Еўразвяз узгадніў дзявяты пакет санкцый супраць Расеі


Урады краін Еўрапейскага Звязу 15 снежня ўзгадніла дзявяты пакет санкцый супраць Расеі за ўварванне ва Украіну. Аб гэтым, спасылаючыся на крыніцы сярод дыпламатаў, паведамляе «Reuters». Аб узгадненні новых санкцый таксама напісаў у Twitter рэдактар радыё «Свабода» па пытаннях Еўропы Рыкард Юзьвяк.

«Белы дым: дзявяты пакет санкцый ЕЗ супраць Расеі ўзгоднены! Пісьмовая працэдура – да поўдня заўтрашняга дня», – адзначыў Юзьвяк.

Паводле яго інфармацыі, у пакеце пакінулі паслабленне санкцый, супраць якога выступалі Польшча і краіны Балтыі, але прапісалі яго такім чынам, што кожная дзяржава – член ЕЗ будзе самастойна прымаць рашэнне, улічваючы інтарэсы сваёй нацыянальнай бяспекі.

Раней паведамлялася, што новы пакет санкцый будзе ўключаць абмежаванні на інвестыцыі ў расейскую здабываючую прамысловасць, а таксама шэраг новых абмежаванняў у дачыненні да кампаній і фізічных асоб. Таксама новыя санкцыі павінны уключаць у сябе экспартны кантроль ключавых хімічных рэчываў, нервова-паралітычных рэчываў, электронікі і кампанентаў ІТ, якія могуць выкарыстоўвацца расейскімі вайскоўцамі. ЕЗ таксама мае намер дабівацца забароны на экспарт рухавікоў для беспілотнікаў у Расею.

Таксама ў новым пакеце прадугледзелі забарону на шэраг прапагандысцкіх каналаў: актываў ВДТРК, «Нацыянальнай медыягрупы», дзяржаўнай тэлекампаніі АНО «ТВ-Новости» і Фонду стратэгічнай культуры. У тэлеканалаў «НТВ Мир», «Россия 1» і РЕН ТБ могуць адабраць ліцэнзіі на вяшчанне ў ЕЗ. А таксама адключэнне ад сістэмы SWIFT дадатковых расейскіх банкаў.

Акрамя гэтага ў санкцыйны спіс, прадстаўлены Еўрапейскай камісіяй 7 снежня, прапаноўвалася дадаць каля 200 фізічных асоб і кампаній, сярод якіх вайскоўцы, прадстаўнікі абарончай прамысловасці, чальцы Дзярждумы і Рады Федэрацыі, міністры, губернатары і палітыкі.

12 снежня міністры замежных спраў краін ЕЗ абмяркоўвалі гэты пакет санкцый, але не змаглі ўзгадніць яго. Кіраўнік еўрапейскай дыпламатыі Жузэп Бурэль выказваў меркаванне, што рашэнне ўдасца прыняць на працягу тыдня.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў