Алена Леўчанка заявіла аб заканчэнні баскетбольнай кар'еры


39-гадовая цэнтравая зборнай Беларусі ў баскетболе Алена Леўчанка, якая ў жніўні 2020 года падпісала адкрыты ліст супраць гвалту і з патрабаваннем прызнаць прэзідэнцкія выбары ў Беларусі несапраўднымі, заявіла аб заканчэнні баскетбольнай кар’еры. Пра гэта яна напісала ў сваім акаўнце ў Instagram.

«Баскетбол… Дзякуй, што выратаваў мяне, фармаваў мяне цягам майго жыцця, навучыў мяне стаяць і падымацца. Дзякуй за тое, што дазволіў мне ўбачыць свет, атрымаць сяброў і сувязі, за тое, што навучыў мяне, што быць спартоўцам важней за тое, каб проста займацца спортам. Я вельмі ўдзячная. Тут нашыя шляхі разыходзяцца, але я ведаю, што аднойчы мы зноў сустрэнемся», – напісала Алена Леўчанка.

Баскетбалістка, развітваючыся, дзякуе за падтрымку сваёй сямʼі, заўзятарам і трэнерам. Яна заўважае, што «гэтае падарожжа» было не заўжды лёгкім, бо было шмат траўмаў і аперацыяў, але стала «цудоўным досведам». Заклікае маладых баскетбалістак упарта працаваць, ніколі не здавацца і быць вернымі сабе.

Апошнім клубам Алены Леўчанкі быў грэцкі «Panathinaikos». У 2007 годзе ў складзе зборнай Беларусі стала бронзавай прызёркай чэмпіянату Еўропы. У 2010 годзе ў складзе «Atlanta Dream» згуляла ў фінале жаночай прафесійнай баскетбольнай лігі WNBA. У тым жа годзе была прызнаная найлепшай цэнтравой свету. За сваю карʼеру гуляла больш чым у 20 клубах Беларусі, ЗША, Расеі, Польшчы, Турцыі, Кітая. Была чэмпіёнкай Літвы, Польшчы, Расеі.

У жніўні 2020 года разам з іншымі беларускімі спартоўцамі падпісала адкрыты ліст з патрабаванне прызнаць прэзідэнцкія выбары, якія прайшлі 9 жніўня, несапраўднымі. Алена Леўчанка была адной з ініцыятарак стварэння Свабоднага абʼяднання спартоўцаў. У верасні 2020 года была затрыманая і асуджаная на 15 сутак адміністрацыйнага арышту, якія адбыла на Акрэсціна.

Фотарэпартаж
Беларусы свету правялі Дзень спартовай салідарнасці
2022.10.02 19:48

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў