Сяргей Бульба пра саміт NATO: «Нас разглядаюць хутчэй як пагрозу, чым як хаўрусніка»


У Вільні адбыўся саміт NATO. На ім чарговы раз узнялі пытанні Украіны і Беларусі. Якія галоўныя вынікі гэтага мерапрыемства для нашай краіны, чаму Украіну афіцыйна не запрасілі ў Альянс і чаго чакаць у бліжэйшай будучыні, у жывым эфіры «Белсат» распавёў стваральнік «Белага легіёну», суаўтар праграмы «Нацыянальная бяспека» на нашым канале Сяргей Бульба.

Цалкам размову глядзіце ў нашым відэа:

«Усе разумныя людзі разумелі, што NATO не хоча купляць сабе квіточак на вайну. То бок усіх задавальняе такая сітуацыя, калі Украіна зараз фактычна з’яўляецца фарпостам Еўропы. На жаль, як гэта не цынічна гаварыць, але ж ніхто, самі разумееце, ніхто асабліва не прагне вайны. Таму, натуральна, усе спрабуюць знайсці нейкі метад, нейкі варыянт, нейкі алгарытм, каб усё ж аддаліць гэтыя падзеі, якія магчымыя, ад сябе падалей», – кажа суразмоўца.

Сяргей Бульба лічыць, што цяпер ёсць два алгарытмы развіцця падзеяў: калі рашэнні прымаюцца калегіяльна (пры тым, што ў NATO ёсць свой статут, паводле якога яны дзейнічаюць), і акурат такім чынам было вырашанае пытанне ўступлення Украіны ў Альянс, другі варыянт – рашэнне прымаецца адной асобай, якая дае згоду на гэтае ўступленне, і ўвесь Альянс мусіць увязацца ў вайну, што, натуральна, выглядае меней лагічным.

Ёнс Стольтэнбэрг падчас прэсавай канферэнцыі на саміце NATO у Вільні.
Фота: Белсат

Што датычыць асаблівых гарантыяў, якія былі абяцаныя Украіне на гэтым саміце, то, паводле эксперта, на сёння ўжо была запушчаная камісія па кансультацыях.

«Плюс да гэтага, разумееце, Украіна ўліваецца ва ўвесь натаўскі кантэкст, то бок яны ўжо не робяцца старонняй краінай, якая… Быццам бы там ёсць нейкая праблема, якую мы мусім разгледзець. Яны робяцца ўжо суб’ектам. Фактычна яны ўжо – частка NATO».

Па словах Сяргея Бульбы, гэта можна лічыць крокам наперад.

У дакладах таксама гучала і тэма Беларусі. У негатыўным кантэксце. Хаця дэлегацыя дэмакратычных сілаў Беларусі была запрошаная на саміт у Вільні. Эксперт лічыць такую двухзначнасць не выпадковай, называючы яе шанцам, які нам пакідае Захад на будучыню, але разлічваць на тое, каб хутка стаць суб’ектам для NATO, пакуль не прыходзіцца:

«Яны ўзгадвалі такі трывожны сігнальчык, як інтэграцыя беларускай арміі з расейскай… То бок нас разглядаюць хутчэй як пагрозу, чым як хаўрусніка».

Сустрэча Святланы Ціханоўскай з замежнымі палітыкамі падчас саміту NATO у Вільні 11 ліпеня.
Фота: Белсат

Эксперт лічыць, што ў бліжэйшай будучыні нам неабходна атрымаць ад міжнароднай супольнасці такую ж гарантыю непрызнання акупацыі і паглынання Савецкім Саюзам (а ў нашым выпадку – Расеяй), якую атрымала Прыбалтыка перад Другой Сусветнай вайной.

Узгадвае Сяргей Бульба і пытанне разыходжання беларускай дыяспары і беларусаў унутры краіны:

«Я часта вяртаюся да пытання, што ў нас зараз сфармавалася дзве паралельныя рэчаіснасці, якія ўсё менш перасякаюцца. Вось у гэтым сур’ёзная праблема. І мы робімся чужымі. І гэта самае небяспечнае. А нам наадварот, каб адбіцца ад Масквы, як раз вось трэба інтэгравацца».

Марыя Голдстэйн belsat.eu

Стужка навінаў