Дырэктар Добрушскага фарфоравага завода затрыманы за хабар


Супрацоўнікі ГУБАЗіК і МУС затрымалі з доказамі злачынства супрацоўніка ЗАТ «Добрушскі фарфоравы завод». На кадрах аператыўных здымак твар затрыманага не паказваўся. Але выданню «Флагшток» удалося высветліць асобу злачынцы.

Ім аказаўся дырэктар Добрушскага фарфоравага завода Аляксандр Вінакураў.

Аляксандр Вінакураў.
Фота: vdobrushe.by

«Устаноўлена, што зламыснік прымаў меры канспірацыі: на сустрэчы з хабарадаўцам ён адпраўляў свайго брата. Пасля атрымання чарговага канверта апошні некалькі гадзін кружыў па Менску, правяраючы наяўнасць сачэння. Калі не знайшоў яе, адправіўся да фігуранта для абмеркавання вынікаў перамоваў і перадачы грошай. Пасля заканчэння сустрэчы братоў затрымалі», – гаворыцца ў паведамленні, апублікаваным у тэлеграм-канале МУС.

Паводле аператыўных звестак, прадстаўнік камерцыйных структураў перадаў брату Вінакурава суму, большую за 33 тысячы беларускіх рублёў, і 155 тысячаў расейскіх рублёў за своечасовую адгрузку прадукцыі і вырашэнне іншых пытанняў. Гэта кваліфікуецца як хабар у буйным памеры.

Затрыманне адбылося ў той момант, калі брат перадаў атрыманыя грошы дырэктару прадпрыемства. У паведамленні МУС гаворыцца, што браты ўжо паспелі размеркаваць сумы паміж сабой.

Цікава, адзначае «Флагшток», што ў службовыя абавязкі Аляксандра Вінакурава ўваходзіла антыкарупцыйная падрыхтоўка кадраў на Добрушскім фарфоравым заводзе.

Вінакураў таксама з’яўляецца дэпутатам Добрушскага раённага Савета дэпутатаў, а таксама быў дэлегатам на Усебеларускім народным сходзе ў 2021 годзе.

У красавіку 2021 года Аляксандр Вінакураў адзначаў, што «абяцаючы райскае жыццё беларусам і ў той жа час заклікаючы сусветную супольнасць адмовіцца ад эканамічнага супрацоўніцтва з нашай краінай, некаторыя апазіцыйна настроеныя палітыкі супярэчаць самі сабе».

«Кожны разважны чалавек разумее, што грошы з неба не ўпадуць. Іх трэба зарабіць. Прычым уласнай працай», – зазначаў тады дырэктар Добрушскай фарфоравай фабрыкі, які сёння быў злоўлены на хабары.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў