У ЗСУ патлумачылі, чаму Расея здолела нарасціць інтэнсіўнасць ракетных абстрэлаў


Спікер Паветраных сілаў ЗСУ Юры Ігнат заявіў у інтэрвю «Украінскай праўдзе», што Расея знайшла магчымасць абыходзіць санкцыі і таму вясной 2023 году павялічыла вытворчасць ракетаў.

Паводле Ігната, у Расеі былі абмежаваныя запасы высокадакладных дальнабойных ракетаў Х-101, «Іскандэр-М», «Іскандэр-К», «Калібр» і «Кінжал». Падчас атакаў на крытычную інфраструктуру Украіны ў канцы 2022 году гэтыя запасы ў значнай ступені былі вычарпаны. Таму ў першыя месяцы 2023 году расейцы былі вымушаны зрабіць паўзу ў абстрэлах.

Аднак вясной Расея нарасціла вытворчасць ракетаў, бо знайшла магчымасць набываць камплектуючыя ў абыход заходніх санкцыяў. У выніку ў траўні інтэнсіўнасць ракетных удараў значна вырасла.

«Відавочна, Расея знайшла магчымасць абыходзіць санкцыі за кошт асобных краін, якія супрацоўнічаюць з ёй, і атрымлівае тэхналагічныя рэчы, якія сама вырабляць не можа: платы, чыпы, паўправаднікі. Гэта тое, без чаго ракета не паляціць.

Таму спадзяюся, што Расею даціснуць санкцыяміКалі санкцыі будуць дзейнічаць комплексна і будуць кантралявацца, то можна будзе Расею паставіць на месца», – падкрэсліў ён.

Ігнат патлумачыў, што стварэнне ракетаў у любым выпадку працэс не хуткі, нават калі ёсць камплектуючыя. Аднак ад канкрэтных ацэнак тэмпаў расейскай вытворчасці ён устрымаўся.

Паводле Ігнату, павялічваючы інтэнсіўнасць абстрэлаў Кіева, Расея пераследую ў першую чаргу прапагандысцкія мэты. Крэмль не можа дасягнуць поспехаў на фронце, таму ім трэба нешта прадэманстраваць свайму насельніцтву ўзамен:

«Ім трэба, каб у Кіеве нешта гарэла, нешта палала. Асабліва іх цікавіць «Патрыёт», які прыйшоў ва Украіну і паказаў сваю эфектыўнасць. Ім трэба паказаць перамогу расейскай зброі над амерыканскай».

Аналітыка
Расея рэзка ўзмацніла паветраны тэрор супраць Украіны. Тлумачым, што адбываецца
2023.06.02 18:09

Нагадаем, у траўні значна павялічылася інтэнсіўнасць расейскіх удараў па тэрыторыі Украіны з выкарыстаннем ракетаў і дронаў-камікадзэ: у параўнанні з красавіком Расея выкарыстала ў пяць разоў больш ударных дронаў і ў 8,5 разоў больш ракетаў. Паветраны тэрор вялікай інтэнсіўнасці працягнуўся і ў чэрвені.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў