У Іўі слоік з вадой стаў прычынай пажару ў кватэры


У Іўі сонечныя прамяні і слоік з вадой сталі прычынай пажару ў жылым памяшканні. Аб гэтым паведамляе Гарадзенскае абласное ўпраўленне МНС.

Слоік з вадой спрацаваў як лінза, і сонечныя прамяні змаглі запаліць паперы на балконе ў Іўі.
Фота: МНС / grodno.mchs.gov.by

Здарэнне адбылося 11 красавіка. Каля 11-й гадзіны ратавальнікам стала вядома, што на вуліцы Маладзёжнай у райцэнтры гарыць балкон на пятым паверсе шматкватэрнага жылога дому. Калі прыехалі пажарнікі, балкон гарэў адкрытым полымем. У кватэры нікога не было, аб здарэнні паведамілі суседзі. Пажар зліквідавалі.

Агонь пашкодзіў аздабленне на балконе, закурыў столь, сцены, маёмасць у кватэры. Людзі не пацярпелі.

Паводле МНС, верагоднай прычынай пажару стаў шкляны слоік з вадой, які стаяў на балконе. Ён спрацаваў як лінза, сфакусаваў сонечныя прамяні на паперы, якая пасля загарэлася.

Ратавальнікі адзначаюць, што шкло і сонца даволі часта становяцца прычынамі пажараў не толькі на балконах, але і ў лясных масівах. Больш за тое, лінзай можа стаць любы слоік і аскепак шкла і нават пластыкавая бутэлька з вадой.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў