Стала вядомая дата пачатку суда над удзельнікамі гурта «Nizkiz»


Суд над музыкамі гурта «Nizkiz» пачнецца 19 сакавіка ў судзе Кастрычніцкага раёну Менску.

Гурт «Nizkiz».
Крыніца: musicscore.ms

Вакаліста гурта Аляксандра Ільіна, бас-гітарыста Сяргея Кульшу і бубнача Дзмітрыя Халяўкіна затрымалі 5 студзеня 2024 года.

8 студзеня суд Ленінскага раёну гораду Магілёва разгледзеў адміністратыўныя справы Сяргея Кульшы і Дзмітрыя Халяўкіна паводле арт. 19.11 КаАП («Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў»). Суд над Аляксандрам Ільіным адбыўся 10 студзеня. 17 студзеня ў канале ГУБАЗіКу было апублікаванае чарговае відэа з удзельнікамі гурта «Nizkiz», у якім музыкі казалі пра свой удзел у пратэстах і тое, што «найбліжэйшыя пяць гадоў будуць спяваць у месцах пазбаўлення волі».

Цяпер удзельнікаў гурта абвінавачваюць ва ўдзеле ў пратэстах 2020 года паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх».

Справу будзе весці суддзя Алена Жывіца.

У лютым праваабаронцы прызналі траіх музыкаў палітзняволенымі.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў