«Паспрабуем знайсці кампраміс». Дэмсілы будуць прасіць Чэхію аслабіць візавыя санкцыі


Беларускія дэмсілы будуць дамагацца, каб Чэхія аслабіла санкцыі на атрыманне візаў і часовых відаў на жыхарства для беларусаў. Пра гэта «Белсату» распавёў дарадца Святланы Ціханоўскай па дыпламатыі Дзяніс Кучынскі з той нагоды, што Чэхія плануе зрабіць санкцыі бестэрміновымі.

Пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь. Менск, Беларусь. 16 ліпеня 2021 года.
Фота: Белсат

Цяпер беларусы могуць разлічваць толькі на гуманітарныя візы і часовыя віды на жыхарства Чэхіі. Такія абмежаванні былі ўведзеныя ў сувязі з саўдзелам рэжыму Лукашэнкі ў вайне супраць Украіны. Яны дзейнічаюць да 31 сакавіка 2024 года, але МЗС Чэхіі прапануе зрабіць іх бестэрміновымі. Разам з тым магчымыя паслабленні для студэнтаў, якія плануюць вучыцца ў Чэхіі, а таксама для чальцоў сем’яў грамадзян ЕЗ і семʼяў тых, хто мае від на жыхарства ў ЕЗ.

Дзяніс Кучынскі адзначае, што выключэнні, якія ўжо існуюць, сталі магчымымі праз працу Аб’яднанага пераходнага кабінету, Офісу Святланы Ціханоўскай, а таксама офісу беларускіх дэмакратычных сілаў, які працуе ў Празе. І далей яны плануюць дамагацца новых выключэнняў.

«У прыватнасці гэты выключэнні, якія, зразумела, будуць накіраваныя на падтрымку беларускага грамадства і тых, хто не атаесамляе сябе з рэжымам Лукашэнкі», – кажа дарадца Ціханоўскай.

Паводле Кучынскага, у першую чаргу выключэнні павінны быць для студэнцтва і іх сем’яў. А таксама для людзей, якія не могуць вярнуцца на радзіму.

«Будзем падкрэсліваць чэшскаму боку нашу пазіцыю пра тое, што Беларусь і рэжым – гэта не адно і тое ж. І Крысціна Шыянок [дырэктарка Офісу дэмакратычных сілаў Беларусі ў Чэшскай Рэспубліцы. – Рэд.] над гэтым працуе, таксама я буду на наступным тыдні мець сустрэчы з чэшскімі прадстаўнікамі. Парламенту і ўраду мы таксама паспрабуем зноў падкрэсліць гэтую пазіцыю і знайсці нейкі кампраміс, нейкія дадатковыя выключэнні з візавага бану. Мы мусім прымаць іншы бок, разуменне Чэхіі пра іхную нацыянальную бяспеку, і паспрабаваць знайсці нейкі кампраміс», – рэзюмуе Дзяніс Кучынскі.

Hавiны
У Чэхіі захацелі бестэрмінова забараніць выдаваць беларусам візы і ВНЖ
2024.02.13 13:31

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў