Лукашэнка падпісаў указ «Аб развіцці ПВТ»: сакратарыят рады Парку будзе супрацоўнічаць з вайсковымі камісарыятамі


12 красавіка Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ № 102 «Аб развіцці Парку высокіх тэхналогіяў». Шэсць падпунктаў дакументу схаваныя пад грыфам «Для службовага карыстання».

Парк высокіх тэхналогіяў. Менск, Беларусь.
Фота: БелТА / belta.by

Паводле ўказу, будзе рэарганізаваная адміністрацыя ПВТ. У яго структуры з’явіцца кіраўнічая кампанія, у задачах якой будзе «інтэнсіўнае стратэгічнае развіццё».

«Кіраўнічая кампанія будзе прадстаўляць ПВТ пры ўзаемадзеянні з замежнымі партнёрамі, аказваць рэзідэнтам парку спрыянне ў пашырэнні экспарту, выхадзе на новыя рынкі і прыцягненні замежных інвестыцыяў», – гаворыцца ва ўказе.

Вызначаць кіраўнічую кампанію будзе ўрад.

Захаваецца поўны аб’ём і паўнамоцтвы назіральнай рады ПВТ, але для забеспячэння яе дзейнасці будзе сфармаваны сакратарыят. Адміністрацыя ПВТ будзе рэарганізаваная «шляхам далучэння да назіральнай рады».

Сярод задачаў сакратарыяту назіральнай рады будзе ўзаемадзеянне з вайсковымі камісарыятамі, арганізацыямі Узброеных сілаў ды іншымі вайсковымі фармаваннямі у пытаннях прызыву на службу працаўнікоў кампаніяў – рэзідэнтаў ПВТ. Праца сакратарыяту будзе фінансавацца ў тым ліку з адлічэнняў рэзідэнтаў ПВТ.

Умовы дзейнасці ў рамках Парку – прававыя, падатковыя, фінансавыя – застаюцца без змяненняў.

Шэсць падпунктаў указу схаваныя пад грыфам «Для службовага карыстання».

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў