«У маім класе было 15 вучняў, цяпер – 41». Як змянілася Віленская гімназія Скарыны пасля 2020-га


Настаўніца Алена Базюк
Алена Базюк, настаўніца беларускай мовы Гімназіі імя Францішка Скарыны ў Вільні, падчас I-га Міжнароднага дня беларускай адукацыі ў Беластоку. 3 чэрвеня 2023 года.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

Пасля 2020-га года ў гімназіі Францыска Скарыны ў Вільні колькасць вучняў павялічылася ў два разы. Дзяцей у адзіную беларускамоўную школу ў Літве аддаюць не толькі беларусы, якія пераехалі сюды пасля пратэстаў, але і замежнікі, не звязаныя з нашай краінай. Настаўніца беларускай мовы скарынаўскай гімназіі Алена Базюк па просьбе «Белсату» распавядае пра прычыны папулярнасці ўстановы і дае парады беларускім мігрантам, якія шукаюць месца навучання для сваіх дзяцей.

– Як выглядае сёння вучоба ў гімназіі Францыска Скарыны?

– Мы з’яўляемся дзяржаўнай школай Літоўскай Рэспублікі з беларускай мовай навучання. Выкладанне з першай да дванаццатай класы вядзецца па-беларуску. Малодшыя класы вучацца выключна на беларускай, пачынаючы з пятае класы дзейнічае дзвюхмоўе – каб вучні добра здалі іспыты, атрымалі атэстаты і пайшлі ў жыццё. Па-літоўску выкладаецца этыка, маляванне, асновы грамадзянскага выхавання, фізіка і фізкультура.

Расейская і ангельская вывучаюцца як замежныя. З гэтага года з’явіўся настаўнік французскай.

– У вашае школе вучыцца мноства замежнікаў. Што прыводзіць у беларускую гімназію людзей, не звязаных з Беларуссю?

– У нас вучацца дзеці розных нацыянальнасцяў. Іх прыцягвае рэйтынг: некалькі гадоў таму мы занялі першае месца ў Літве паводле індэксу навучання.

Неяк вучыліся двое хлопчыкаў, мама якіх была полькай, а тата цемнаскуры. Ім вельмі падабалася, яны вучылі беларускія песні, вершы. Было цікава слухаць, як гэтыя хлопчыкі-мулаты дэкламуюць радкі «Чуб ільняны светла-русы, мама з татам беларусы…».

На сёння ў нас вучацца двое чачэнцаў, вельмі шмат дзяцей з беларуска-літоўскіх сем’яў, якія хочуць, каб дзеці ведалі свае традыцыі.

Беларусы, якія прыехалі пасля 2020-га, хочуць, каб дзеці не забываліся на мову – «каб ня ўмёрлі».

– Як на школу паўплываў 2020-ы год?

– Вучняў стала амаль у два разы болей. На пачатку гэтага навучальнага году ў нас быў 381 вучань, цяпер стала крыху больш. Нягледзячы на тое, што мы дабудавалі новы будынак з вялікай спартыўнай залай з мноствам прыгожых, добра абсталяваных класных пакояў, яны ўсе цалкам запоўненыя. Да 2020-га года ў маім класе было 15 вучняў, цяпер – 41, гэта ўжо два класы.

– У мінулыя гады школу падтрымлівалі беларускія ўлады. Гэтак, адну сцяну ў вашай школе фарбавалі на грошы з бюджэту Еўразвязу, другую – з бюджэту менскай мэрыі. Ці пасля 2020-га Менск працягвае вам дапамагаць?

– Не, безумоўна. Самі ведаеце сітуацыю.

– Што вы можаце параіць бацькам, якія пераязджаюць за мяжу і стаяць перад выбарам: аддаць дзіця ў мясцовую школу для хутчэйшай сацыялізацыі або ў школу, дзе можна вучыцца па-беларуску?

Захоўваючы сваю мову, можна вывучыць іншыя. Таму лічу, што першае навучанне павіннае быць на роднай мове. Інакш і жыць немагчыма.

  • Алена Базюк прадстаўляла Віленскую гімназію імя Францыска Скарыны падчас I-га Міжнароднага дня беларускай адукацыі ў Беластоку трэцяга чэрвеня, у межах якога ўніверсітэцкія і школьныя выкладчыкі дзяліліся досведам у навучанні дзяцей беларускай дыяспары і беларускай нацыянальнай меншасці.
Інтэрв’ю
«Жывуць тут пяць гадоў, але не маглі праспрагаць дзеяслова». Мовазнаўца дае парады для вывучэння моваў у эміграцыі
2023.06.06 07:38

Размаўляў Ян Лісіцкі belsat.eu

Стужка навінаў