Шматдзетны бацька: Мае дзеці робяць урокі ў ванне


https://youtu.be/XoHNQX72bGo
Як дзяржава дапамагае выхоўваць дзяцей, дзеліцца сваймі развагамі ў праграме “Размова Мацкевіча” галава 11-асабовай сям’і Леанід Скарабагаты.

Шматдзетны бацька выхоўвае разам з жонкаю 9 дзяцей – 4 хлопчыкаў ды 5 дзяўчынак. Старэйшаму сыну споўнілася ўжо 25 гадоў, а самаму малому сямейніку – толькі паўгода. Старэйшыя дзеці, падкрэсліў спадар Скарабагаты, дапамагаюць даглядаць малодшых. У адзін з цяжкіх момантаў, калі ў галавы сям’і не было працы, старэйшыя дзеці дбалі не толькі пра сябе, але і забяспечвалі матэрыяльна рэшту сямейнікаў.
{movie}Шматдзетны бацька ў “Размове Мацкевіча”: Дзеці робяць урокі ў ванне|right|10039{/movie}
Адзін з добрых бакоў беларускай сацыяльнай палітыкі, паводле спадара Скарабагатага, – адсутнасць у Беларусі бяздомных дзяцей. «Кожны народжаны ў Беларусі ставіцца на ўлік і яго да паўналецця суправаджае паліклініка, дзіцячы садок, школа. Немагчыма, каб хтосьці з дзяцей трапіў на вуліцу і застаўся без кавалка хлеба».

Гарантаваная ў нашай краіне таксама і грашовая дапамога на дзіця да 3 гадоў, а таксама бясплатнае харчаванне для вельмі бедных сем’яў.

Аднак ува ўсім спадзявацца толькі на дзяржаву не атрымліваецца, падкрэсліў шматдзетны бацька. «Мы самі сабе дапамагаем. Дзяржава ў нас забяспечвае мінімальны ўзровень, каб з голаду не памерці».

Нават у суседняй Украіне, паводле спадара Скарабагатага, матэрыяльная дапамога на прыёмных дзяцей значна большая, чым у Беларусі, і складае $ 307. Апроч гэтага, украінскія ўлады, у адрозненне ад беларускіх, не замінаюць замежным арганізацыям аказваць матэрыяльную дапамогу найбяднейшым.

Спадар Скарабагаты дадаў, што ўся ягоная вялікая сям’я жыве ў двухпакаёвай кватэры. Будаўніцтва новага жытла мужчына чакае з 1988 года, яшчэ з часоў Савецкага Саюзу. Нават размясціць дзяцей у невялікай кватэры, каб школьнікі зрабілі хатняе заданне, – вялікая праблема. Гэтак, дзеці Скарабагатых часта сядзяць на падлозе, а замест пісьмовага стала выкарыстоўваюць ложак. «Дзеці робяць урокі нават у купальні. А там жа не сядзеш, як за сталом, бо і спіна крывіцца, і зрок псуецца», – распавёў мужчына.

Аднак толькі сёлета, калі старэйшыя дзеці даўно скончылі школу і пайшлі на працу, нарэшце з’явіўся шанец, што сям’я Скарабагатых заселіцца ў новы дом.

М.Я., belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары