Лукашэнка ператварае Беларусь у палігон. Што зробяць Польшча і NATO?

Далучаючыся да расейскай агрэсіі супраць Украіны, дыктатар рызыкуе зацягнуць краіну ў вялікую вайну.

Днямі польскі генерал Багуслаў Самоль (Bogusław Samol), які ачольвае Інстытут вайсковай стратэгіі (Instytut Strategii Wojskowej), выказаў меркаванне, што беларускі дыктатар неўзабаве «мусіць штосьці зрабіць, каб шырэй падтрымаць Расею».

– Калі далей будзе ўпірацца, яго дні злічаныя, – заявіў генерал.

Лукашэнку сапраўды ўдалося пераканаць значную частку польскіх элітаў (экспертаў, палітыкаў), што ён нібыта лавіруе паміж вайной і мірам, не высылае войскаў супраць Украіны, бо баіцца рэакцыі ўласнага грамадства. Частка польскіх экспертаў апошнія месяцы была перакананая, што беларускія жаўнеры збольшага не хочуць вайны з Украінай і ваяваць не пойдуць.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Беларускія жаўнеры наведваюць праваслаўную царкву ў Менскім раёне.
Фота: Reuters Photographer / Reuters / Forum
Даведка
У Камітэце дзяржаўнай бяспекі паведамілі, што ў Беларусі не ўведзены рэжым контртэрарыстычнай аперацыі, і звесткі пра гэта маюць недакладны характар, пра што паінфармавала БелТА са спасылкай на крыніцу ў беларускай спецслужбе.

Аднак інфармацыя, якую апублікавала «Наша Ніва» пра пачатак схаванай мабілізацыі, і заява Уладзіміра Макея аб контртэрарыстычнай аперацыі ў краіне сведчаць, што найгоршае ў расейскай вайне супраць Украіны для беларусаў яшчэ наперадзе. Фізічны ўдзел беларускіх войскаў у канфлікце пагоршыць стаўленне свету да рэжыму. І Лукашэнку ёсць што губляць. Санкцыі санкцыямі, але гандаль паміж Беларуссю і Польшчай (а таксама між балтыйскімі краінамі і іншымі краінамі Еўразвязу) ідзе. Меншых маштабаў – але гэта па-ранейшаму мільярды долараў (студзень – травень 2022, гандаль у ЕЗ – 4,6 млрд).

Складана ўявіць, што ў выпадку, калі Беларусь далучыцца да актыўных баявых дзеянняў ва Украіне, польскія і іншыя еўрапейскія кампаніі будуць купляць, напрыклад, беларускае дрэва і іншую санкцыйную прадукцыю. Ціск грамадства і медыяў зробіцца настолькі вялікі, што нельга выключаць нават поўнага замарожвання гандлёвых стасункаў і спынення транзіту тавараў праз Беларусь у ЕЗ. Значна ўскладняцца дачыненні Менску з адносна нейтральнымі краінамі Азіі і Блізкага Усходу. Бо непрызнаны, але гнуткі дыктатар становіцца ў такім выпадку ўжо агрэсарам, новым Кім Чэн Ынам у цэнтры Еўропы. А гэта ўжо іншыя санкцыі і іншыя рызыкі.

Лукашэнка падцягвае вайну да межаў Еўразвязу яшчэ бліжэй, і гэта аўтаматычна справакуе павелічэнне польскага войска і кантынгенту NATO на ўсходніх межах. Беларусь яшчэ да вайны разглядалася як краіна, з тэрыторыі якой можа патэнцыйна адбыцца агрэсія. Запускаючы на нашую тэрыторыю расейскія войскі і перадаючы дэ-факта кіраванне арміяй у рукі расейскіх генералаў, размяшчаючы расейскую артылерыю, СПА і авіяцыю, дыктатар ператварае краіну ў палігон. Праз прыцэл на Беларусь будзе глядзець не толькі ўкраінская армія, якая добра падрыхтавалася да ўварвання з поўначы. Кожная правакацыя на мяжы з Польшчай ці Літвою можа мець зусім іншыя наступствы, чым тыя, якія мы назіралі падчас справакаванага рэжымам міграцыйнага крызісу.

Але існуюць і іншыя рызыкі. Мабілізацыя можа справакаваць чарговую хвалю эміграцыі з Беларусі, асабліва жыхароў заходніх рэгіёнаў краіны. КДБшнікі, якія нядаўна атрымалі дадатковыя паўнамоцтвы, пачнуць абмяжоўваць выезд мужчынаў за мяжу, і гэта можа справакаваць напружанасць у шмат якіх беларускіх гарадах. Жанчыны пойдуць пад ваенкаматы, каб даведацца пра лёс сваіх сыноў. Рэжым выведзе на вуліцы АМАП, і далей падзеі могуць разгортвацца непрадказальна. Адрозна ад 2020 года, на тэрыторыі Беларусі фізічна будуць тысячы расейскія жаўнераў.

Што зробяць Польшча і NATO? Фізічна нічога, калі Лукашэнка не парушыць межаў краінаў альянсу. Але падтрыманне Украіны непазбежна павялічыцца. Колькасна і якасна.

Руслан Шошын belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў