуць лісты бацьку ў турму. Але пісаць прыходзіцца з улікам цэнзуры, якая можа не прапусціць лісты з той ці іншай нагоды.

«Напрыклад, мой сын вельмі часта хоча запытаць у таты, калі цябе злы Лукашэнка адпусціць. Або мая дачка вельмі часта ў паштоўках малюе бел-чырвона-белы сцяжок. Я не магу такія лісты адправіць», – распавядае Святлана.

На здымку 1 і 3 — малюнкі, якія дзеці Сяргея Ціханоўскага шлюць яму ў лістах. На здымку 2 — з лістоў дзяцей да Сяргея Ціханоўскага. Фотаздымкі прапанаваў Офіс Святланы Ціханоўскай

Ціханоўская кажа, што дачка плача, калі чытае лісты, якія напісаў бацька. «Гэта цяжка бачыць», – прызнаецца яна.

belsat.eu

Стужка навінаў