Ператрусы ў назіральнікаў за выбарамі 2020-га, ліквідацыя царквы і арышт святароў


«Белсат» сочыць за пераследам, які чыніць рэжым Аляксандра Лукашэнкі ў дачыненні да беларусаў. Прыводзім хроніку рэпрэсіяў за 12 снежня 2023 года.

Пастара наваполацкай царквы поўнага Евангелля «Царква Валадарства Божага» Аляксандра Герасімовіча і служыцеля гэтай жа царквы Вадзіма Сафонава арыштавалі на 15 содняў. Верагодна, ім у віну ставіцца распаўсюд «экстрэмісцкіх» матэрыялаў.

Пастар наваполацкай царквы поўнага Евангелля «Царква Валадарства Божага» Аляксандр Герасімовіча (злева), а таксама служыцель Вадзім Сафонаў (справа).
Фота: Вясна / Правы чалавека ў Беларусі / Telegram

Арыштам на 15 содняў скончыўся для студэнта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту транспарту Кастуся Тэнца суд па абвінавачанні ў распаўсюдзе «экстрэмісцкіх матэрыялаў» згодна з артыкулам 19.11 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях. Ва ўніверсітэце малады чалавек ладзіў акцыі ў падтрымку беларускай мовы: віктарыны, дыскатэкі з беларускамоўнымі песнямі, экскурсіі ў вядомыя беларускія мясціны.

КДБ папоўніў «спіс тэрарыстаў» прозвішчамі яшчэ пяцёх чалавек. Сярод іх чатыры грамадзяніна Гаіці, а таксама 31-гадовы беларус Міхаіл Бабошка. Паведамляецца, што ў дачыненні да яго ўступіў у сілу прысуд паводле арт. 130 КК (распальванне варожасці). Агулам на сённяшні дзень у спісе фігуруе 1150 чалавек, з якіх 391 – беларусы.

У праўладным тэлеграм-канале з’явілася пакаяльнае відэа мужчыны, затрыманага за каментары ў адрас сілавікоў. Пакуль іншыях падрабязнасцяў пра мужчыну невядома.

Мужчына, затрыманы ГУБАЗіКам.
Фота: Вясна / Правы чалавека ў Беларусі / Telegram

Сёння стала вядома пра папаўненне спісу экстрэмісцкіх матэрыялаў, у які ўвайшлі: Telegram-каналы і чаты «Беларусы Батумі. Белорусы Батуми», «КОТОС: мясцовае самакіраванне», «Окрестина задержанные», «Публічны чат – Народныя амбасады Беларусі», «Гільдыя Беларусаў», сацсетки праекту «belonews», а таксама старонка ў «Facebook» «Valery Tsepkalo».

Цягам некалькіх дзён, паводле праваабаронцаў, па ўсёй Беларусі КДБ праводзіць хвалю ператрусаў у тых, хто быў назіральнікаў за выбарамі ў 2020 годзе. У людзей правяраюць тэлефоны і папярэджваюць аб крымінальнай адказнасці за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці», таксама з імі запісваюць «пакаяльныя відэа».

Стала вядома, што Вярхоўны Суд не задаволіў скаргу вернікаў на рашэнне аб ліквідацыі царквы «Новае жыццё».

12 снежня з’явілася інфармацыя пра тое, што Беларускі саюз мастакоў ліквідаваў суполку «Пагоня». Гэтае аб’яднанне было створанае ў 1990 годзе і ставіла сваімі мэтамі «развіццё нацыянальнага мастацтва, зберажэнне і памнажэнне мастацкіх набыткаў культурна-гістарычнай спадчыны дзеля абуджэння нацыянальнай самасвядомасці народу».

Сілавікі ГУБАЗіКу зладзілі аблаву ў Чэрвені і паказаў траіх затрыманых. Адзін з іх – 43-гадовы Тарас Вяснянка, якога вінавацяць у рэпосце з «экстрэмісцкага» рэсурсу. Пра другога ёсць інфармацыя аб тым, што ў 2020 годзе ён вывешваў беларускі нацыянальны сцяг на даху свайго прыватнага дома. Трэці затрыманы – малады хлопец, які выходзіў у 2020-м на пратэсты.

Праваабаронцы паведамляюць, што 23 лістапада быў вынесены прысуд Юліі Абадоўскай, абвінавачанай паводле артыкула 342 Крымінальнага кодэксу за ўдзел у мірным маршы 6 верасня 2020 года. Яе асудзілі да двух гадоў «хатняй хіміі».

Суд Жлобінскага раёна асудзіў 23 лістапада Уладзіслава Корзуна паводле ч. 1 арт. 342 КК («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх») за ўдзел у пратэсных акцыях 9 жніўня 2020 года і выхад на праезную частку. Мужчыну прыўзначылі два гады «хатняй хіміі». Вядома, што Уладзіслаў выхоўвае дваіх непоўнагадовых дзяцей.

Суд Фрунзенскага раёна Менска 22 лістапада вынес прысуд Ігару Котаву, якога абвінавацілі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 КК). У віну мужчыне ставілі тое, што ў пачатку жніўня 2020 года ён «неаднаразова размяшчаў і захоўваў у вольным доступе ў тэлеграм-групе, прызнанай пазней экстрэмісцкай, тэкставыя паведамленні са схемамі перамяшчэння супрацоўнікаў органаў унутраных спраў па тэрыторыі Менска з мэтай арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак». Суд прысудзіў яму тры гады «хатняй хіміі».

Сёння стала вядома аб затрыманні былога блогера Алеся Сабалеўскага. Сілавікі прыйшлі да мужчыны раніцай на працу. Прычыны затрымання невядомыя.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў