У ЕЗ пракаментавалі звесткі пра просьбу Кіева не ўводзіць новых санкцыяў супраць Менску


Афіцыйны прадстаўнік замежнапалітычнай службы Еўразвязу Пэтэр Стана адказаў журналістам на пытанне, ці сапраўды дзякуючы Украіне Беларусь не ўлучылі ў новыя санкцыйныя пакеты разам з Расеяй. Дыпламат не пацвердзіў гэтай інфармацыі, але і не зняпраўдзіў, заўважыўшы, што абмеркаванне рэстрыкцыяў – канфідэнцыйнае пытанне.

Афіцыйны прадстаўнік замежнапалітычнай службы Еўразвязу Пэтэр Стана падчас брыфінгу. 12 студзеня 2023 года.
Фота: Еўракамісія / commission.europa.eu

Сёння брусельскі карэспандэнт радыё «Свабода» Рыкард Юзьвяк у сваім Twitter напісаў, што Беларусь не трапіла ў апошнія санкцыйныя пакеты ЕЗ супраць Расеі дзякуючы просьбе Украіны.

Гэтую публікацыю на брыфінгу пракаментаваў афіцыйны прадстаўнік замежнапалітычнай службы Еўразвязу Пэтэр Стана.

Ён заявіў, што ўсё ў гэтым пытанні залежыць ад краінаў – сябраў ЕЗ: як дамовяцца, гэтак і будзе.

«Абмеркаванні, працэс узгаднення захадаў, тое, каго ўлучыць, якія будуць маштабы санкцыяў, – гэта канфідэнцыйна. Гэта адбываецца паміж краінамі-чальцамі падчас канфідэнцыйных дыскусіяў. Такім чынам, мы не абмяркоўваем публічна дэталяў гэтых абмеркаванняў, а таксама прычынаў, з якіх нешта ці нехта не трапляе ў санкцыйны пакет», – сказаў Пэтэр Стана.

Ён адзначыў, што санкцыі ўвесь час абмяркоўваюцца, і плануюцца новыя абмежавальныя захады.

«Мы будзем працягваць адказваць санкцыямі, пакуль Расея працягвае эскалацыю. І мы працягнем уводзіць санкцыі супраць тых, хто дапамагае і падтрымвае гэтыя незаконныя паводзіны Расеі», – паабяцаў спікер замежнапалітычнай службы ЕЗ.

Пэтэр Стана даў зразумець, што новыя рэстрыкцыі могуць закрануць Беларусь і Іран.

«Але зноў жа, усе дэталі падлягаюць канфідэнцыйнасці, і калі дзяржавы – чальцы ЕЗ пагодзяцца з тым, што надышоў час увесці санкцыі супраць большай колькасці фізічных асобаў або арганізацыяў з Беларусі за іх удзел або за іх падтрыманне гэтага незаконнага кровапраліцця, якое зладзіў Пуцін на тэрыторыі Украіны, тады дзяржавы-чальцы прымуць адпаведныя захады», – падсумаваў прадстаўнік ЕЗ.

Раней, 10 студзеня, старшыня Еўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен заявіла, што ЕЗ увядзе супраць Беларусі новыя санкцыі за падтрыманне расейскага ўварвання ва Украіну.

«Мы будзем працягваць ціснуць на Крэмль столькі часу, колькі спатрэбіцца, з жорсткім рэжымам санкцыяў. Мы распаўсюдзім гэтыя санкцыі на тых, хто падтрымлівае вайну Расеі: Беларусь ды Іран», – сказала дэр Ляен на прэс-канферэнцыі.

Апошні на сёння пакет рэстрыкцыяў супраць Масквы, які стаў ужо дзявятым, Еўразвяз ухваліў у снежні.

Абноўлена
Беларусь пазбегла новых санкцыяў ЕЗ – магчыма, дзякуючы Украіне
2023.01.12 13:27

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў