Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 14 студзеня


«Белсат» падводзіць вынікі 325-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 14 студзеня чытайце ў нашым аглядзе.

Сітуацыя па лініі фронту ў паўночна-ўсходняй частцы Харкаўскай вобласці, а таксама на захадзе Луганскай цягам апошніх содняў заставалася нязменнай – праціўнікі праводзяць лакальныя атакі, намагаючыся палепшыць сваё тактычнае становішча.

Генеральны штаб Збройных сілаў Украіны піша пра адбіццё атак праціўніка каля населеных пунктаў Плашчанка, Белагораўка і Чырвонапапоўка.

Расейскі ваенкор Сямён Пегаў узгадвае атакі войскаў РФ у ваколіцах Макееўкі і Стэльмахоўкі.

Праект Deepstatemap фіксуе працяг пазіцыйных баёў на поўдзень ад Крэмінной.

Больш актыўныя баявыя дзеянні адбываюцца на тэрыторыі Данецкай вобласці, дзе Узброеныя сілы РФ валодаюць ініцыятывай і працягваюць наступаць на бахмуцкім і аўдзееўскім кірунках.

Генштаб ЗСУ фіксуе няўдалыя атакі праціўніка ў ваколіцах населеных пунктаў Раздолаўка, Соль, Красная Гара, Бахмут, Кляшчэеўка, Вадзяное, Пабеда, Маёрск, Мар’інка і Вялікая Навасёлка.

Аналітыкі праекту Deepstatemap адзначаюць невялікія поспехі расейцаў на поўдні Кляшчэеўкі, таксама працягваюцца баі каля Падгароднага, Краснай Гары, Аўдзееўкі, Первамайскага і Невельскага.

Сямён Пегаў гаворыць пра расейскія наступы ў ваколіцах Дылееўкі, Прэдтэчыны, Раздолаўкі, Краснагораўкі, таксама журналіст фіксуе сустрэчныя баі на ўсходзе Бахмуту і ў цэнтры Мар’інкі.

Па-ранейшаму супярэчлівая інфармацыя падаецца адносна сітуацыі ў Салядары.

Украінскі бок, нягледзячы на заяву Міністэрства абароны РФ пра захоп гораду, сцвярджае, што ў населеным пункце ўсё яшчэ трымаюць абарону ЗСУ. Так, кіраўнік Данецкай абласной ваеннай адміністрацыі Павел Кірыленка гаворыць, што баі за Салядар вядуцца ў самім горадзе, а таксама за ягонымі межамі. Пры гэтым Кірыленка дадае, што сітуацыя ў населеным пункце складаная, але знаходзіцца пад кантролем ЗСУ.

Лінія фронту ў Запарожскай, Херсонскай і Мікалаеўскай вобласцях застаецца нязменнай – там абодва бакі канфлікту засяродзіліся на вядзенні абароны і нанясенні артылерыйскіх удараў.

Між тым ранкам 14 студзеня Расея нанесла чарговы ракетны ўдар па Кіеве і вобласці. Гэтым разам атака на крытычную інфраструктуру сталічнага рэгіёну ажыццяўлялася балістычнымі ракетамі.

Спікер Паветраных сілаў ЗСУ Юрый Ігнат паведаміў, што ў краіны няма эфектыўных сродкаў выяўлення такіх тыпаў ракетаў, а таксама сродкаў барацьбы з імі, таму паветраная трывога была аб’яўленая ўжо пасля выбухаў у сталіцы.

Адзначаецца, што ў выніку атакі пацярпеў адзін аб’ект крытычнай інфраструктуры, а таксама жылыя дамы ў сталіцы і вобласці.

Таксама ранкам быў нанесены ўдар па крытычнай інфраструктуры ў Харкаўскай вобласці. Кіраўнік абласной ваеннай адміністрацыі Алег Сінягубаў паведаміў, што ў рэгіёне магчымыя аварыйныя адключэнне святла, але энергетыкі ўжо працуюць над ліквідацыяй наступстваў удараў.

Ужо ўдзень 14 студзеня была аб’яўленая чарговая паветраная трывога амаль па ўсёй тэрыторыі Украіны.

Папярэдне вядома пра трапленне па крытычнай інфраструктуры ў Львове і Харкаўскай вобласці, а таксама па грамадзянскіх аб’ектах у Кіеве і Дняпры.

Паводле ўкраінскага камандавання, за мінулыя содні было знішчана каля 530 расейскіх вайскоўцаў, у выніку чаго агульныя беззваротныя страты РФ дасягнулі 114 660 чалавек.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны. 

Аналітыка
Салядар – самы гарачы пункт вайны ў пачатку 2023 года. Тлумачым, што там адбываецца
2023.01.11 18:51

ВК belsat.eu 

Стужка навінаў