За што змагаліся бабруйскія «лясныя браты»?


Сёння на тэлеканале АНТ у цыкле «Зваротны адлік» пакажуць дакументальны фільм «Бабруйскі вузел. Ліквідацыя». Фільм прысвечаны барацьбе гэтак званых «лясных братоў» супраць савецкай улады, што разгарнулася на Бабруйшчыне ў 1944 годзе пасля вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Стужка пра невядомую гісторыю Беларусі

Аўтар ідэі і сцэнару – гісторык Ігар Мельнікаў. Апроч гэтага, ён жа выканаў у фільме кароценькую ролю – палкоўніка НКВД. Мельнікаў паходзіць з Бабруйску, і, як сам кажа, гэты фільм – ягоны падарунак роднаму гораду.

Стужка паказвае дагэтуль невядомую старонку гісторыі Беларусі, яна знятая на падставе дакументаў, якія ён жа ўвёў у навуковы абарот. Мельнікаў кажа, што шырока вядомая з’ява – дзейнасць атрадаў «лясных братоў», Арміі Краёвай пасля вайны на захадзе Беларусі, але тое, што такое ж магло адбывацца на ўсходзе краіны, зусім блізка сталіцы – гэта невядома. У часы СССР гэтыя падзеі не вывучаліся.

Атрад «лясных братоў», пра якіх ідзе гаворка ў фільме, паводле Ігара Мельнікава, ажыццяўляў напады на вайскоўцаў савецкай арміі, прадстаўнікоў мясцовай адміністрацыі, старшыняў калгасаў, рабаваў мясцовае насельніцтва. Паводле розных звестак, колькасць атраду складала ад 20 да 40 асобаў.

{movie}Трэйлер фільму «Бабруйскі вузел. Ліквідацыя»|right|9491{/movie}

Кім былі «лясныя браты» Бабруйшчыны?



Для фільму скарысталі следчыя справы «лясных братоў» з архіваў Магілёўскага КДБ, маскоўскіх архіваў. Важнаю крыніцаю сталі ўспаміны мясцовых жыхароў, міліцыянтаў, што ўдзельнічалі ў ліквідацыі атраду. Як расказвае Ігар Мельнікаў, ён і выйшаў на гэтую тэму падчас размовы з унукам забітага «ляснымі братамі» капітана Аляксандра Прэза – Віталем Бядрыцкім. І менавіта праз прызму ягоных успамінаў і распрацаваная аснова канцэпцыі фільму.

Ігар Мельнікаў сцвярджае, што бабруйскія «лясныя браты» не кіраваліся ідэяй незалежнай Беларусі ці Польшчы, у адрозненні ад дзейнасці атрадаў у Заходняй Беларусі. Непадалёк Бабруйску дзейнічалі былыя ўласаўцы, паліцаі, прадстаўнікі Рускай вызваленчай арміі, актывісты створанага падчас вайны Саюзу барацьбы супраць бальшавізму, магчыма, Украінскай паўстанчай арміі. Усіх гэтых людзей пасля вайны асудзілі б, і таму яны ўцякалі ў лясы, бо губляць ім, паводле Мельнікава, не было чаго: «Яны проста ратаваліся ў лясах. Яны падкрэслівалі, што змагаюцца з савецкаю ўладаю. Але гэтым змаганнем былі напады, рабаўніцтва. Вялікіх ідэяў тут не было». У даследаваных следчых справах сведчанняў пра нейкую нацыянальную ідэю ў прадстаўнікоў гэтых атрадаў не было.

У 1948 годзе бабруйскі атрад у большасці быў знішчаны, некаторых яго прадстаўнікоў арыштавалі і асудзілі да 25 гадоў пазбаўлення волі. Далейшы іх лёс, гэтак жа, як і лёс іх сямейнікаў, невядомы. Ігар Мельнікаў распавядае, што некаторыя з іх таксама праходзілі паводле следства, і мяркуе, што актыўных пасобнікаў маглі асудзіць, але сцісла гэтае пытанне ён не даследаваў. Паводле аўтара, галоўнае, чаго ён імкнуўся дасягнуць падчас працы над фільмам – аб’ектыўнасці і нейтральнасці ў паказе невядомых дагэтуль падзеяў гісторыі.

Адмысловец: Фільм стварае аднабаковую карцінку



Гісторык Ігар Кузняцоў бачыць у выхадзе гэтага фільму на АНТ пэўную тэндэнцыю: «У цыкле «Зваротны адлік» выходзілі фільмы, якія разыходзіліся з канцэпцыяй сучаснай ідэалогіі. Але калі незалежныя гісторыкі пачынаюць супрацоўнічаць з дзяржаўнымі СМІ, то яны непазбежна трапляюць пад замову, што значыць, што фільм мусіць быць «ідэалагічна правільны».

Паводле спадара Кузняцова, сярод падпольных атрадаў былі і тыя, хто сапраўды толькі рабаваў, але асноўная частка нацыянальнага падполля Беларусі кіравалася нацыянальнаю ідэяй. Што датычыць менавіта бабруйскага выпадку, паводле Кузняцова, гэты фільм «усё адно будзе ўводзіць гледачоў у аблуду, будзе ствараць аднабаковую карцінку».

Апраўданне савецкай улады?

Паводле гісторыка, пытанне трэба асвятляць у шырэйшым кантэксце – напрыклад, цыклам, у якім паказаць з розных бакоў, якія падпольныя атрады дзейнічалі на тэрыторыі Беларусі пасля вайны: «Для таго, каб нейкі прыклад ставіць як заканамернасць, трэба сказаць, што на тэрыторыі Бабруйшчыны дзейнічала столькі атрадаў нацыянальных, яшчэ столькі – Арміі Краёвай, і што яшчэ былі атрады, якія аб’ядноўваліся з мэтаю ажыццяўляць рабаўніцтва, і што яны былі бандай бандытаў. І толькі тады можна рабіць высновы, калі можна вылічыць адсотак тых, хто сярод гэтых «лясных братоў» не меў на мэце нацыянальнай ідэі, але займаўся выключна рабаўніцтвам».

Ігара Кузняцова тут непакоіць тое, што фільм можа скласці ўражанне, нібы ўсе падпольныя атрады ў Беларусі былі бандытамі, што ў іх ніякай ідэі не было, і таму «савецкая ўлада правільная і рабіла правільна, праводзячы ў савецкі перыяд знішчэнне гэтага падполля». Пытанне складанае, і разглядаць яго трэба ў комплексе, мяркуе гісторык.

«Калі ўзнікаюць такія фільмы – узнікае пытанне: ці ўсе былі такімі, ці былі і нейкія іншыя падпольныя фармаванні? Я за тое, каб аўтар, які робіць падобны фільм, даваў агульную карціну, але тады гэты фільм наўрад ці выйдзе на АНТ», – падвынікаваў Ігар Кузняцоў.

Маўрына Маўчанава, belsat.eu

Стужка навінаў