«Жывуць тут пяць гадоў, але не маглі праспрагаць дзеяслова». Мовазнаўца дае парады для вывучэння моваў у эміграцыі


Пра тое, як вучыць у эміграцыі замежную, а як айчынную мову, «Белсату» распавядае прафесар Гданьскага ўніверсітэту Анэта Левіньска, якая даследуе вывучэнне польскай мовы замежнікамі ў Польшчы і дзецьмі палякаў за мяжою.

Прафесар Анэта Левіньска падчас удзелу ў I Міжнародным дні беларускай адукацыі ў Беластоку. 3 чэрвеня 2023 года.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

– Як даць рады малым беларусам, якія вымушаныя пакінуць радзіму, пайсці ў школу з чужою для сябе моваю навучання, дзе дадаткова трэба вучыць яшчэ дзве замежныя мовы?

– Двух- і шматмоўе не шкодзіць дзіцяці, не блакуе ягонага развіцця, а, наадварот, нясе шмат чаго карыснага, гэта безумоўная каштоўнасць. Але ёсць другі бок медаля: абмежаваныя магчымасці ў іх вывучэнні, перадусім часовыя.

Каб спраўна вывучыць мову, дастаткова пяць гадзінаў на тыдзень. У такім выпадку паўстае пытанне: колькі гэтага часу ёсць?

– Дзецям і бацькам трэба аднолькавая колькасць часу для вывучэння мовы?

– Сёння мовазнаўцы адрозніваюць два ўзроўні – разумення і стварэння ў нейкай мове.

Цяпер у Польшчы жыве мноства ўкраінцаў, якія ўцяклі ад вайны. За больш як год жыцця тут яны разумеюць польскую на ўзроўні B2, але размаўляюць і пішуць на A1. Гэтак часта здараецца з блізкімі мовамі: з аднаго боку, ёсць фальшывае адчуванне, што авалодаў моваю, з другога – не можаш быць на ёй дастаткова прадуктыўны. Паўстае дысананс. У выніку гэта можа дэматываваць, прыводзіць да блакады ў вывучэнні мовы.

Падчас іспытаў па польскай мове для дарослых для атрымання дзяржаўнага сертыфікату я шмат  разоў мела дачыненне з украінцамі, моцна расчараваных сваім вынікам. Яны казалі, што жывуць тут ужо пяць гадоў і былі ўпэўненыя, што ведаюць мову, але не маглі напісаць тэксту або паспрагаць дзеяслова без памылак.

Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

Тое сама адбываецца ў школах, дзе вучацца дзеці, якія ўцяклі ад вайны. Яны ходзяць на заняткі больш за год, але ўсцяж не дасягаюць пажаданага ўзроўню. Пасля вакацыяў яны размаўляюць яшчэ горш, робяць шмат памылак, у выніку расчароўваюцца маруднасцю працэсу і наагул перастаюць хадзіць у школу.

Пры вывучэнні блізкіх моваў ёсць мноства такіх небяспечных момантаў.

– Ці ёсць нейкія парады сем’ям беларускіх эмігрантаў, якія размаўляюць удома па-расейску, але хочуць, каб дзіця за мяжою вывучала беларускую?

– Калі бацькі не размаўляюць па-беларуску, але хочуць, каб за мяжою дзіця вучыла беларускую, поспех будзе залежаць ад матывацыі: калі ёсць эмацыйны складнік, калі дзіця хоча будаваць сваю ідэнтычнасць і прыкладаць высілкі, яно ў стане вывучыць мову. Тым больш гаворка пра вельмі блізкія мовы, якія мы разумеем без вывучэння. Спецыялісты называюць гэтую з’яву інтэрразуменнем. Мы ў стане вучыць адначасова польскую, беларускую, украінскую і расейскую мовы, пераход паміж імі не складаны.

Калі дзіця беларусаў, якія наагул не размаўляюць па-беларуску, пачне хадзіць у выходныя ў беларускамоўную школу, то хутка пачне разумець беларускую. Калі ён усвядоміць, што ўсё разумее, то будзе цешыцца з гэтага пачуцця – і гэта стане імпульсам да далейшага вывучэння мовы.

У выпадку натыўнага двухмоўя, калі бацькі звяртаюцца да дзіцяці на розных мовах, яно без высілку засвойвае іх абедзве. Калі адзін з бацькоў будзе паслядоўна размаўляць з дзіцём па-беларуску, дзіця натуральным чынам стане двухмоўным без аніякай шкоды.

– Вы рыхтуеце настаўнікаў, якія вучаць мове дзяцей польскіх мігрантаў. Якія парады ў арганізацыі беларускамоўных школаў вы маглі б даць беларускай дыяспары?

– Добрай ідэяй для беларускіх суботніх школаў магла б стацца навука праз забаву. Мы часта назіралі гэта ў паланійных школах далёка ад Польшчы. Напрыклад, у Іспаніі або Італіі, дзе ў дзяцей было вельмі мала кантактаў з жывою польскаю моваю. Там у працэс вывучэння мовы ўцягваецца ўся сям’я. Калі разам з дзіцём беларускую пачнуць вывучаць таксама бацькі, гэта прынясе лепшы эфект. Гэта павінныя быць не школы, а, хутчэй, сямейныя асяродкі навучання на практыцы.

Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

Каб зрабіць заняткі больш прывабнымі, у цёплы сезон іх можна ладзіць на дварэ, дадаць да працэсу адукацыі аўдыякнігі, праводзіць розныя конкурсы. Напрыклад, напісаць ліст герою кнігі.

– Што можа зрабіць дыяспара, якая аказалася не ў Польшчы, дзе шмат суайчыннікаў, а ў якой-небудзь далёкай, не такой папулярнай сярод беларусаў краіне?

– У Іспаніі польская дыяспара маленькая, настаўніка знайсці складана – і мясцовыя палякі карыстаюцца дапамогаю польскіх студэнтаў, якія прыязджаюць у Іспанію на паўгода або год у межах праграмы «Эразмус». Яны з панядзелка да пятніцы вучацца, а ў суботу выкладаюць у суботняй школе – для іх гэта прыгода. Таксама суботнія школы звяртаюцца да польскіх студэнтаў у Польшчы. Яны раз на тыдзень праводзяць гадзінныя заняткі па польскай онлайн – напрыклад, з Гданьску. Гэта прываблівае дзяцей, бо замест класічнай настаўніцы з імі займаецца юнак або дзяўчына.

Я мела прыемнасць вучыць шмат каго тых, хто адкрываў паланійныя школы. Усіх іх лучыць тое, што іхная дзейнасць – у краінах з вялікай або маленькай дыяспарай – абапіраецца на запале адной або некалькіх асобаў, якія адкрываюць гэтую школу на самым пачатку і прысвячаюць свой час ды энергію.

Апроч запалу, у гэтых асобаў працуе механізм выканання місіі. Мігрантам часта даводзіцца адмовіцца ад сваіх амбіцыяў і выконваць за мяжою працу ніжэйшую за іхныя кампетэнцыі. І праца ў суботніх школах, звычайна без аплаты (наадварот, часта на яе прыходзіцца выдаткоўваць свае грошы) дае гэтым людзям пачуццё прафесійнай рэалізацыі, магчымасць адчуць сябе трошкі як у мінулым жыцці. Гэта не датычыць толькі былых настаўнікаў: вучыць могуць прадстаўнікі розных прафесіяў. Для развязання побытавых пытанняў – пошук і арэнда памяшкання пад школу – патрэбныя арганізацыйныя, а не педагагічныя здольнасці, і нехта павінен гэтым заняцца.

  • Прафесар Анэта Левіньска была ўдзельніцаю Міжнароднага дня беларускай адукацыі ў Беластоку 3 чэрвеня. На канферэнцыі, прысвечанай спосабам наладжвання адукацыі для дзяцей нацыянальнай меншасці і дыяспары, даследчыца выступіла з дакладам пра сацыялізацыйную і культураўтваральную ролі мовы.

Ян Лісіцкі belsat.eu

Стужка навінаў