Страйк польскіх перавознікаў на мяжы з Беларуссю скончыўся на патрабаванне ўладаў


Тэрэспальскія ўлады пастанавілі завяршыць блакаванне дарогі да грузавога пункта пропуску на мяжы з Беларуссю. Удзельнікі акцыі раз’ехаліся, перадае агенцтва PAP. Пратэст трываў з 9 траўня. Пры гэтым арганізатары страйку абяцаюць абскардзіць патрабаванне ўладаў і ўзнавіць блакаванне аўтатрасы.

Страйк польскіх перавозчыкаў на мяжы
Кіроўца размаўляе па тэлефоне побач з фурай насупраць уезду на аўтамабільны тэрмінал падчас страйку польскіх перавознікаў ў Карошчыне. 9 траўня 2023 года.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

Рух праз грузавы пункт пропуску Кукурыкі – Казловічы ўзнавіўся ў сталым рэжыме. Тэрэспальская гміна пастанавіла разблакаваць трасу і спыніць страйк польскіх перавознікаў. Улады спасылаюцца на патрабаванне паліцыі і пратэсты жыхароў. У прыватнасці, праваахоўнікі сцвярджалі, што «існуе пагроза жыццю і здароўю людзей, а таксама небяспека ў дарожным руху», паведамляе Polskie Radio Lublin.

Пры гэтым арганізатары страйку плануюць абскардзіць у судзе патрабаванне ўладаў ды ўзнавіць блакаванне трасы ўжо ў панядзелак, 15 траўня.

Цяпер, паводле звестак парталу granica.gov.pl, час чакання ў чарзе на заезд у Беларусь – больш за содні, 27 гадзінаў. Перад мяжою назбіралася каля 1100 цяжкавікоў. З беларускага боку чаргі на выезд у Польшчу зараз няма, сведчыць сайт Дзяржаўнага памежнага камітэту.

Польскія перавознікі распачалі блакаванне дарогі ў аўторак, 9 траўня. Яны прапускалі толькі адну фуру на гадзіну. Актывісты выступаюць супраць транспартных кампаніяў з расейскім або беларускім капіталам.

«Яны захопліваюць усходні рынак і працуюць на шкоду нашай транспартнай галіне. Мы таксама патрабуем забараніць уезд у Польшчу паўпрычэпаў з беларускай і расейскай рэгістрацыяй ды аднавіць дазволы для транспартных кампаніяў з Украіны», – казалі журналістам удзельнікі акцыі.

Тэрмінал Кукурыкі – Казловічы – адзіны пункт пропуску грузавога аўтатранспарту на беларуска-польскай мяжы, што цяпер працуе.

Фотарэпартаж
«Дамаўляемся, ці будзем блакаваць». Польскія дальнабойнікі страйкуюць на мяжы з Беларуссю
2023.05.09 22:19

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў