У Літве адбыўся выбух на магістральным газаправодзе


На магістральным газаправодзе паблізу Панявежыса ў Літве падарваўся газаправод. Сітуацыя стабілізаваная, з бліжэйшай вёскі эвакуявалі жыхароў. Аб гэтым паведамляе партал «DELFI.LT».

Пажар пасля выбуху на газаправодзе паблізу Панявежыса, Літва, 13 студзеня 2023 года.
Фота: Delfi / delfi.lt

Паведамляецца, што здарэнне адбылося вечарам 13 студзеня. У паліцыю Панявежскай акругі у 16:57 паведамілі аб тым, што ў вёсцы Пасвалё Венкемі адбыўся выбух на газаправодзе і зʼявіўся вогненны слуп вышынёй каля 50 м. На месца здарэння прыбылі шматлікія нарады пажарных-выратавальнікаў. Месца здарэння ахоўвае паліцыя. Відавочцы расказалі, што недалёка ад месца здарэння знаходзіцца аўтасэрвіс, а паветра прагрэлася да 20 градусаў. Прычына аварыі пакуль невядомая.

Паводле газатранспартнага аператара Літвы кампаніі «Amber Grid», прычыны выбуху на газаправодзе пакуль невядомыя.

«У гэтым месцы сістэма складаецца з двух паралельных газаправодаў. Паводле папярэдніх даных, выбух адбыўся на адным з іх. Другая труба не была пашкоджана. Па трубе, якая выбухнула, адразу ж спынілі пастаўкі газу, спажыўцам Пасвальскага раёна пастаўляюць газ па іншаму газаправодзе», – гаворыцца ў паведамленні.

Газаправод, на якім адбыўся выбух, выкарыстоўваюць для паставак газу ў паўночную частку Літвы і транспарціроўкі газу ў Латвію. Па дадзеных на 19:00 пажар лакалізаваны, сітуацыя стабільная.

Пажар пасля выбуху на газаправодзе паблізу Панявежыса, Літва, 13 студзеня 2023 года.
Фота: Delfi / delfi.lt

Па сведчаннях відавочцаў, якія прыводзіць «DELFI.LT», полымя было вельмі яркім і высокім і яго было добра бачна нават з суседняй вёскі. Паліцыя перакрыла дарогу «Шаўлі-Пакруаіс-Пасваліс», машыны накіравалі па жвіровай дарозе. Жылых дамоў у радыусе 800 м ад месца здарэння няма. Па папярэдніх дадзеных, падчас інцыдэнту ніхто не пацярпеў.

Паводле апошніх звестак, прынята рашэнне аб эвакуацыі жыхароў найбліжэйшай вёскі. У вёсцы жыве каля 200 чалавек. На месцы здарэння працуюць аператыўныя службы, прычыны выбуху ўстанаўліваюцца.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў