Яшчэ не прыдумалі, як караць. Што пагражае беларусам за непаведамленне пра замежны ВНЖ


Беларусы абавязаныя паведамляць сілавікам, калі маюць замежнае грамадзянства або від на жыхарства, бо калі не паведамяць, то… Далей улады Беларусі не прыдумалі, але працягваюць пагражаць. «Белсат» паглядзеў, што вядома пра ўжо дзейныя пакаранні і пра магчымыя новыя, а таксама знайшоў дзіўныя моманты ў словах прадстаўніка МУС.

Польская карта побыту
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Польская карта побыту і герб Беларусі.
Фота: Белсат

Начальнік дэпартаменту грамадзянства і міграцыі Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі Аляксей Бягун 13 верасня агучыў чарговую пагрозу грамадзянам Беларусі, якія маюць таксама замежнае грамадзянства, від на жыхарства ў іншай краіне або карту паляка і аналагі.

З 11 ліпеня беларусы сапраўды абавязаныя паведамляць пра такое – набылі моц адпаведныя змены ў закон «Аб грамадзянстве». Улады нават стварылі спецыяльны сайт для «прызнанняў», таксама дазваляюць «даносіць на сябе» праз электронныя і пісьмовыя звароты, падчас асабістага візіту ў міліцыю ці замежнае прадстаўніцтва. Для заяваў нават зрабілі бланкі на абедзвюх дзяржаўных мовах.

Законнага пакарання няма

Праўкі ў закон (пачытаць іх можна тут) адкрыта не прапісваюць ніякіх пакаранняў. У артыкуле 11 аб непрызнанні за грамадзянамі Беларусі другога грамадзянства напісана толькі «абавязаныя праінфармаваць». Асобна пазначана, што абмежаванне правоў і свабодаў за другое грамадзянства, від на жыхарства і іншыя дакументы, якія даюць права на льготы, «дапускаецца толькі ў выпадках, прадугледжаных Канстытуцыяй і заканадаўчымі актамі».

Законаў, што прадугледжваюць пакаранне за невыкананне такога абавязку, няма. Хіба што вельмі абстрактны (і «папулярны» ў справе палітычных рэпрэсіяў) артыкул 24.3 Адміністратыўнага кодэксу «Непадпарадкаванне законнаму патрабаванню»: за гэта прадугледжаны штраф да 3700 рублёў, грамадскія працы або арышт. Але сілавікі не казалі, што будуць карыстацца гэтым артыкулам супраць тых, хто не паведаміў пра ВНЖ.

Артыкулы
Арышт за налепкі, шкарпэткі і цмока. Самыя дзіўныя прыклады палітычных рэпрэсіяў у Беларусі
2021.03.26 17:10

Звычайна ў такіх выпадках пазначаюць, што заканадаўцы і ведамствы мусяць рабіць далей. У гэтых праўках Савету міністраў далі паўгода на тое, каб «прыняць захады, неабходныя для рэалізацыі» прапісанага (а прапісана ў праўках шмат рознага, не толькі пра «яўку з пакаяннем аб замежных дакументах»). Міністэрствы ўнутраных і замежных справаў адказныя толькі за парадак падачы і збору інфармацыі – іх не абавязвалі прыдумляць пакаранні.

«Белсат» пытаў праваабарончы цэнтр «Вясна» і фонд «BYSOL», ці вядома ім пра выпадкі пакарання ўжо цяпер. На момант публікацыі такіх звестак не было. Каментаваць чуткі і здагадкі «Вясна» не хоча: вось калі ўвядуць пакаранні, тады будзе пра што казаць.

Начальнік блытае: дык звесткі ўжо ёсць, а караць не трэба?

У выказванні Бегуна ёсць два дзіўныя моманты. Па-першае, ён пагражае тым, што органы ўнутраных справаў ужо маюць інфармацыю пра людзей з замежным грамадзянствам і відамі на жыхарства, таму пакараюць тых, хто пра гэта не паведаміў. На што звярнуў увагу кіраўнік фонду «BYSOL» Андрэй Стрыжак: навошта тады паведамляць, калі ўсё ведаюць?

Аляксей Бягун. Скрыншот: belpresscenter / Youtube

Па-другое, Бягун сцвярджае, што «грамадзяне актыўна заяўляюць пра свае замежныя дакументы»: так ужо нібыта зрабілі «больш за 6,5 тысячы чалавек».

З аднаго боку, гэта кропля ў моры: у адной толькі Літве і толькі за першыя сем месяцаў 2023 года беларусам выдалі ўтрая больш дазволаў на часовае пражыванне, чым было беларусаў, якія прызналіся ў гэтым лукашэнкаўскім сілавікам. А ў адной толькі Польшчы ВНЖ мае ў 14 разоў больш беларусаў – і гэта без уліку тых, хто мае грамадзянства ці карту паляка.

З другога боку, той жа Бягун раней казаў: калі ў паведамленнях пра замежныя дакументы «актыўнасць грамадзянаў будзе не вельмі вялікая», то гэта тады МЗС унясе прапановы, як «стымуляваць» грамадзянаў пакараннямі. А цяпер кажа, што «грамадзяне актыўна заяўляюць» – дык значыць, караць не трэба? Вось жа і не: ён кажа, што пакаранне «цяпер прапрацоўваецца».

Якім яно можа быць, сілавікі не раскрываюць, але ёсць відавочныя варыянты.

Зробяць, як у Расеі?

У Расеі ёсць падобная норма: грамадзяне абавязаныя паведамляць пра замежныя дакументы. Ды ў Расеі, на адрозненне ад Беларусі, пакаранні выразна прапісаныя ў законах: менавіта за непадаванне такіх звестак прадугледжаныя штрафы (ажно да 5 тысяч долараў) і папраўчыя працы. Цалкам магчыма, што менавіта такія змены цяпер рыхтуе Савет міністраў.

Ды МЗС Расеі асобна падкрэсліваў, што караць будуць толькі тых, хто прыехаў у Расею і не прызнаўся ў замежных дакументах цягам 60 дзён, а тых, хто застаецца за мяжою, караць не будуць.

Зробяць, як з «дармаедамі»?

У Беларусі ёсць практыка асіметрычных і непрапарцыйных пакаранняў. Напрыклад, «падатак з дармаедаў» скасавалі, але тым, хто «не ўдзельнічае ў фінансаванні выдаткаў дзяржавы», увялі падвышаныя тарыфы за камунальныя паслугі (і гэта тычыцца нават тых, хто працуе за мяжою і там плаціць падаткі, але мае ў Беларусі жытло).

Парады
Тлумачым, калі эмігранты пачнуць плаціць за камуналку ў Беларусі па поўнай і як гэтага пазбегчы
2022.04.03 09:00

Больш за тое, улады думаюць, што б яшчэ зрабіць супраць «дармаедаў». Так, першая намесніца міністра аховы здароўя Алена Краткова анансавала, што ў «дармаедаў» трэба забраць права на бясплатную медыцыну. А старшыня Савету Рэспублікі Наталля Качанава нават прапаноўвала замест падзелу на «дармаедаў і недармаедаў» увесці ацэнку «сацыяльнай актыўнасці грамадзянаў», як у Кітаі.

Не будуць выпускаць з Беларусі?

Хоць на момант публікацыі невядома пра пакаранні за непаведамленне аб замежных дакументах, быў адзін «трывожны званок»: беларуска са Злучаных Штатаў расказвала ў Facebook-суполцы, што ейнага знаёмага не хацелі выпускаць з Беларусі за тое, што ён не паведаміў пра другое грамадзянства.

Разбор
З Беларусі не выпускаюць, тых, хто не паведаміў пра другое грамадзянства? Гэта незаконна
2023.09.06 09:00

Тэарэтычна, гэта магчыма. Пастанову аб часовым абмежаванні права на выезд на падставе «невыканання без паважных прычынаў маёмасных, падатковых або іншых абавязкаў перад Рэспублікай Беларусь» можа прыняць суд. Ды ў гісторыі з Facebook-суполкі сцвярджалася, што пастанову прыняў не суд, а памежнік. Спраўдзіць, ці магло такое быць, немагчыма: памежнікі адмаўляюць відавочныя парушэнні са свайго боку. А парушэнні ў іх былі прынамсі не менш сур’ёзныя: напрыклад, грамадзяніна Беларусі не пускалі на Радзіму без законных падставаў.

Адбяруць пашпарт, пазбавяць грамадзянства?..

Можна чакаць рознага, законнага і незаконнага.

Паводле праваабаронцаў, беларускія памежнікі выпраўляюць на «размову» з КДБ уладальнікаў карты паляка – а тыя даюць выбар: або карта паляка, або арышт. Памежны камітэт адмаўляе, што такое адбываецца. Патрабаванне адмовы ад карты паляка відавочна незаконнае.

Таксама як мінімум Канстытуцыі і Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека супярэчыць закон аб пазбаўленні беларускага грамадзянства за «экстрэмізм», але выпраўляць пад яго Канстытуцыю або адклікаць подпіс пад дэкларацыяй улады Беларусі прынамсі пакуль не збіраюцца.

Што дакладна законна і можа ўжывацца супраць беларусаў за мяжою, дык гэта новае права консулаў канфіскоўваць у суграмадзянаў пасведчанні асобы або дакументы на заезд ці выезд з Беларусі (гаворка ідзе перадусім пра пашпарты). Гэтае права дае новы ўказ Аляксандра Лукашэнкі аб скарачэнні функцыяў дыпламатычных прадстаўніцтваў. У якіх выпадках консулы могуць забіраць дакументы, з указу не зусім зразумела: «у выпадках і парадку, вызначаных заканадаўствам», а пад гэтую фармулёўку можна падагнаць шмат чаго.

Разбор
FAQ. Выдача пашпартоў за мяжою, даверанасці, шлюб і дзеці – шукаем адказы паміж радкоў указу
2023.09.08 16:47

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў