Што такое дэбюракратызацыя па-лукашэнкаўску. Чытаем абноўленую дырэктыву


Аляксандр Лукашэнка падпісаў 13 чэрвеня ўказ аб змене сваёй дырэктывы «Аб дэбюракратызацыі», выдадзенай у 2006 годзе і апошні раз абноўленай у 2015-м. «Белсат» параўнаў старую і новую рэдакцыі.

Беларускі бюракрат
Ілюстрацыя згенераваная нейрасеткай. Беларускі бюракрат. Выява: Dall-E / Bing

Тэкст дырэктывы «Аб дэбюракратызацыі» павялічыўся амаль на 25 % – з 17 752 знакаў да 22 121. Некаторыя пункты крыху дапоўненыя, іншыя цалкам выкрэсленыя, некаторыя новыя дадаліся. Змены ў дырэктыве не распісаныя падрабязна: ёсць толькі даволі абстрактнае апісанне ад прэс-службы Аляксандра Лукашэнкі і скан указу ў фармаце PDF.

«Белсат» перавёў новую дырэктыву ў тэкставы фармат і праз сэрвіс параўнання тэкстаў адшукаў змены. Асноўная частка зменаў – дадатковая нагрузка бюракратычнымі працэдурамі Савету Міністраў, аблвыканкамаў і Менгарвыканкаму.

Што новага

У доўгай прадмове да дырэктывы знікла згадка таго, што ад насельніцтва пастаянна паступаюць скаргі на эфектыўнасць працы арганізацыяў жыллёва-камунальнай гаспадаркі, транспарту, будаўніцтва, медычнага і іншага абслугоўвання, на фармалізм у працы дзяржаўных органаў з людзьмі.

Замест гэтага з’явілася заява аб тым, што ў Беларусі развіваецца «інфармацыйнае ўзаемадзеянне» праз аўтаматызаваныя сістэмы зваротаў, якія дазваляюць цэнтралізавана ўлічваць звароты і адказваць на іх. Але дырэктыва раіць акцэнтаваць увагу на перавод адміністратыўных працэдураў у электронную форму.

Дырэктыва называе «актуальным» укараненне адміністратыўных працэдураў «праактыўнага фармату» – каб грамадзянам трэба было менш збіраць і падаваць звесткі для выканання працэдураў. Але не абавязвае да гэтага.

Бюракрат спрабуе разабрацца
Ілюстрацыя, згенераваная нейрасеткай. Бюракрат спрабуе разабрацца. Выява: Dall-E / Bing

Пытанні, якія грамадзяне ўздымаюць падчас тэлефонных лініяў, выязных прыёмаў і прэс-канферэнцыяў чыноўнікаў, можна, згодна з абноўленай дырэктывай, ужо не вырашаць неадкладна, калі гэта патрабуе «значнага дадатковага фінансавання». Але ў найбольш праблемных пытаннях трэба ўжо выязджаць на месца і вывучаць сітуацыю.

Дырэктыва загадвае кіраўніцтву дзяржаўных органаў шырока анансаваць і асвятляць працу з насельніцтвам у медыях, весці жывыя трансляцыі ў інтэрнэце і публікаваць відэасюжэты аб пытаннях жыцця грамадства, пастаянна праводзіць з насельніцтвам «інфармацыйна-асветніцкую працу», у тым ліку ў працоўных калектывах і на дыялогавых пляцоўках. Чыноўнікам загадана забяспечыць вядзенне афіцыйных акаўнтаў у папулярных сацсетках.

Агляд
Прапаганда з-пад палкі. Рэйд па сацсетках дзяржустановаў, прадпрыемстваў і мясцовай вертыкалі
2023.06.11 09:03

Да экспертных і кансультацыйных радаў цяпер трэба прыцягваць «грамадскіх актывістаў» і прадстаўнікоў «грамадзянскай супольнасці» (паводле ранейшых пастановаў, Міністэрства юстыцыі вырашае, хто грамадзянская супольнасць, а хто не).

Кіраўнікам рэспубліканскіх і мясцовых органаў кіравання і інхым намеснікам трэба ладзіць асабісты прыём грамадзянаў штосераду ўжо не толькі з 8 да 13 гадзінаў, а альбо з 8 да 13, або з 15 да 20, пры чым як мінімум раз на месяц трэба выбіраць другі варыянт.

Дзяржаўным органам і дзяржаўным медыям загадана пастаянна асвятляць захады ў дэбюракратызацыі і формы ўцягвання грамадзянаў у працу рэспубліканскіх і мясцовых органаў, паказваць станоўчыя прыклады развязання праблемаў і тлумачыць насельнтцтву «канструктыўныя патрабаванні ва ўзаемнай адказнасці» дзяржавы і грамадзянаў. З Міністэрства інфармацыі падобную задачу знялі. Міністэрству юстыцыі цяпер трэба дапамагаць дзяржаўным органам у прававой асвеце насельніцтва і ўдасканаленні заканадаўства пра звароты.

Прыём грамадзянаў з заявамі на адміністрацыйныя працэдуры ў працоўныя дні цяпер трэба або пачынаць не пазней за 8-ю гадзіну, або сканчаць не раней за 20:00, пры тым прынамсі адзін дзень на тыдзень трэба выбіраць другі варыянт. Неправамернае патрабаванне дакументаў падчас адміністрацыйных працэдураў і непрыманне заяваў на працэдуры цяпер не проста забароненыя, а лічацца «грубым парушэннем». Таксама цяпер забаронена «неабгрунтавана» ўводзіць новыя адміністратыўныя працэдуры або павялічваць час іх выканання.

Каментар
Лукашэнка афіцыйна падпарадкаваў КДБ аднаму сабе. Што гэта значыць?
2022.10.11 17:52

Саўмін, рыхтуйся

Савету Міністраў разам з аблвыканкамамі і Менгарвыканкамам загадана няспынна праводзіць інвентарызацыю адміністратыўных працэдураў з мэтай скарачэння іхнай колькасці, кансалідаваць працэдуры ў службу «Адно акно». Штогод пра гэта трэба даваць справаздачы ў адміністрацыю Лукашэнкі.

Аблвыканкамам і Менгарвыканкаму да канца 2023 года загадана належным чынам арганізаваць месцы прыёму грамадзянаў для адміністрацыйных працэдураў, забяспечыць інфрмаванне пра працу службы «Адно акно».

Дзяржаўным органам загадалі максімальна выкарыстоўваць электроннае дакументаабарачэнне і лічыць дакументы і звароты ў электроннай форме «дакладнымі і атрыманымі належным чынам», а таксама тымі, якія ў вызначаных законамі выпадках «нясуць юрыдычныя наступствы».

Савету Міністраў цягам шасці месяцаў трэба вызначыць спіс дзяржаўных інфармацыйных сістэмаў, якія належыць інтэграваць з агульнадзяржаўнай інфармацыйнай сістэмай, а таксама разам з Нацыянальным банкам прапрацаваць механізм пацверджання ўнясення платы за адміністрацыйныя працэдуры.

Савет міністраў
Ілюстрацыя згенераваная нейрасеткай. Савет Міністраў Беларусі. Выява: Dall-E / Bing

Да канца 2025 года Саўміну трэба зрабіць нешта (што і як, не распісана), каб сельскае насельніцтва было забяспечанае шырокапалосным доступам да інтэрнэту і доступам да паслугаў сотавай сувязі. Паводле звестак на 1 красавіка мінулага года, шырокапалосны доступ да інтэрнэту мелі толькі 345 з 1000 беларусаў, затое абанентаў сотавай сувязі было больш, чым жыхароў краіны (бо любы можа купіць дзве і больш сім-карт), а ахоп сеткамі 2G і 3G быў такі, што гэтыя сеткі былі дасяжныя 99,9 % насельніцтва.

Таксама Саўміну разам з аблвыканкамамі і Менгарвыканкамам загадана да 1 верасня 2023 года прыняць нейкія (якія, не распісана) захады для ўдасканалення парадку выкарыстання праграмнага комплексу «Адно акно» (магчыма, вядзецца пра сэрвіс на сайце Platform.gov.by) у дзейнасці мясцовых органаў улады. Абнаўляць партал «Адно акно» загадана «Нацыянальнаму цэнтру электронных паслугаў».

Пастаянна забяспечваць актуалізацыю звестак на інтэрнэт-сайтах дзяржаўных органаў трэба, згодна з дырэктывай, не адказным за гэтыя сайты, а Саўміну, аблвыканкамам і Менгарвыканкаму. Ім жа трэба забяспечваць функцыянаванне і папулярызацыю парталу рэйтынгавай ацэнкі арганізацыяў (імаверна, вядзецца пра сайт Качество-услуг.бел, але гэта не ўдакладняецца). І ім жа – агітаваць насельніцтва за выкарыстанне электронных зваротаў замест папяровых.

Генеральнай пракуратуры, Камітэту дзяржаўнага кантролю і іншым арганізацыям кантролю загадана пры праверках аддаваць прыярытэт прафілактычным і папераджальным захадам (імаверна, гэта значыць «трэба менш караць», але гэтак у дырэктыве не напісана). Затое Генпракуратуры больш не трэба ўзмацняць нагляд за выкананнем заканадаўства пры рашэннях чыноўнікаў, якія закранаюць законныя інтарэсы грамадзянаў.

Са Следчага камітэту абнаўленне дырэктывы зняло абавязак асаблівым чынам кантраляваць абгрунтаванасць завядзення крымінальных справаў і пакарання грамадзянаў.

Асобным пунктам кіраўнікоў дзяржаўных органаў абавязваюць выключыць перадачу прыняцця рашэнняў і ўзгадненне пытанняў у іхнай кампетэнцыі на вышэйшы ўзровень.

Hавiны
Лукашэнка загадаў навесці парадак у медыцыне: разабрацца з недахопам медыкаў і заробкамі
2023.06.02 19:05

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў