Расейцы прасоўваюцца на асобных участках. Што адбываецца ва Украіне?


«Белсат» падводзіць вынікі 750-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 14 сакавіка чытайце ў нашым аглядзе.

Баец стралковага батальёна 1-й асобнай танкавай Северскай брыгады УСУ Украіны.
Крыніца: Генеральний штаб ЗСУ / X

Сіверскі і слабажанскі кірункі (на паўночнай мяжы Украіны з РФ)

Цягам апошніх содняў працягваліся баявыя дзеянні каля паўночнай мяжы Украіны.

У Міністэрстве абароны РФ заявілі пра спыненне праўкраінскіх сілаў у ваколіцах сяла Спадарушына ў Белгародскай вобласці, пры гэтым сцвярджаецца, што ў выніку баёў праціўнік страціў прынамсі пяць танкаў, чатыры БМП і каля двух сотняў вайскоўцаў.

Расейскі ваенкор Сямён Пегаў гаворыць, што таксама была спроба прабіцца да сяла Цёткіна, але і там УС РФ удалося загадзя выявіць і спыніць праціўніка.

Тэлеграм-канал «Рыбарь» піша, што праўкраінскія сілы перакідаюць рэзервы да мяжы з РФ, рыхтуючыся да новых вылазак.

Купянскі і ліманскі кірункі (паўночна-ўсходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)

У Генеральным штабе Збройных сілаў Украіны паведамілі пра адбіццё чатырох атак праціўніка каля населеных пунктаў Табаеўка і Стэльмахаўка ў Харкаўскай і Луганскай вобласцях адпаведна.

Аналітыкі праекту Deepstate гавораць, што таксама расейцы намагаліся палепшыць сваё тактычнае становішча каля Сынькоўкі і Першатраўневага на Харкаўшчыне, але поспеху не дасягнулі.

Праўкраінскі тэлеграм-канал «Офіцер» піша, што каля Сынькоўкі войскі РФ панеслі істотныя страты ад удараў FPV-дронаў ЗСУ – больш за 50 чалавек забітымі і параненымі.

На суседнім ліманскім кірунку Узброеныя сілы РФ прынамсі 11 разоў атакавалі каля Цернаў, Ямпалаўкі і Верхнякаменскага на поўначы Данецкай вобласці і Белагораўкі на Луганшчыне.

У Deepstate гавораць, што расейцы прасунуліся на ўсходзе ад сяла Церны.

Іншая праўкраінская крыніца – тэлеграм-канал «Говорять Снайпер» – піша, што агулам за дзевяць месяцаў баёў на кірунку амаль у поўнай небаяздольнасці апынулася адна з армій УС РФ, у выніку чаго цяпер тэрмінова перакідаюцца рэзервы іншых армій.

Меркаванні
Папа гаворыць. Мужнасць белага сцяга
2024.03.13 12:23

Бахмуцкі кірунак (лінія фронту ў ваколіцах аднайменнага гораду ў Данецкай вобласці)

На бахмуцкім кірунку баявыя дзеянні ідуць на захадзе і поўдні ад аднайменнага раённага цэнтру.

Украінскі Генштаб піша пра тры няўдалыя атакі праціўніка каля сёлаў Багданаўка і Клішчыеўка, а таксама на ўсходзе ад гораду Часаў Яр.

Пегаў гаворыць, што ў ваколіцах Клішчыеўкі і Іванаўскага ідуць сустрэчныя баі, але лінія сутыкнення застаецца нязменнай.

Вайскоўцы ЗСУ, якія трымаюць абарону на кірунку, пішуць, што ім удалося прыпыніць праціўніка на подступах да Часавага Яру, але расейцы працягваюць знішчаць горад ударамі авіяцыі.

Аўдзееўскі кірунак (на поўначы ад Данецку)

На аўдзееўскім кірунку баявыя дзеянні ідуць на захадзе ад аднайменнага гораду ў ваколіцах населеных пунктаў Бэрдычы, Арлоўка, Танэнькае, Первамайскае і Невельскае.

У Deepstate фіксуюць прасоўванні расейцаў у Арлоўцы і Первамайскім. Акрамя гэта аналітыкі адзначаюць узмацненне ціску з боку войскаў РФ у сёлах Бэрдычы і Танэнькае, сюды ж перакідаюцца дадатковыя сілы.

Прарасейскі тэлеграм-канал «Два майора» піша, што ў Первамайскім УС РФ прасунуліся на адлегласць да аднаго кіламетра.

«Рыбарь» паведамляе, што поспех на гэтым участку фронту дазволіць распачаць баі за суседняе сяло Няйталава.

Паводле Пегава, ЗСУ контратакуюць у ваколіцах Бэрдычаў, Арлоўкі і Танэнькага.

Hавiны
ЗША накіруюць Украіне першы ў 2024 годзе пакет вайсковай дапамогі
2024.03.12 23:08

Навапаўлаўскі кірунак (ліні фронту на захадзе і поўдні ад Данецку)

На навапаўлаўскім кірунку ініцыятыва застаецца за расейскімі вайскоўцамі, якія цягам апошніх содняў не менш за 29 разоў атакавалі каля населеных пунктаў Краснагораўка, Георгіеўка, Новаміхайлаўка і Залатая Ніва.

«Рыбарь» сцвярджае, што УС РФ прасунуліся на поўначы ад сяла Георгіеўка. Вайскоўцы 46-й брыгады ЗСУ гавораць, што таксама расейцы намагаюцца замацавацца ў цэнтры сяла.

У Deepstate фіксуюць поспехі расейцаў на поўдні і ўсходзе Новаміхайлаўкі. Адначасова з гэтым яны руйнуюць заходнюю частку сяла ўдарамі авіяцыі.

У Мінабароны РФ заявілі пра няўдалую атаку ЗСУ каля Уладзіміраўкі (на паўднёвым усходзе ад гораду Вуглядар).

Арэхаўскі і херсонскі кірункі (лінія фронту на захадзе Данецкай, у Запарожскай і Херсонскай вобласцях)

На арэхаўскім кірунку, паводле Генштабу ЗСУ, расейцы сем разоў атакавалі каля Старамаёрскага на захадзе Данецкай вобласці і ў ваколіцах Вэрбовага і Работына ў Запарожскай, але поспеху не дасягнулі.

Расейскі бок піша пра сустрэчны характар баёў каля першага населенага пункту.

Канал «Два майора» сцвярджае, што ў Запарожскай вобласці расейцы паступова прасоўваюцца, але гэтыя баі маюць мясцовае значэнне.

У Херсонскай вобласці баі лакалізуюцца на левым беразе Дняпра, дзе ЗСУ ўтрымліваюць некалькі невялікіх плацдармаў. Украінскае камандаванне піша пра два няўдалыя штурмы з боку праціўніка, «Два майора» – пра невялікія поспехі расейцаў у сяле Крынкі.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Каментар
Палітолаг: Войскі краінаў NATO ва Украіне маглі б стаць каля мяжы з Беларуссю
2024.03.11 19:30

Наталля Кулыгіна belsat.eu

Стужка навінаў