У Чэхіі захацелі бестэрмінова забараніць выдаваць беларусам візы і ВНЖ


МЗС Чэхіі падрыхтавала праект пастановы ўраду аб бестэрміновай забароне выдаваць візы і ВНЖ грамадзянам Беларусі і Расеі, піша агенцыя ČTK. Пакуль гэтае абмежаванне часовае і дзейнічае да 31 сакавіка.

Сцяг Чэхіі. Крыніца: qirim.news

Праект адпаведнай пастановы апублікаваны ў адмысловым рэестры. Міністэрства замежных справаў Чэхіі прапануе зрабіць бестэрміновай забарону на выдачу беларусам і расейцам візаў, акрамя гуманітарных, і відаў на жыхарства. Такія абмежаванні былі ўхваленыя з увагі на вайну ва Украіне і пакуль дзейнічаюць да 31 сакавіка.

Тых, хто ўжо мае візу або ВНЖ у Чэхіі, гэтыя санкцыі не датычаць.

Пры гэтым прадугледжаныя паслабленні для студэнтаў з Беларусі, якія «прэтэндуюць на від на жыхарства з мэтаю навучання ў ВНУ на падставе стыпендыяў Чэхіі, Еўразвязу ці міжнародных арганізацыяў».

«Пастанова таксама не распаўсюджваецца на заяўкі на кароткатэрміновыя візы, калі заяўнік з’яўляецца чальцом сямʼі грамадзяніна Чэхіі або грамадзяніна краіны Еўразвязу», – удакладняе агенцыя ČTK.

Акрамя таго, ВНЖ будуць даваць чальцам сям’і замежніка, які мае від на жыхарства ў Чэхіі. Вынятак зроблены і для тых, чыё перабыванне ў краіне «адпавядае інтарэсам Чэшскай Рэспублікі і гэтая зацікаўленасць была пацверджана міністрам замежных справаў».

Некаторыя краіны ЕЗ істотна абмежавалі выдачу візаў беларусам з абгрунтаваннем, што нашая краіна – саўдзельніца Расеі ў вайне ва Украіне.

Hавiны
Сейм Літвы разгледзіць прапанову падоўжыць і ўзмацніць санкцыі супраць беларусаў
2024.02.12 13:57

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў