Валерый Сахашчык асцярог беларускіх вайскоўцаў ад удзелу ў расейскай агрэсіі супраць Украіны


Валеры Сахашчык, чалец Абʼяднанага пераходнага кабінету Святланы Ціханоўскай у пытаннях абароны і нацыянальнай бяспекі, апублікаваў зварот да беларусаў «Чаму нельга дапусціць, каб Беларусь ваявала з Украінай». 

Валерый Сахашчык звярнуўся да беларусаў з заклікам аб недапушчальнасці вайны з Украінай. Скрыншот. Крыніца: youtube.

Валерый Сахашчык заявіў, што Расея прайграла развязаную ёй вайну, а «сваймі высілкамі і намаганнямі толькі падоўжыць агонію і зробіць свой канец яшчэ больш страшным». Кожны новы дзень вайны робіць яе наступствы яшчэ больш цяжкімі для агрэсара. Украінская нацыя здолела згуртавацца і даць адпор. Здольнасць да самаахвяравання і стойкасць украінцаў сталі нечаканымі для многіх у свеце. У вайне надышоў псіхалагічны пералом, украінцы адчулі поспех і сваю моц і працягнуць гнаць агрэсара.

«Спрабуючы знайсці ратаванне, кіраўніцтва Расейскай Федэрацыі, якое даўно страціла сувязь з рэальнасцю, спрабуе ўцягнуць у сваю вайну Беларусь, як апошні шанец», – зазначыў Валерый Сахашчык.

Што чакае Беларусь, калі яна далучыцца да вайны

Спасылаючыся на інфармацыю з украінскіх крыніцаў, чалец Абʼяднанага пераходнага кабінету распавёў аб наступствах для Беларусі, калі яна ўступіць у вайну з Украінай.

«Абсалютна дакладна цягам некалькіх содняў будуць знішчаныя Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод і большасць буйных абʼектаў у памежнай паласе, а таксама ўся крытычная інфраструктура. Трэба разумець, што пры гэтым можа пацярпець і загінуць вялікая колькасць людзей», – заявіў Валерый Сахашчык.

Паводле Сахашчыка, беларускія Узброеныя сілы страцяць большую частку афіцэрскага складу, як гэта здарылася з расейскім войскам, бо ў беларусаў «сродкі сувязі і кіравання войскам яшчэ больш адсталыя і прымітыўныя, чым у Расейскай Федэрацыі. Уся сістэма кіравання будзе ўскрытая і знішчаная».

«Стаўленне да захопнікаў-беларусаў з боку ўкраінцаў будзе яшчэ больш жорсткім, чым да расейцаў. З расейцамі ўсё ясна, а беларусаў да нядаўняга часу лічылі брацкім народам і добрым суседам. І подлы ўдар у спіну выклікае страшную рэакцыю. Украінцы вельмі добра падрыхтаваныя да нападу з боку Рэспублікі Беларусь. Няма сумневу, што будуць агромністыя страты. Ці гатовыя жыхары Беларусі прымаць сваіх сыноў сотнямі і тысячамі ў цэлафанавых пакунках?» – асцярог Сахашчык.

Суўдзел у агрэсіі, як мяркуе Сахашчык, актывізуе беларускіх патрыётаў, якія «будуць змагацца за сумленнае імя і міжнародную рэпутацыю беларускай нацыі», «колькасць беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне істотна вырасце».

«Беларускіх вайскоўцаў будуць сустракаць свае ж, але непараўнальна лепей падрыхтаваныя і матываваныя», – падкрэсліў Валерый Сахашчык.

У выпадку далучэння да вайны ва Украіне Беларусь, паводле Сахашчыка, чакаюць цяжкія палітычныя і эканамічны наступствы: яна стане краінай-ізгоем у сучасным свеце, «непазбежна падзеліць з Расеяй ганьбу паразы і доўгія дзесяцігоддзі будзе выплочваць рэпарацыі».

Па ацэнцы чальца Аб’яднанага пераходнага кабінету, украінскае войска сёння – армія нумар адзін у Еўропе: «Пры такой падтрымцы ўсяго цывілізаванага свету яны дакладна справяцца з абаронай Радзімы ад удару з Поўначы».

Сахашчык лічыць, што калі здарыцца напад Беларусі на Украіну, далей ужо не будзе ніякіх фактараў, якія б маглі перашкодзіць выкарыстаць усю магутнасць сучасных сродкаў паражэння любых абʼектаў, што выкарыстоўваюцца агрэсарамі на тэрыторыі Беларусі. «Усе войны калі-небудзь заканчваюцца, а гэта вайна скончыцца хутчэй, чым мяркуе большасць людзей, – падкрэсліў Сахашчык. – І пасля заканчэння гэтай вайны непазбежна адбудзецца змена эпохаў і ладу жыцця, да якіх мы ўсе звыкліся за некалькі дзесяцігоддзяў. Падман прапаганды, маніпуляванне фактамі, падмена паняццяў перастануць працаваць. Белае зноў стане белым, а дабро дабром».

«Задумайцеся, кім вы будзеце ў гэтай недалёкай будучыні – паўнацэннымі чальцамі грамадства ці фігурантамі крымінальных справаў аб ваенных злачынствах. Мы ўсе патрэбныя новай Беларусі. Не перакрэслівайце сваёй будучыні», – звярнуўся Валерый Сахашчык да беларусаў.

Чалец  Аб’яднанага пераходнага кабінету заклікаў вайскова-палітычнае кіраўніцтва Беларусі адумацца і  не распачынаць агрэсіі.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў