Як у Расеі адрэагавалі на правядзенне саміту NATO ў суседняй краіне


У Вільні 11–12 ліпеня праходзіць саміт краінаў – удзельніц Паўночнаатлантычнага альянсу, на якім прысутнічаюць лідары 40 краінаў, у тым ліку прэзідэнт ЗША Джо Байдэн і прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. Адное з асноўных пытанняў на парадку дня саміту – чалецтва Украіны і Швецыі ў Альянсе. Сабралі рэакцыю, як у Расеі адрэагавалі на правядзенне саміту ў суседняй краіне, а таксама на заявы аб прыняцці ў NATO новых чальцоў.

Енс Стольтэнбэрг на брыфінгу. Вільня, Літва, 11 ліпеня 2023 года.
Фота: Белсат

Прэс-сакратар прэзідэнта Расеі Дзмітрый Пяскоў перад пачаткам саміту заявіў, што NATO нібыта ўспрымае РФ як суперніка і ворага. Ён адзначыў, што Крэмль пільна адсочвае тое, што адбываецца на саміце Альянсу ў Вільні, і дадаў, што не мае значэння, дзе праходзіць саміт, важная змястоўная частка сустрэчы.

Паводле ягоных словаў, члены блоку напярэдадні саміту дэманструюць моцныя антырасейскія настроі.

«Адназначна гаворка ідзе пра саміт аб’яднання, які носіць яскрава выяўлены канцэнтравана антырасейскі характар. Расея таксама ўспрымаецца імі як вораг, як супернік, і менавіта ў гэтым рэчышчы будуць весціся абмеркаванні», – сказаў прэс-сакратар.

Пяскоў адзначыў, што выказванні палітыкаў на саміце ў Вільні стануць прадметам глыбокага аналізу, для таго каб прымаць захады, накіраваныя на гарантаванне бяспекі.

Афіцыйная прадстаўніца МЗС РФ Марыя Захарава ў сваім Telegram-канале ў адказ на адкрыццё саміту Паўночнаатлантычнага альянсу ў Вільні заявіла, што ён ужо «пацярпеў крах». У прыватнасці, праз пастанову ЗША паставіць Кіеву касетныя боепрыпасы.

«Рэдкі выпадак: саміт пачаўся ўжо праваленым. Рашэнне Вашынгтону пра касетныя баявыя набоі, публічнае прыніжэнне Украіны, адсутнасць якой-небудзь зграбнай канцэпцыі таго, што адбываецца, – гэта саміт у Вільні», – адзначыла Захарава.

Пасля першага дня саміту кіраўнік Службы вонкавай выведкі РФ Сяргей Нарышкін заявіў, што для Расеі на саміце NATO нічога нечаканага не прагучала і не было зафіксавана ў дакументах.

Hавiны
«Не павінна быць ілюзіяў». Прэзідэнт Літвы назваў Беларусь губерняй Расеі
2023.07.11 13:12

У аналітычнай справаздачы амерыканскага Інстытуту вывучэння вайны (ISW) сказана, што рэакцыя Крамля і расейскіх правайсковых блогераў на першы дзень саміту NATO была адносна стрыманай.

«Прадстаўнік Крамля Дзмітрый Пяскоў чакана змрочна ацаніў першы дзень саміту NATO, паскардзіўся, што саміт носіць «яскрава выяўлены, канцэнтравана антырасейскі характар», – гаворыцца ў справаздачы.

Як адзначаюць аналітыкі, Пяскоў паўтарыў шаблонную рыторыку, што далейшая дапамога Захаду Украіне і абяцанае будучае чалецтва Украіны ў NATO прывядуць да сур’ёзных наступстваў.

Таксама прарасейскія блогеры выказалі незадаволенасць з нагоды новых паставак зброі ва Украіну, але не выказалі ніякай сурʼёзнай рэакцыі (на момант публікацыі справаздачы ISW). Яны, відаць, чакаюць падзеяў другога дня саміту, калі прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі сустрэнецца з прэзідэнтам ЗША Джо Байдэнам і генеральным сакратаром NATO Енсам Стольтэнбэргам 12 ліпеня, мяркуюць аналітыкі ISW.

Таксама ў справаздачы Інстытуту вывучэння вайны паведамляецца, што міністр абароны РФ Сяргей Шайгу на фоне саміту NATO паспрабаваў прадставіць украінскі контрнаступ як няўдалую аперацыю. 11 ліпеня ён распавёў расейскім журналістам пра страты ў контрнаступе Украіны, ігнаруючы ўказанні Крамля не прымяншаць вынікаў наступу і не перабольшваць расейскіх поспехаў, перадаюць аналітыкі ISW.

Уваход Швецыі і Украіны ў NATO

10 ліпеня генеральны сакратар Альянсу Енс Стольтэнбэрг заявіў пра згоду Турцыі як мага хутчэй перадаць пратакол аб прыёме Швецыі ў NATO на ратыфікацыю. У адказ на гэта ў Дзярждуме заявілі, што магчымы ўваход Швецыі ў Альянс будзе азначаць вымушанае змяненне вайсковай стратэгіі для Расеі. РФ давядзецца прыняць дадатковыя абарончыя захады пасля таго, як Швецыя страціць свой нейтральны статус.

«Нашая рэакцыя на ўваход Швецыі ў NATO зразумелая. У пэўнай ступені гэта прымусіць нас улічваць новы чыннік у сваёй вайсковай стратэгіі. Нам давядзецца размясціць свае ракеты супраць гэтай краіны, свае войскі. Калі раней гэтая краіна займала нейтральныя пазіцыі, то цяпер – не», – сказаў дэпутат Дзярждумы Аляксей Чэпа.

Ён папярэдзіў, што Расеі для абароны сваіх тэрыторыяў давядзецца прыняць дадатковыя абарончыя захады.

Дзмітрый Пяскоў заявіў, што ўваход Швецыі ў NATO будзе «негатыўным адназначна». Ён указаў, што Расея ў адказ выканае «захады, аналагічныя з тымі, што праектуюцца і плануюцца ў кантэксце ўжо адбытага ўваходу Фінляндыі».

Таксама ў Крамлі адрэагавалі на словы Байдэна пра негатовасць Украіны ўвайсці ў NATO: раней прэзідэнт ЗША заявіў, што абмяркоўваць прыняцце Украіны ў NATO можна будзе толькі па заканчэнні вайны.

«Чалецтва Украіны ў NATO будзе мець вельмі негатыўныя наступствы для і так паўразбуранай архітэктуры бяспекі ў Еўропе і будзе абсалютнай небяспекай і пагрозай для нашай краіны, што запатрабуе ад нас дастаткова зразумелай і цвёрдай рэакцыі», – рэзюмаваў Пяскоў.

Напярэдадні саміту NATO Пяскоў заяўляў, што вядуцца «вельмі ажыўленыя дыскусіі», падчас якіх Кіеў спрабуе чыніць ціск на ўсіх удзельнікаў рознымі спосабамі для таго, каб як мага больш краінаў праявілі салідарнасць у пытанні ўваходу Украіны ў Альянс.

Hавiны
Ціханоўская: Важна, каб краіны NATO аддзялялі беларусаў ад рэжыму
2023.07.12 13:09

Уладзімір Зяленскі ў Вільні падчас саміту NATO сустрэўся з прадстаўнікамі Нямеччыны, Вялікай Брытаніі, з генеральным сакратаром Альянсу. Прэзідэнт распавёў, што падчас сустрэчаў размаўлялі пра бяспеку і дапамогу, вялося пра тое, што Украіна ёсць і будзе донарам бяспекі.

«Вынікі саміту добрыя, але я б сказаў ідэальныя, калі б было запрашэнне Украіне», – заявіў Зяленскі.

Украінскі прэзідэнт таксама дадаў, што Украіне яшчэ шмат што трэба зрабіць на шляху да ўваходу ў NATO, краіна працягвае рэформы на шляху да інтэграцыі ў ЕЗ.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў