Навошта выхоўваць зацюканую эліту? Ігар Кузьмініч піша Сямёну Шапіру


«Якую эліту можа выхаваць загнаны, як той воўк, абкладзены чырвонымі сцяжкамі ды крыкамі паляўнічых выкладчык? Ён можа выхаваць заторканага, няўпэўненага ў сабе баязліўца, не здольнага не толькі самастойна прымаць рашэнні, але і нават думаць самастойна», – піша гарадзенскі выкладчык Ігар Кузьмініч у сваім адкрытым лісце кіраўніку аблвыканкаму Сямёну Шапіру.

Старэйшы выкладчык кафедры тэорыі дзяржавы і права Гарадзенскага ўніверсітэту імя Янкі Купалы Ігар Кузьмініч у сваім адкрытым лісце заяўляе, што ягоны сыход з універсітэту – форма пратэсту супраць незаконнага пераследу выкладчыкаў за іхныя грамадскія погляды, за іхнае права свабодна ад свайго імя выказваць свае меркаванні.

Скандал у Гарадзенскім дзяржаўным універсітэце разгарэўся пасля таго, як у свет выйшла кніга «Гораднязнаўства». Сярод іншага, па асабістым загадзе кіраўніка аблвыканкаму звольнілі аднаго з аўтараў падручніка гісторыка Андрэя Чарнякевіча. За 2 дні да звальнення выкладчыка тэрмінова выклікаў да сябе загадчык цэнтру кадравай і прававой работы ўніверсітэту. Падчас размовы ў кабінеце прысутнічалі загадчык аддзелу бяспекі ўніверсітэту і працаўнік КДБ. Галоўнаю тэмаю размовы быў падручнік «Гораднязнаўства».

Ігара Кузьмініча яшчэ на пачатку чэрвеня выклікаў «на размову» рэктар універсітэту. Гаворка ішла пра публікацыі ў асабістым блогу Кузьмініча. Сярод іншага, пра казкі «Хто такі белы рыцар на белым кані з белым мячом» і «Як узнік беларускі сцяг», а таксама невялікі пост пра тое, што на дзяржаўныя іспыты студэнты паклалі выкладчыку газету «Наша Ніва». Кузьмініча спыталі, ці яму не сорамна за гэтыя допісы.

Цяпер у сваім лісце Кузьмініч заяўляе, што звальняецца з уласнага жадання. “Я разумею, што я мог бы як мінімум спакойна працягваць працаваць да сканчэння майго кантракту вясною 2014 года. Больш за тое, шмат хто з маіх знаёмых і калег схіляюцца да таго, што гэта на йлепшы спосаб паводзінаў у маёй сітуацыі. На іхную думку, «нешта можа змяніцца» ці неяк усё ўладкуецца само сабою», – піша выкладчык. Аднак, на ягоную думку, зменаў, што адбудуцца самі сабою, чакаць не варта.

Выкладчык раскрытыкаваў пераслед выкладчыкаў і студэнтаў паводле палітычных матываў. «Тое што адбываецца ў Гарадзенскім універсітэце, баюся, – не лакальная праблема, а датычыцца ўсёй сучаснай беларускай сістэмы вышэйшай адукацыі, – гаворыцца ў лісце. – Універсітэты ды інстытуты пераўтвараюцца з месцаў, дзе пануюць навуковыя ідэі, у канторы для зарабляння грошай, дзе сама навуковая і навучальная дзейнасць пачынае адыходзіць на другі план. Найбольш наглядна гэты шкодны працэс праяўляецца на прыкладзе туркменскіх студэнтаў, якіх «дояць», не звяртаючы ўвагі на ўзровень саміх абітурыентаў, якія да нас паступаюць, і на ўзровень тых ведаў, якія ім даюцца».

М.Л., belsat.eu

Стужка навінаў