Лукашэнка цяпер мусіць заплаціць Пуціну за ўсе гады падтрымання, за прэферэнцыі і вылучаныя крэдыты


На працягу гэтага года Аляксандр Лукашэнка сустракаўся з Уладзімірам Пуціным рэкордную колькасць разоў. Раней пасля кожнай сустрэчы Лукашэнка распавядаў пра атрыманыя ад Крамля датацыі і новыя крэдыты. Цяпер грошай няма. Існуе меркаванне, што падчас сустрэчаў Пуцін патрабуе ад Лукашэнкі ўступіць у вайну. «Белсат» спрабаваў высветліць, ці не пачала Расея замест пернікаў выкарыстоўваць бізун.

Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін на саміце Шанхайскай арганізацыі супрацы. Бішкек, Кыргызстан. 14 чэрвеня 2019 года.
Фота: kremlin.ru

За дзесяць месяцаў бягучага года Аляксандр Лукашэнка 8 разоў ездзіў у Расею на сустрэчы з Уладзімірам Пуціным. Палітычныя аглядальнікі выказваюць меркаванне, што кіраўнік Крамля настойліва патрабуе ад Лукашэнкі непасрэднага вайсковага ўдзелу ў вайне супраць Украіны. Самаабвешчаны кіраўнік Беларусі намагаецца пазбегчы гэтага, паколькі рызыкаў у гэтым кроку будзе вельмі шмат.

Доктар палітычных навук, дырэктар інстытуту «Палітычная сфера» Андрэй Казакевіч у размове з «Белсатам» кажа, што ўступленне Лукашэнкі ў вайну ва Украіне на баку Расеі магчымае, але малаверагоднае. Масква відавочна цісне на Лукашэнку ў гэтым пытанні.

«У Масквы цяпер дастаткова рычагоў уплыву, каб прасоўваць сваю лінію, прынамсі, мы можам пра гэта меркаваць, зыходзячы з раптоўнага візіту Лукашэнкі ў Абхазію, супрацы з акупаванымі тэрыторыямі Украіны. Потым Лукашэнка прызнаўся, што прымае ўдзел у так званай спецаперацыі і вядзе адкрыта тэхнічную дапамогу. Але ці прывядзе гэта да прамога вайсковага ўдзелу – пакуль адкрытае пытанне, паколькі рызыкаў для беларускіх уладаў даволі шмат, а канкрэтна ад гэтага Лукашэнка нічога не атрымае», – удакладняе Андрэй Казакевіч.

Замест перніка Крэмль дастаў бізун

На працягу больш як дваццаці гадоў Лукашэнку ўдавалася атрымліваць з Масквы грошы і субсідыі. Сёлета чыноўнікі пераконваюць, што Масква надалей падтрымлівае Беларусь. Але вядома толькі пра вылучэнне 1,5 млрд долараў ЗША на праграму імпартазамяшчэння. І то, размовы пра гэты крэдыт вядуцца з лета, але грошай да гэтага часу няма.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: skorchanov / pixabay.com

Відавочна, што Крэмль цяпер заняў зусім іншую пазіцыю. Становішча Лукашэнкі пасля таго, як былі разбураныя стасункі з Захадам, значна пагоршылася. Расея засталася, бадай, адзінай краінай, якая падтрымлівае ўлады Беларусі, але і магчымасці Крамля цяпер далёка не такія, як да вайны з Украінай.

Андрэй Казакевіч кажа, што рэсурсаў на падтрыманне Лукашэнкі праз фінансавыя датацыі ў Расеі сапраўды не хапае. Але выкарыстоўваюцца іншыя механізмы.

«Масква можа даць доступ да расейскага рынку, транзіт і тэхналогіі. Але не трэба звязваць гэта выключна з эканамічнымі фактарамі, паколькі Крэмль цяпер аказвае галоўным чынам палітычнае падтрыманне, каб была стабільнасць, умацаванне на інфармацыйным полі, уплыў на розныя групы, якія звязаныя з РФ і ўсё больш умацоўваюць свае пазіцыі ў розных сегментах беларускага грамадства», – кажа Андрэй Казакевіч.

Масква таксама дае магчымасць існаваць беларускаму рэжыму праз доступ да вайсковых заказаў, дае энерганосьбіты па добрых коштах. Таму некаторыя прэферэнцыі захаваліся.

Не менш важным чыннікам для ўладаў Беларусі застаецца і палітычнае падтрыманне. Яшчэ ў 2020 годзе прагучала, што Лукашэнка захаваў сваю ўладу толькі і выключна дзякуючы Крамлю.

«На арэне вонкавай палітыкі адзінай краінай, якая падтрымлівае афіцыйны Менск, застаецца менавіта Расея. З Захадам вельмі глыбокі крызіс, фактычна разбураныя стасункі, а іншыя краіны не праяўляюць асаблівага энтузіязму ў развіцці стасункаў з Беларуссю, паколькі не так і шмат яна можа прапанаваць. Спробы нейкім чынам балансаваць за кошт Кітаю ці Турцыі, Сярэдняй Азіі маюць вельмі абмежаваны эфект», – пералічвае Андрэй Казакевіч.

Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін катаюцца на яхце. Сочы, Расея. 29 траўня 2021 года.
Фота: kremlin.ru

Таму Расея цалкам кантралюе ўлады Беларусі і цяпер можа патрабаваць ад Лукашэнкі, бо апошні не мае магчымасці выкарыстоўваць, як раней, геапалітычныя арэлі.

Расея тоне, але Лукашэнка не можа пакінуць гэты карабель

Сёння ў Масквы ўсе меней сродкаў на падтрыманне саюзніка, бо вайна дорага каштуе Расеі. Надзвычайныя падзеі магутным рэхам адлюстроўваюцца на курсе расейскай валюты. Гэтак, напрыклад, яшчэ да выбухаў на Крымскім мосце долар ЗША на біржы ў Маскве каштаваў 52 расейскія рублі, а пасля выходных расейскі рубель пачаў істотна падаць і абрынуўся да 64 рублёў за долар ЗША.

Абвалы адбываюцца і ў іншых сегментах расейскай эканомікі. Андрэй Казакевіч кажа, што дакладна падлічыць, наколькі моцна вайна ўдарыла па расейскім бюджэце, даволі складана, але негатыўныя наступствы будуць доўгатэрміновымі. І гэта вялізарныя страты, паколькі вялікая колькасць людзей, працоўнай сілы ў выніку мабілізацыі і эміграцыі выключаная з эканомікі. Бізнес пакідае краіну, забірае з сабою тэхналогіі, абмяжоўваецца доступ да фінансавых рэсурсаў. Заходнія краіны ўводзяць новыя санкцыі, якія прадугледжваюць абмежаванні на экспарт розных катэгорыяў тавараў з Расеі.

Абноўлена
Валерый Сахашчык асцярог беларускіх вайскоўцаў ад удзелу ў расейскай агрэсіі супраць Украіны
2022.10.12 11:01

Мікалай Каткоў belsat.eu

Стужка навінаў